Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец адказвае Галаванаву

абноўлена

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Міністар юстыцыі Галаванаў сьцьвярджае, што Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя пры стварэньні партыі парушыла закон. Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец называе гэта хлусьнёй.

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што летась у міністэрстве было зарэгістравана 94 грамадзкія аб’яднаньні і восем новых фондаў. Ён заявіў, што ў міністэрстве будуць рады кожнай структуры, якая захоча легалізаваць сваю дзейнасьць. Што да рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», то міністар юстыцыі адказаў:

«Сапраўды, іх матэрыялы паступалі, але падчас падрыхтоўкі і правядзеньня мерапрыемстваў па ўтварэньні адпаведнай палітычнай партыі былі дапушчаныя грубыя парушэньні дзейнага заканадаўства. Шмат хто з грамадзян ня ведаў, падпісваючыся пад дакумэнтам, што яны — заснавальнікі палітычнай партыі, некаторыя не прысутнічалі на адпаведных устаноўчых сходах. Па сутнасьці, заснавальнікі з намі пагадзіліся, і яны ня выказалі нам прэтэнзій».

Віктар Галаванаў
Наконт таго, што заснавальнікі БХД падалі скаргу ў Вярхоўны суд на Міністэрства юстыцыі, міністар адказаў, што гэтага не баіцца.

Віктар Галаванаў паведаміў, што за той час, пакуль ён працуе міністрам, гэта значыць ад кастрычніка 2001 году, у краіне не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі.

«Мэта любой партыі — прыход да ўлады цывілізаваным шляхам. Пачынаць працэс рэгістрацыі партыі, яе ўстаноўчых дакумэнтаў, заяўляць пра сябе на ўсю краіну і сьвет павінна партыя, якая робіць гэта ўсё чыстымі рукамі. На наш погляд, гэта павінна быць арганізацыя, якой павераць людзі. А сёньня казаць пра тое, што ім павераць людзі, калі яны пачынаюць з махінацый, — мне падаецца, гэта занадта гучна сказана».

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец з абурэньнем успрыняў словы міністра юстыцыі:

«Ад гэтых словаў міністра Галаванава за кілямэтар сьмярдзіць хлусьнёй. Таму што Мін’юст у злачыннай змове з КДБ, вэртыкальлю і кіраўніцтвам прадпрыемстваў аказваў беспрэцэдэнтны ціск на заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, каб яны выбіралі: вучоба ці партыя, праца ці партыя.

Некалькі чалавек прымусілі напісаць адмовы ад заснавальніцтва. Вось на чым грунтуецца так званы аргумэнт Мін’юсту.

Але дакумэнты ўжо ў Вярхоўным судзе. Для гісторыі, для новай Беларусі будуць зафіксаваныя ўсе факты гэтых беззаконьняў. Рана ці позна, але БХД будзе зарэгістраваная».

У Беларусі ўсяго зарэгістравана 15 палітычных партый, 35 прафсаюзаў і 2225 грамадзкіх аб’яднаньняў. “Я б не сказаў, што ў Беларусі супэржорсткі парадак рэгістрацыі палітычных партыяў”, — заявіў Віктар Галаванаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG