Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляйма свае палацы


Палац «Краскі» ў Ваўкавыскім раёне, цяперашні стан
Палац «Краскі» ў Ваўкавыскім раёне, цяперашні стан

Пасьля шматлікіх спробаў на аўкцыёне ў Ваўкавыску прададзены палацава-паркавы комплекс “Краскі”. Яго набыў расейскі бізнэсовец за 307 мільёнаў рублёў. Рэканструкцыю ён абяцае пачаць ужо вясной.

Палацава-паркавы комплекс “Краскі” уяўляе сабой палац у нэагатычным стылі другой паловы ХІХ стагодзьдзя. Палац быў збудаваны родам Булгарыных яшчэ напачатку ХІХ стагодзьдзя, а ў другой палове стагодзьдзя, калі перайшоў у маёмасьць роду Сегянёў, быў перабудаваны.

На плошчы звыш сямі гектараў на беразе Зяльвянкі дагэтуль захаваўся зарослы парк з дзесяткам відаў дрэваў: стогадовыя сосны, елкі, клёны, ліпы.

Пасьля Другой сусьветнай вайны палац рэканструявалі пад дзіцячы санаторый, які знаходзіўся тут да пачатку 90-х гадоў. Пасьля таго, як утрымліваць санаторый стала стратна, палацава-паркавы комплекс быў перададзены на балянс Ваўкавыскага ліцейнага завода.

Завод меўся яго перабудаваць пад дзіцячы аздараўленчы лягер, але прадпрыемства ня мела сродкаў на рэканструкцыю будынка. З таго часу палац практычна застаўся без гаспадара.

У другой палове 90-х “Краскі” неаднойчы наведваў гарадзенскі гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Вось як ён узгадвае тагачасныя “Краскі”.

- Гэта была тыповая рэзыдэнцыя ХІХ ст. у стылі эклектыкі, але ўжо напрыканцы 90-х гадоў, як цяпер кажуць мінулага стагодзьдзя, яе стан не падтрымліваўся. Будынак знаходзіўся ў нездавальняючым стане, не ацяпляўся, а з 99-га года дакладна да моманту, як яго прадалі, не выкарыстоваўся, ды й ня меў гаспадара”.

Першапачаткова ваўкавыскія ўлады ацанілі палаца-паркавы комплекс больш за паўтары мільярды рублёў, але ахвочых купляць за такія грошы занядбаны палац не знайшлося.

І толькі зараз, пасьля таго як першапачатковы кошт быў зьніжаны аж 16 разоў палац набыў за 307 мільёнаў рублёў расейкі бізнэсовец Вадзім Селіхаў.

Згодна з умовамі аўкцыёна, на аднаўленьне палаца-паркавага комплексу новаму ўладальніку адводзіцца два гады. Працы ён плянуе пачаць ужо ўвесну.

Бізнэсовец заявіў мясцовым выданьням, што плянуе аднавіць ня толькі вонкавы выгляд палацу, а інтэр’ер аздобіць чырвоным дрэвам.

Гісторык Ігар Трусаў кажа, што задаволены тым, што палац урэшце адшукаў гаспадара.

- Я вельмі рады, што нехта з аўкцыёна гэты будынак набыў, што ўрэшце магчыма стане яго рэстаўрацыя. Будынак ХІХ стагодзьдзя ўсё ж не такі складаны, як будынак ХУІІІ ст., што ў Сьвяцку. Спадзяюся, што яго яшчэ можна будзе адрэстаўраваць і патраціць меней грошай чым на Сьвяцкі палац”.

Станоўча ўспрыняў навіну пра продаж краскаўскага палаца і Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў. Ён спадзяецца, што Краскі набудуць сапраўднага гаспадара. Сумным момантам, на яго думку, тут з'яўляецца хіба тое, што няма пакуль беларускіх прадпрымальнікаў, ахвочых укладаць грошы ў айчынныя помнікі. На пытаньне, ці ёсьць магчымасьць, што беларускія замкі і палацы могуць быць вернутыя нашчадкам Радзівілаў, Сапегаў ці Гальшанскіх Антон Астаповіч адказаў:

- Закона аб рэстытуцыі маёмасьці ў Беларусі няма. У сьпісе безгаспадарчых гістарычных сядзібаў, для якіх цяпер дзяржава шукае будучых інвэстараў, больш за 40 аб'ектаў. Набыць іх можна за сымбалічны кошт - за адну базавую велічыню. Чаму б гэта не зрабіць нашчадкам? Тым больш, што ў пляне, зацьверджаным Саветам міністраў ёсьць адпаведны пункт -- гэта пошукі кантактаў з нашчадкамі былых уладальнікаў.

А якія гістарычныя сядзібы ці палацы застаюцца на продаж? Антон Астаповіч назваў некаторыя са сьпісу: той жа Сьвяцк, Высокае, Радзівілімонты ці Падарост у тым жа Ваўкавыскім раёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG