Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сьвінога грыпу могуць прышчапіць усіх ахвотных


Як паведаміла галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, імунізацыя ажыцьцяўляецца расейскай вакцынай “Моногриппол плюс”. Кожны рэгіён самастойна прымаў рашэньне аб неабходнай колькасьці вакцыны.

Карабан запэўнівае, што вакцынацыю ўсіх ахвотных ад грыпу А (H1N1) плянуецца правесьці ў сьціслыя тэрміны. Дарослым і дзецям, старэйшым за шэсьць гадоў, вакцына ўводзіцца аднаразова ў выглядзе іньекцыі.

Імунітэт супраць захворваньня тыя, хто атрымаў прышчэпку, выпрацуюць праз 14—18 дзён пасьля вакцынацыі, нагадала спэцыяліст.

Цяпер захворвальнасьць на грып і вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі ў Беларусі знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні, паведаміла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.

Аднак Інэса Карабан не выключае, што ў бліжэйшыя тыдні захворваньне на ВРВІ і грып можа перавысіць эпідэмічны парог.

Раней Міністэрства аховы здароўя закупіла каля 1 мільёна дозаў вакцыны супраць сьвінога грыпу, каб вакцынаваць каля 500 тысячаў супрацоўнікаў так званых жыцьцёва важных службаў — мэдыкаў, камунальнікаў, працаўнікоў шэрагу падразьдзяленьняў МУС і МНС.

Паводле афіцыйных дадзеных Мінздраву, сьвіны грып у Беларусі ад пачатку пэрыяду эпідэміялягічных назіраньняў лябараторна пацьверджаны ў 165 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG