Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Натальля Гардзіенка


Натальля Гардзіенка
Натальля Гардзіенка

Натальля Гардзіенка – гісторык. Нарадзілася ў 1977 годзе ў Менску. Закончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, асьпірантуру, абараніла кандыдацкую дысэртацыю. Аўтар кніг “Беларусы ў Аўстраліі” (2004) і “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (у друку). Адказны рэдактар гадавіка “Запісы БІНіМ”.



Што для вас свабода?

Свабода для мяне – гэта магчымасьць рэалізоўваць усе свае задумы.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Час і грошы.


Што для вас шчасьце?


Здароўе блізкіх.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Баюся страты блізкіх людзей. І баюся не пасьпець ажыцьцявіць усе свае задумы.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент фатографа – фіксаваць важныя імгненьні навакольнага жыцьця.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Не магу сказаць, што кімсьці захапляюся. Ёсьць шэраг асобаў, якія зьяўляюцца для мяне аўтарытэтамі. Сярод іх: Юры Туронак, айцец Аляксандар Надсан, Вітаўт Кіпель.


Што Вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць старыя дакумэнты і пэрыядычныя выданьні мінулых часоў.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б Вы зьмянілі?

Бадай што – нічога.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Цані тое, што маеш.


Які Ваш улюбёны дэвіз?

Хутчэй – правіла: “Праблемы трэба вырашаць па меры іх зьяўленьня”.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай.


У якой краіне Вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Мяне цалкам задавальняе той час, у якім я жыву.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Мне ня хочацца стаць кіраўніком Беларусі.


Якія адносіны павінна мець Беларусь з Эўразьвязам?

Такія ж, як і зь іншымі краінамі: як роўная з роўнымі.


Якія адносіны Беларусь павіна мець з Расеяй?

Раўнапраўныя.


Некаторыя думаюць так: “Няхай дыктатура, абы свая?” А Вы?

Не люблю выбіраць лепшае з дрэннага. Я – супраць дыктатуры, і сваёй, і чужой.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі існуючая ўлада будзе нявыгадная народу, народ яе скіне.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі ўсьвядомяць сябе асобнай свабоднай і раўнапраўнай нацыяй.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Нічога ня зьменіцца. Усё будзе так, як сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG