Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пазбаўляюцца ад настаўніцы-“апазыцыянэркі”


Настаўніца Талькаўскай школы Пухавіцкага раёну Натальля Ільініч і яшчэ пяць настаўнікаў са школаў Менскай вобласьці, якія зьяўляюцца сябрамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партый, у кабінэце кіраўніцы ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму атрымалі ўльтыматум: праца або сяброўства ў партыі. Натальля не пагадзілася спыніць сяброўства ў партыі БНФ.


Калі настаўнік фізкультуры Алесь Язьвінскі зь Нясьвіжу пасьля размовы ў аблвыканкаме не адчуў на сабе ніякага ціску з боку адміністрацыі, то ў Талькаўскай школе Натальлі Ільініч прапанавалі падаць заяву аб звальненьні. Настаўніца гісторыі паведаміла, што гэта адбылося пасьля таго, як яна адмовілася паказаць заяву аб выхадзе з партыі БНФ.

Менавіта 18 студзеня яна, згодна з загадам сп.Данілевіч, павінна была вызначыцца — працаваць у школе ці застацца сябрам партыі. Пасьля адмовы яе пакаралі строгай вымовай. Падставай стала тое, што настаўніца не праверыла ў сваёй клясе дзёньнікі вучняў. Тое, што яна была выклікана ў той дзень у Менск, дырэктарка не палічыла за паважную прычыну.

Натальля Ільініч лічыць, што ад строгай вымовы пачалася працэдура яе звальненьня. Доказам гэтага яна лічыць забарону праводзіць адкрыты мэтадычны ўрок. Настаўніцы паведамілі, што ўрок, на які зьяжджаюцца настаўнікі з усяго Пухавіцкага раёну, адмяняецца з-за штармавога папярэджаньня. Тым часам у суседнім Рудзенску аналягічны ўрок быў дазволены.

“Я думаю, што гэта зроблена дзеля таго, каб паказаць, што я дрэнная настаўніца і нічога зь сябе не ўяўляю. Але ж мы хацелі паказаць майстар-кляс па танцах, па гульнях народных, абрадах. Экскурсаводы падрыхтавалі экскурсію ў нашым школьным музэі. Упершыню за 25 гадоў я магла прадэманстраваць калегам сваю краязнаўчую працу.
Яны хочуць звольніць мяне не з палітычных матываў, а з-за прафэсійнай непрыдатнасьці

Я давала раней адкрытыя ўрокі, а вось па краязнаўстве, тое, што менавіта маё, — мне не далі паказаць.

Яны хочуць звольніць мяне не з палітычных матываў, а з-за прафэсійнай непрыдатнасьці”.

Дырэктарка школы Данута Багдзевіч так пракамэнтавала сытуацыю “Свабодзе”:

“Я прашу вас ня ўмешвацца ў справы школы. Я камэнтароў ніякіх даваць ня буду. Ёсьць у нас пытаньні, ёсьць кіраўніцтва аддзела адукацыі, і курыраваць пытаньні будзе аддзел адукацыі”.

Кіраўніца РАНА Алена Шастакова таксама была нешматслоўная:

“Мы папросту перанесьлі мэтадычнае аб’яднаньне на больш позьні тэрмін. Адмянілі ў сувязі з тым, што вялікая раскіданасьць раёну. Вось вырашылі ў сьнягі і завіруху не праводзіць. Вясной сьнег сыдзе, і будзем рабіць. З палітычнымі матывамі гэта не зьвязана”.

Натальля Ільініч лічыць, што адміністрацыя школы атрымала загад зьверху пазбавіцца ад яе, як ад “апазыцыйнай” настаўніцы так, каб гэта не выглядала як палітычная расправа. Яна апавяла, што да яе дадому прыйшла маці аднаго вучня і спыталася, што за злачынства зрабіла настаўніца, калі з-за яе могуць зачыніць школу, а дзяцей перавядуць у суседнюю за 10 кілямэтраў. Натальля Ільініч лічыць, што такім чынам адміністрацыя задзейнічала нават бацькоў. Раней на сходзе настаўнікам казалі, што з-за Натальлі Ільініч працаваць спакойна не дадуць усяму калектыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG