Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскі хіт прасьпяваюць у сядзібе партыі БНФ


Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя дыску “Бардаўскі хрысьціянскі хіт”. Першапачаткова плянавалася, што імпрэза пройдзе ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены.

Напярэдадні прэзэнтацыі арганізатарам паведамілі, што ў касьцёл тэлефанавалі зь Менгарвыканкаму і запатрабавалі адмены імпрэзы. Адмова ў памяшканьні была тым больш не спадзяванай, што раней фэст хрысьціянскіх сьпеваў тут праходзіў без перашкодаў, кажа адна з арганізатарак Валерыя Чарнаморцава:

“Трэці дыск “Хрыстос нарадзіўся” з посьпехам быў прэзэнтаваны год таму. А цяперашнюю адмову можна хіба што патлумачыць тым, што хоць канцэрт і не палітычны, але арганізатарамі зьяўляемся мы, заснавальнікі партыі БХД, якую не зарэгістравалі другі раз”.

“Бардаўскі Хрысьціянскі гіт” – пяты дыск ў гэтай музычнай сэрыі. Раней ужо выйшлі дыскі “Беларускі хрысьціянскі гіт”, “Беларускі хрысьціянскі хіт-2”, “Хрыстос нарадзіўся”, "Хрыстос уваскрос". Чарговая музычная складанка таксама мае сваю адметнасьць, кажа Валерыя Чарнаморцава:

“Для хрысьціянаў будзе пэўным адкрыцьцём імёны многіх бардаў, якія не вядомыя ў хрысьціянскім сьвеце, але вядомыя сярод выканаўцаў бардаўскай песьні. Гэта песьні-развагі пра сэнс жыцьця і пошук Бога. Тут і Кася Камоцкая, і Алесь Камоцкі, і Эдуард Акулін, і Андрэй Плясанаў”.

Праект "Беларускі хрысьціянскі хіт” мае на мэце беларусізацыю хрысьціянскіх асяродкаў у Беларусі, а таксама папулярызацыю хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у беларускім грамадзтве. Аўтарам сэрыі зьяўляецца заснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец:

“Нават не чакаў, што праект “Беларускі хрысьціянскі хіт” акажацца такім пасьпяховым. Мы сабралі сотні беларускамоўных хрысьціянскіх хітоў розных канфэсій. Ужо разышліся тысячы асобнікаў, іх слухаюць па цэрквах, там, дзе беларуская мова ўвогуле не гучала. Менавіта нацыянальнае, духоўнае пры дапамозе сьпеваў перадаецца найхутчэй, найпрасьцей – гэта сапраўдны прарыў для цэркваў”.

Павал Севярынец паведаміў, што неўзабаве распачнецца праца над музычнай складанкай “Беларускі хрысьціянскі рок”, "Беларускі хіт пілігрыма” і “Беларускі літургічны сьпеў”.
XS
SM
MD
LG