Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 лютага на Берасьцейшчыне ўшануюць памяць Тадэвуша Касьцюшкі


Сьвяточная імпрэза з удзелам замежных гасьцей пройдзе 4 лютага ў сядзібе-музэі Касьцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына недалёка ад Косава Івацэвіцкага раёна. Мясцовыя адзначаюць, што гэта дата стала днём своеасаблівага замірэньня ідэйных апанэнтаў.


На Берасьцейшчыне створаны аргкамітэт у падрыхтоўцы да сьвяткаваньня 264-х угодкаў Тадэвуша Касьцюшкі (1746-1817) – аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху канца XVIII стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, імя якога вядомае далёка за беларускімі межамі. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі дэмакратычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, сфэры культуры Берасьцейскай вобласьці.

Аргкамітэт ачоліў дэмакратычны актывіст з Кобрыну Аляксандар Мех. Па словах спадара Меха, ёсьць ідэя зрабіць у пэрспэктыве гэтае сьвята агульнанацыянальным, з запрашэньнем на яго вядомых літаратараў, гісторыкаў, сьпевакоў і бардаў, грамадзкіх дзеячаў. Гэтым разам на імпрэзу запрошаныя пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бард Зьміцер Бартосік, вядомыя палітыкі:

“Зараз я зьяўляюся старшынёй аркамітэту ў сьвяткаваньні дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі – нашага вялікага беларускага змагара за незалежнасьць і за свабоду людзей. Уласна ўрачыстасьці адбудуцца 4 лютага ў Косаве. Запрашаем туды ўсіх кіраўнікоў палітычных партыяў. Таксама туды заўсёды прыяжджаюць дыпляматы амбасады Злучаных Штатаў, амбасадары Францыі і Польшчы”.

Грамадзкі актывіст з Івацэвічаў Павал Дайлід перакананы: у выпадку з Тадэвушам Касьцюшкам няма патрэбы чакаць круглай даты, каб аддаць даніну памяці земляку. Бо гэта штогадовая нагода прыгадаць: асобы такога маштабу зьяўляюцца ў гісторыі ня так часта. А іхняя самаахвярная дзейнасьць мусіць стаць узорам для змагароў цяперашняга пакаленьня:

“Чарговыя ўгодкі Тадэвуша Касьцюшкі, якія будуць адзначацца 4 лютага, надзвычай важная падзея перадусім для жыхароў Івацэвіцкага рэгіёну. Тадэвуш Касьцюшка ахрышчаны ў Косаўскім касьцёле, ён зямляк наш. Таму заўсёды тут зьбіраецца вельмі шмат людзей мясцовых, акрамя таго, што прыяжджаюць прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, дыпляматы, прадстаўнікі ад улады. Але заўсёды прыходзіць і шмат мясцовых людзей з Косава, Івацэвічаў. Таму ўшанаваньне Тадэвуша Касьцюшкі вельмі важна яшчэ і для таго, каб у людзей захоўвалася памяць пра нашага змагара за свабоду”.

Спадар Дайлід падкрэсьлівае, што гэтая дата стала своеасаблівым “днём замірэньня” ідэйных апанэнтаў. Цягам апошніх гадоў на падобных імпрэзах суседнічаюць як прадстаўнікі ўладнай вэртыкалі, так і лідэры апазыцыйных партый:

“Кожны год 4 лютага туды і кіраўнікі партый прыяжджаюць, нават ускладаюць у бел-чырвона-белых стужках вянкі. І нічога, усё нармальна, хоць звычайна абапал кадэбісты стаяць. Але нікога не чапаюць, бо там жа і дыпляматы, і ўлады. Усе разам. Прынамсі, апошнія тры гады было без нейкіх інцыдэнтаў. ”

Апроч таго, напачатку лютага адзначаюцца чарговыя ўгодкі паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На каталіцкіх могілках Косава захаваўся помнік паўстанцам, усталяваны ў 1928 годзе. Да гэтых знакавых падзеяў рэдакцыя гісторыка-краязнаўчага бюлетэню “Рэха Берасьцейшчыны” выдала памятныя буклеты, прысьвечаныя выбітным дзеячам Беларусі.

Даведка. Андрэ́й Тадэ́вуш Банавэнту́ра Касьцю́шка (4 лютага 1746 — 15 кастрычніка 1817), палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік вайны за незалежнасьць ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.

У 1765-м паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус, дзе спэцыялізаваўся па вайсковай інжынэрыі. Працягваў ваенную навуку ў Парыжы. На баку Францыі, адвечнага ворага Брытаніі, ваяваў з Ангельшчынай за незалежнасьць Амэрыканскіх штатаў. Пачынаючы з 1776 году, аддаў Амэрыцы дзевяць гадоў жыцьця: удзельнічаў ва ўсіх галоўных бітвах, распрацоўваў інжынэрнае забесьпячэньне наступаў і абароны. Атрымаў чын генэрала, стаў ганаровым грамадзянінам Амэрыканскіх штатаў.

Але, бадай, самая адметная старонка біяграфіі Тадэвуша Касьцюшкі прыпадае на паўстаньне ў Польшчы, Беларусі і Летуве ў 1794 годзе — узброены выступ супраць расейскай акупацыі і прускай інтэрвэнцыі, за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году і за ажыцьцяўленьне пастановаў Чатырохгадовага сойму.

XS
SM
MD
LG