Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньне – на туркмэнскі рынак


Гурбангулы Бэрдымухамэдаў
Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

На другі дзень афіцыйнага візыту ў Беларусь прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў наведаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў Менску. Туркмэнскі лідэр абнадзеіў работнікаў МАЗу, МТЗ, заводу колавых цягачоў і вытворчага аб’яднаньня “Агат”, паабяцаўшы “шчыльнае супрацоўніцтва”. Ці здолее беларуская прамысловасьць “разгрузіцца” дзякуючы туркмэнскаму рынку?

Наведваючы Менскі аўтазавод, Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заявіў пра намер набыць у Беларусі 1,5 тысячы адзінак грузавой тэхнікі. Таксама госьць выявіў цікавасьць да мазаўскіх аўтобусаў. У сваю чаргу, на заводзе спадзяюцца арганізаваць у Туркмэністане сетку сэрвісных цэнтраў.

Былы памочнік генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу Валянцін Лопан станоўча ацэньвае такі крок у дывэрсыфікацыі паставак. Аднак лічыць, што збыць туркмэнам заляжалы тавар наўрад ці ўдасца:

Валянцін Лопан
“Туркмэнія — рынак, якім МАЗ даўно цікавіцца і сваю актыўнасьць асабліва не зьніжае. То бок — увесь час пад увагай. Але рынак там спэцыфічны, бо ўлада, як і ў нашым выпадку, вельмі цэнтралізаваная. Стратэгічныя закупы трэба вырашаць на вышэйшым узроўні, бо на гэта траціцца шмат дзяржаўных грошай. І тое, што прэзыдэнта Туркмэніі прывезьлі на завод і вядуць перамовы менавіта зь ім — гэта, безумоўна, правільна. Бо, паўтару, закупы за дзяржсродкі займаюць у іх значную долю. Але калі зьвязваць пэрспэктыву з разгрузкай складоў?.. Туркмэнія — буйны пастаўшчык энэрганосьбітаў, у тым ліку газу. Краіна з грашыма. Таму трэба вельмі ўважліва ставіцца да таго, якога году выпуску прадаваць ім тэхніку. Наўрад ці яны будуць браць тое, што ў нас даўно ляжыць. МАЗ ведаюць у Азіі, але гэта не азначае, што яны на ўсё згодныя. У адносінах з Ашгабадам трэба думаць не пра заляжалае на складах, а як вырабіць тое, што яны згодныя набыць. Гэта больш правільна”.

Сьледам за МАЗам прэзыдэнт Туркмэністану наведаў Менскі трактарны завод, літаральна з парогу зрабіўшы камплімэнт адміністрацыі і працаўнікам: “Завод выдатны. Няма слоў”. Бэрдымухамэдаў акцэнтаваў увагу на адмысловых трактарах для збору бавоўны. Таксама ягоную цікавасьць выклікала спэцтэхніка для камунальных службаў і новая мадэль гусенічнага трактара. Летась МТЗ выканаў для Ашгабаду замову больш як на 1 тысячу трактароў. Пэрспэктыўныя лічбы пакуль не агучваліся.

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі цягам 2009 году склаў 70 мільёнаў даляраў – сума паводле маштабаў Беларусі і Туркмэністана нязначная. Магчыма, не спрыяюць высокай дзелавой актыўнасьці і асаблівасьці міждзяржаўных кантактаў: Туркмэністан — адзіная краіна СНД, зь якой у Беларусі захоўваецца візавы рэжым. Магчымасьць скасаваньня бар’ераў не абмяркоўвалася.

Між тым некаторыя назіральнікі наўпрост зьвязваюць запрашэньне ў Беларусь туркмэнскага лідэра з жаданьнем Менску ня толькі крыху адвязацца ад Расеі ў экспарце прамысловай прадукцыі, але і паступова дывэрсыфікаваць энэргетычныя плыні. Перадусім дзякуючы туркмэнскаму прыроднаму газу. Аднак экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех лічыць такія спадзяваньні слаба падмацаванымі, бо газавы транзыт цалкам залежыць ад магутнасьцяў расейскай газатранспартнай сыстэмы:

Аляксандар Мех
“Што да магчымасьцяў набываць беларускую тэхніку, то трэба зыходзіць з таго, што ў першую чаргу патрэбна той ці іншай краіне, у дадзеным выпадку — Туркмэністану. А што тычыцца прыроднага газу, то каб гэты газ прыйшоў у нашу краіну, давядзецца, канечне, выкарыстоўваць газатранспартную сетку самой Расеі. Іншага тут выйсьця няма, бо ў любым разе прыродны газ будзе перапампоўвацца праз газатранспартныя магутнасьці Расеі. Тут няма варыянтаў у прынцыпе”.

Карэспандэнт: “То бок наўпрост прывязвацца да Туркмэніі ў гэтым сэнсе не выпадае?”

“Не-не, таму такія заявы — гэта, магчыма, чарговая афіцыйная палітычная прафанацыя. На жаль, альтэрнатывы расейскаму газу няма, таму ў дадзеным выпадку ўвогуле трэба вельмі пільна паглядзець на сабекошт здабычы таго ж туркмэнскага газу і на сабекошт яго транспартаваньня”.

Гурбангулы Бэрдымухамэдава таксама звазілі на каток новай “Менск-Арэны”, а сёньня наладзілі экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы —гідам выступіў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Паказальна, што папярэднік цяперашняга туркмэнскага лідэра Сапармурад Ніязаў таксама вызначаўся прагай да маштабных будоўляў, аднак ягоны спадкаемца досыць крытычна ставіцца да архітэктурных гігантаў і нават пачаў руйнаваць грандыёзныя канструкцыі ніязаўскіх часоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG