Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку – спад на рынку нерухомасьці


Агляд недзяржаўных СМІ 22 студзеня

Cлуцкі “Інфа-кур’ер” зьмяшчае артыкул “У чаканьні танных крэдытаў. Асаблівасьці мясцовага рынку нерухомасьці”. Рыэлтары Слуцаку і Салігорску адзначаюць, што аб’ёмы куплі-продажу кватэр упалі ў 2 – 3 разы. У той час, як паўсюль у Беларусі цэны на другаснае жытло падаюць, у Слуцаку яны растуць альбо стаяць на месцы. Случане па-ранейшаму хочуць прадаць “пеўня па цане каня”, кажа Алесь Дастанка:

“Такі нонсэнс назіраецца: кватэры ў Слуцку даражэйшыя за кватэры ў Салігорску. Здавалася б, павінна быць наадварот: у Салігорску і зарплаты большыя, і ўзровень жыцьця крышачку вышэйшы. Канечне, у асноўным купляюць кватэры за кошт крэдытаў. Назіраецца наагул спад у набыцьці жытла, бо зараз ня вельмі прыцягальныя ўмовы крэдытаваньня”.

Барысаўчане губляюць патрыятызм, калі купляюць малако і малочныя прадукты не мясцовага малаказаводу з брэндам “Здравушка”, а аналягіныя прадукты іншых вытворцаў? Карэспандэнт інтэрнэт-выданьня “Электронны Барысаў” правёў расьсьледаваньне, чаму мясцовыя малочныя прадукты становяцца менш папулярнымі нават у патрыётаў роднага гораду. Аказалася, у барысаўскім малацэ – павышашае ўтрыманьне шкодных рэчываў, да прыкладу, антыбіётыкаў (у прыватнасьці, тэтрацыкліну, якім прышчэпліваюць кароваў). Гэта, дарэчы, выявіў у барысаўскім малацэ “Расьсельгаснагляд”.

Маладэчанская “Рэгіянальная газэта” паведамляе пра цікавы выпадак, які адбыўся з адным валожынцам. Распавядае журналіст Сяргей Зянько:

“Раённы суд Валожыну аштрафаваў на 50 базавых велічыняў 33-гадовага жыхара горада, які каля вёскі Пуні падабраў на дарозе забітага дзіка. Аказваецца, такое дзеяньне – усё адно, што браканьерства. Ён павінен быў, знайшоўшы застрэленага дзіка, пазваніць у міліцыю, і не пагрузіць у сваю машыну”.

І ў працяг тэмы газэта “Ганцавіцкі час” таксама піша пра парушэньне правілаў паляваньня. Распавядае журналіст Аляксей Белы:

“У Ганцавічах мясцовыя жыхары выйшлі на паляваньне з чатырма незарэгістраванымі стрэльбамі. Іх спынілі міліцыянты і супрацоўнікі інспэкцыі аховы прыроды. Стрэльбы былі канфіскаваныя, а гора-паляўнічым пагражаюць вялікія штрафы за тое, што, па-першае, трымаюць незарэгістраваную зброю, а па-другое, парушаюць правілы паляваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG