Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калінкіна: гэта зьмена каманды пад новага старшыню КДБ


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

Кадравыя перастаноўкі ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Беларусі камэнтуе шэф-рэдактарка газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна.










СЛУХАЦЬ:



Радыё Свабода: Якія, на вашу думку, прычыны і мэты вялікіх кадравых зьменаў у КДБ.

Калінкіна: Я думаю, што гэтая зьмена кадраў цалкам пакладаецца ў працэс, калі ў КДБ масава прыходзяць тыя, хто раней служыў у памежным камітэце. Бо адразу зьвяртае на сябе ўвагу, што два выхадцы зь Берасьцейскага камітэту КДБ атрымалі добрыя пасады намесьнікаў старшыні КДБ. З памежнага камітэту зараз спадар Ярута перамесьціцца ва ўправу ўрадавай сувязі КДБ... Я думаю, гэта зьвязана зь вялікай зьменай кадраў. Калі Зайцаў быў прызначаны з Памежнага камітэту старшынём КДБ, усім, хто быў зь іншай каманды, трэба было падшукваць сабе новыя пасады. Вось цяпер гэта і адбываецца.

Радыё Свабода: Ці не зьвязаныя гэтыя зьмены з канфліктам КДБ і МУС?

Калінкіна: Я ня бачу такой відавочнай сувязі. Хаця заўсёды, калі канфліктуюць сілавыя ведамствы, робіцца нешта, каб канфлікт гэты зьняць. У дадзеным выпадку яшчэ нельга казаць, што звольненыя знакавыя пэрсоны ў КДБ. Пакуль адбываецца толькі іх перамяшчэньне. Напрыклад, Ігар Кузьняцоў працаваў начальнікам управы КДБ па Менску, а цяпер перамешчаны на пасаду начальніка Інстытуту нацыянальнай бясьпекі. Гэта таксама добрая пасада. Іван Корж з Гомелю, а яго перамяшчаюць у Горадню. А Сергіенка з Горадні перамяшчаецца на Магілёў. Часткова, гэта проста ператасаваньне, гэта разрыў нейкіх сувязяў, якія ў гэтых людзей, магчыма, былі. Але ня больш за тое. Я думаю, што намесьніка старшыні КДБ Мікалая Смаленскага хутка мы ўбачым на новай пасадзе – магчыма, у Радзе бясьпекі. Туды цяпер зьбіраюць сталых людзей, якія дастаткова папрацавалі на краіну. Нельга, вядома, выключаць, што гэтыя кадравыя зьмены неяк зьвязаны з канфліктам паміж КДБ і МУС, але мне здаецца, што галоўнае – гэта проста зьмена каманды пад новага старшыню КДБ.

Радыё Свабода: Дык гэта зьмены ўнутрыведамасныя, ці яны ініцыяваныя больш высокімі асобамі?

Калінкіна: Прызначэньні адбыліся за подпісам кіраўніка дзяржавы, таму іх ў ніякім выпадку нельга лічыць ведамаснымі зьменамі. Магчыма, у гэтых зьменах некалькі прычынаў. У прынцыпе, у нашай краіне найбольш частыя зьмены – менавіта ў кіраўніцтве сілавых ведамстваў, у тым ліку і ў КДБ. Сярод прычынаў – і зьяўленьне ў шэрагу першых асобаў дзяржавы маладых людзей, якія, у сваю чаргу, вядуць за сабой сваю каманду. Гэта могуць быць і засьцярогі, што тыя, хто даўно працуе ў КДБ, хто мае расейскую адукацыю ці расейскі вопыт працы, могуць быць не зусім надзейныя... Таму прычынаў, на маю думку, шмат, і зьмены не маглі адбыцца без санкцыі з самага верху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG