Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мыльная бурбалка Тарнова


Падставы ехаць у вандроўку ў  Тарнова --> http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=53.792134,25.142555&spn=0.069765,0.181789&t=h&z=13&lci=com.panoramio.all былі важкія. Мінулым годам лідзкі вэртыкальны друк, з таго, што адбываецца ў раёне, кажуць, найбольш славіў посьпехі аднайменнага аграгарадка, які ўзьнік у вёсцы 2 гады таму. Ён, маўляў, цалкам зьмяніў да лепшага жыцьцё тарноўцаў. А яшчэ — у часы крызісу тут, нібы, поўнай хадой ідзе рэстаўрацыя сядзібнага комплексу 19 стагодзьдзя, унесенага ў дзяржаўны рэестар архітэктурных помнікаў. Як мінімум, захацелася пабачыць усё на свае вочы.

У Тарнова выправіўся разам з 27-гадовым сябрам Партыі БНФ Сяргеем Сідарэнкам — ён пэўны час там жыў. Адразу накіраваліся да двухпавярховага сьвежафарбаванага будынку школы — там працуе мясцовая краязнаўца Галіна Жукава. У чаканьні яе прыходу завуч Натальля Баяркіна словаў хвалы не шкадавала. Днямі ж для 160 вучняў адкрылася новая спартовая заля.

Баяркіна: «Забясьпечаныя кадрамі, матэрыяльнае забесьпячэньне добрае. Школе ў гэтым годзе 40 год. Выпускнікі — Хрысьціна Лялько, сьпявак Статкевіч, генэрал Смольскі. Па беларускай мове вучні 2 гады запар атрымліваюць 100 балаў на цэнтралізаваным тэставаньні…»

Але вось і памянёная Галіна Жукава. Карэнная мілавідная дзяўчына. 6 год настаўніцай беларускай мовы. Кажа, што ці не ўтрая больш часу зьбірае матэрыялы пра паркава-сядзібны комплекс. Пашэнціла сустрэцца са старажыламі, якіх ужо няма на гэтым сьвеце. З захапленьнем распавядае:

Галіна Жукава
Жукава: «Я зьбірала матэрыялы яшчэ ў школе, потым у каледжы, пасьля каледжа папаўняла. У сядзібу ўваходзіць сядзібны дом, стайня, лядоўня, ветраны млын. Трое было ўладальнікаў — памешчыкі Кехля, Маўрас і Тырна. Быццам ад яго прозьвішча вёска спачатку была Тырнава. Мне ўдалося пагаварыць са старажылам 90 год, які жыў у іх часы. Чамусьці ўзгадваюць Маўраса. У яго быў вялікі сабака, дачка яе вельмі любіла, і калі памерла, у гонар сабакі быў пабудаваны помнік у гэтым жа парку. Былі пасаджаныя элітныя дрэвы — дубы векавыя, граб. Зараз высечаныя. Я яшчэ чула ад старажылаў, што была яшчэ адна сядзіба для адпачынку. Граф на калясьніцы езьдзіў туды…»

Пытаюся, як ідзе рэстаўрацыя. Галя разводзіць рукамі — аказваецца, замест яе ў сядзібе будуецца 11 кватэр.

Жукава: «Тая арганізацыя, што рэстаўравала, ад’ехала. А зараз там будаўнікі працуюць. Абяцаюць да восені здаць, але грошай, кажуць, хутка ня стане і ўсё будзе замарожана. Там раней была бібліятэка, клюб, бухгальтэрыя — увесь цэнтар саўгаса, вясельлі спраўлялі. Вырашылі пасьля, што ў архітэктурным помніку ня могуць жыць людзі. І стаў прахадным дваром — пачалі выбіваць вокны, дзьверы, дошкі дзерці. Аварыйны стан быў. Падлога выбітая — ня ведаеш, куды ўпадзеш. Кватэры будуць „эўра“, вышыня пакояў — 3 мэтры. Мне, канечне, шкада што такое будзе — аднавілі не ў старажытным варыянце…»

Ідзем да сядзібы, што за некалькі соцень мэтраў. Яна пры канцы вуліцы і, здаецца, наплывам паступова запаўняе сабой усё. Хоць усё ў будаўнічых лясах, сьлядоў рэстаўрацыі, бадай, не назіраецца. Абвалы, трэшчыны ў кубічных вежах вытрыманага ў стылі мадэрн будынка. Гутарым з трактарыстам Валерыем Навагрудзкім — ён жыве непадалёк.


Навагрудзкі: «Маўрус, генэрал царскай арміі, быў пахаваны, дзе жыву — ад цара ўзнагароды меў. А пасьля вызваленьня 39 года — каму яно трэба было — нічога не засталося. Цэрквы, касьцёлы разрабаваныя, зьнішчаныя….»

Карэспандэнт: «Дык як вы думаеце, хто будзе жыць у гэтых палацах?»

Навагрудзкі: «А хто будзе, акрамя рабочых? Кіраўнікі катэджы пабудавалі. А тут жа трэба газ, ацяпленьне падключаць…»

Хата 63-гадовага Станіслава Мікянца менш як за сотню мэтраў ад сядзібы. Ён разграбаў сумёты ля яе.

Карэспандэнт: «А вы самі ўсяліліся б туды?»

Мікянец: «А навошта — дзе я курыцу пасаджу там? Якая моладзь, што гаспадаркі ня мае, хіба. А так — там няма дзе рыдлёўку паставіць…»

Карэспандэнт: «А як з аграгарадком — што зьмянілася?»

Мікянец: «Пішуць, што зьмянілася. А што? Былі бардзюры, тратуар. Усё разламалі, нічога няма. Лазьню здалі 30 сьнежня 2008 году, а яна так і ня робіць. Усе сродкі, кажуць, „мільянэр“ Рагатка да сябе ў Мажэйкава перавёў, а тут філіял толькі…»

* * *
Другая частка вандроўкі была прысьвечаная, як пішуць у «Лідзкай газэце», «фэнамэну» аграгарадка. Заходжу да сакратаркі сельсавета, спадарыні Ларысы Дзечканец. Прапаную наўпрост — хваліцеся, як зьмянілася жыцьцё шасьці з паловай соцень тарноўцаў! Кажа — асабліва не выпадае…

Дзечканец: «Садзік у нас адрамантаваны, школа, адкрылася спортзаля. Кафэ адчынілася. Заасфальтавалі ўсе вуліцы, платы зрабілі. На фэрме кароў пад 200. Сад новы. Зарабляюць па 300 — нічога не памянялася ў сувязі з аграгарадком для людзей. Брыкету недахоп ёсьць…»

Карэспандэнт: «Больш стала нараджацца ці меней?»

Дзечканец: «Сьмярцей 64, народзінаў 11. Усё-ткі вёскі аджываюць, моладзі мала. У 28 вёсках сельсавета — старыя…»

Карэспандэнт: «Тарноўскія мільярды людзей праглынулі з тых вёсак?»

Дзечканец: «Канечне…» (Сьмяецца.)

Накіроўваемся да 5 прэзыдэнцкіх двухпавярховых дамоў, пабудаваных, аднак, тры гады таму — яшчэ да аграгарадка. Спыняю на шляху палявода, спадара Іосіфа Шамрэта. Пажылы чалавек вымушаны быў пераехаць пасьля адкрыцьця аграгарадка з родных Дубчанаў у Тарнова.

Шамрэт: «У Дубчанах дамоў няма — Тарнова зьела пад сабе. Да мінімалкі даплачваюць — 250, на пасяўной рабіў — 300. Начальства чапляецца, бывае. Ня ўбралі капусту — людзі пачалі зьбіраць. Прэмію зьнялі…»

23-гадовы Іван Круглы на трактары шосты год. Ягоны твар прымае самотны выгляд пасьля майго пытаньня пра аграгарадок.

Круглы: «Мільёны зарабляць у аграгарадку — такога не было і ня будзе. Заробак 300, а як зараз узімку — мо й гэтага не атрымаем. А працаваць даводзіцца ўлетку гадзінаў па 12. Возім бульбу, сена, салому. Паляпшэньняў не чакаю. Пляны ёсьць у горад пайсьці працаваць — многія ў Ліду езьдзяць. Сыходзіць болей, чым прыходзіць. Можна было б рабіць, але не хапае пражыць. Добра, у мяне дзяцей няма. А атрымалі б кватэры — павязаныя…»

У справядлівасьці апошняй тэзы пераконваемся празь некалькі хвілін, падышоўшы да першага дома. Цётка Аўгенія Паўлюкевіч пільнавала на двары 5-гадовую Кацюшу.

Паўлюкевіч: «Усяліліся як — 3 гады. Саша ўсё шпакляваў, клеілі, фарбавалі. А сьвятло так правялі, што разьбіраліся самі…»

У крайнім доме з 6 кватэр адчынілі толькі ў адной — усе на працы. Кабета распавядае, што рабіла вартаўніком у садку, мае двух дзетак і зараз у дэкрэце. Яе боль — надзённы.

Спадарыня: «Вы ня бачыце, бо пакуль сьнег ляжыць. Як растае, плаваем на лодках. Месца гліністае, мяккае, а нам дарожак не праклалі. Дзеці ідуць у школу — пераходзяць 2 разы, бо немагчыма прайсьці праз лужыну. Няма дзіцячых пляцовак — тут у нас і гусі, і качкі плаваюць. Калі мы зьвярталіся да старшыні сельсавету Пракопіка — кажа, нам трэба хахлоў засяляць са Століншчыны: едуць на дапамогу. Прыехаўшы такі бамжара. Стаім у краме ў чарзе па хлеб. Жанчына кажа — паспрабуйце смачнага лідзкага хлеба. А ён — „паклаўшы ў кішэню мільён 200, магу ўсякага паесьці“. Ах ты, зараза, кажу. Нашы мужыкі робяць ад сьвітаньня да зьмярканьня за 200 тысяч. А робяць тыя тое самае, што нашы на палявых. Які сэнс усяго — ня ведаю. Ён зь перагарам, даты…»

Карэспандэнт: «А завуць вас як?»

Спадарыня: «Не, нічога не скажу — мне ўсё падабаецца…»

На другім канцы вёскі выходзім да нядаўна высаджанага на плошчы ў 60 га сада з грушамі. Праз кілямэтар — вёсачка без указальніка. Нібы вымерла. Але вось чалавек у кажуху прыбірае з рыдлёўкай на двары. Калгаснаму цесьляру Анатолю Гаелю два месяцы да пэнсіі. Сьмяецца, што сядзіць «на двух крэслах».

Гаель: «Я ў прыватніка тут рабіў — фэрму будавалі. Няблага атрымліваў — 600-700. Карчуюць хаты запар, што кінутыя — і ў яміну, у яміну пад сад. Народ увесь Тарнова падбірае. У мяне маці тут ляжыць тры гады — інвалід».


Пра вынікі вандроўкі гутарым з маім спадарожнікам, сябрам Партыі БНФ Сяргеем Сідарэнкам. Хлопец відавочна ўражаны тым, што пачуў і ўбачыў.

Карэспандэнт: «Ты ўбачыў заяўлены бляск аграгарадка?»


Сідарэнка
: «Гэта мыльная бурбалка, а ўнутры ўсё лопаецца. Людзі скардзяцца, што сьцяжыны прыбралі, дзе можна было хадзіць, і машына можа задавіць…»

Карэспандэнт: «Вэртыкальная лідзкая прэса пісала, што паркавы комплекс рэстаўруецца…»

Сідарэнка: «І ваўкі сытыя, і бараны жывыя? Але што будзе з помніка? Гэта ўжо жыльлё для людзей. І ці будзе яно зручнае? Невядома, ці будзе газ і вада, хлявоў няма — сьвінчо, курэй няма куды паставіць. Сустрэліся з маладым хлопцам, які ніколі там ня будзе жыць, бо гэта прывязка назаўжды да гэтага калгаса — нікуды ня змыцца…»

Карэспандэнт: «Кіраўніцтва Тарнова, пры тым, што ня можа заплаціць больш за 300 сваім, запрашае столінцаў за мільён…»

Сідарэнка: «Гэта нехта мае з гэтага выгоду — грошы. А хто можа мець выгоду, акрамя тых, хто запрашае?! Кіраўніцтва! Людзі баяцца называць прозьвішчы. Настаўніца ў адказ на звычайнае пытаньне кажа — „баюся, што з гэтага атрымаецца“. Будзе сядзець у парваных ботах і баяцца казаць, што ў яе парваныя боты. Сакратарка сельсавета сказала, што людзі маюць такія ж грошы — які сэнс будаваць такія аграгарадкі і дзьмуць шчокі, што падымаем вёску?! Мне спадабаўся чалавек, што працуе і ў калгасе, і на прыватніка — хоча выжыць у гэтых умовах. Пабыўшы ў Тарнове, я нібы ў машыне часу вярнуўся ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG