Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль ня позна, вучыце беларускую мову”


Слухачы Радыё Свабода разважаюць пра наступствы выбараў ва Ўкраіне, выказваюць падтрымку Сяргею Каваленку, які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску, і пытаюцца, чаму беларуская апазыцыя незадаволеная крэдытам, які даў Беларусі Міжнародны валютны фонд.

Наш слухач Аляксандар, разважаючы пра вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Украіне, выказваецца наконт далейшага лёсу прэзыдэнта Юшчанка:

«Дурань будзе Юшчанка, калі аддасьць уладу. Хай павучыцца ў нашага Лукашэнкі, а заадно і пасябруе — за кошт гэтага народы выйграюць. Спадзяюся, і іншыя ягады далучацца».

Іншы слухач задаецца пытаньнем: ці слушна, каб да ўлады прыходзілі асобы, якія мелі судзімасьць?

«У мяне асабістае пытаньне да спадара Казуліна. Ведаеце, па выніках выбараў можна лічыць, хворае грамадзтва ці здаровае. Калі ў Беларусі за прэзыдэнта галасуюць на выбарах 80-90%, лічу, што гэта хворае грамадзтва — як Паўночная Карэя. Прайшоў першы тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Ведаеце, судзімы чалавек ірвецца да ўлады, у добрай эўрапейскай краіне ці ў Амэрыцы — гэта пляма незмывальная. Але ж траціна грамадзтва краіны прагаласавала за Януковіча. Я лічу, і ўкраінскае грамадзтва хворае. Дык у мяне такое пытаньне: ці варта судзімаму чалавеку рвацца да ўлады, каб пасьля жыць „па паняцьцях“?».

Спадар Казулін лічыць, што судзімасьці бываюць розныя, і якраз гэта — вызначальны фактар:

«Усё залежыць ад таго, якая судзімасьць была. Мы ўсе гэта цудоўна разумеем. Нэльсан Мандэла, Вацлаў Гавэл былі ў турмах, а потым былі ва ўладзе. Але зусім іншая гісторыя, калі ў палітыку прыходзіць крымінал. Гэта зусім іншыя мэты, і гэта прыводзіць да крыміналу ў палітыцы».


Ніна Ярмалінская з Салігорску захапляецца мужнасьцю Сяргея Каваленкі і верыць у тое, што ягоныя намаганьні набліжаюць Беларусь да перамогі дэмакратыі і нацыянальнай ідэі:

«Вітаю, „Свабода“! Віцебскаму Мірону Сяргею Каваленку наша ўдзячнасьць, падтрымка і любоў! Я ўпэўнена, што пройдзе некаторы час, і бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ будуць нацыянальнымі дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь. Толькі за гэта трэба змагацца. Жыве Беларусь!»

Пра недарэчнасьць захадаў супраць нацыянальных сымбаляў выказваецца спадарыня Арцёмаўна:

«Гэты бедны, ні ў чым не вінаваты бел-чырвона-белы сьцяг... І цярпяць тыя, хто трымае яго ў руцэ, альбо вывешвае на ёлцы, альбо на дроце. Зьбіваюць, штрафуюць гэтых людзей, а ён зьяўляецца і зьяўляецца — то тут, то там. Гістарычная каштоўнасьць мае такое ж права на існаваньне, як і іншы сьцяг, які цяпер лунае на сьвяты».

А слухач Мікола Чыбісаў, захапляючыся ўчынкам Сяргея Каваленкі, на плённасьць яго высілкаў глядзіць пэсымістычна:

«Дзень добры, Радыё Свабода! Я хацеў бы перадаць праз Радыё Свабода Сяргею Каваленку, што ён мужны чалавек. Але з такой мужнасьцю трэба прыгадаць расейскую прымаўку „Плетью обуха не перешібешь“, таму трэба знаходзіць іншае выйсьце».

І яшчэ адно выказваньне на тэму вывешваньня нацыянальнага сьцяга як сродку абараніць беларушчыну:

Спадар Зіноўеў: «Я думаю, што сьледчая па справе Сяргея Каваленкі і сама калі-небудзь бел-чырвона-белы сьцяг вывесіць, ну, у сябе на лецішчы, напрыклад, таму што сьцяг жа зьменіцца ў Беларусі. А зараз Каваленку патрэбная юрыдычная дапамога, таму што ён не абавязаны бегаць па экспэртызах пры выдуманым абвінавачаньні».

У адной нашай слухачкі ўзьнікла пытаньне наконт крэдыту МВФ:

«Чаму наша апазыцыя беларуская супраць таго, што МВФ дае нам крэдыты? Чаму незадаволеная гэтым апазыцыя? Бо гэта ж ня кепска. Іншыя краіны з задавальненьнем бралі б, дык ім не заўжды даюць...»

На гэтае пытаньне адказвае экс-сьпікер Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

«Беларускі рэжым атрымаў вялікі крэдыт ад МВФ, і, фактычна, гэты рэжым быў выратаваны такімі захадамі МВФ. Так што ў пэўным сэнсе выратоўваецца не эканоміка Беларусі. Яна не зьмяняецца і не лібэралізуецца. Выратоўваецца менавіта рэжым, чыя стабільнасьць некаму патрэбная».

А напрыканцы — аптымістычныя назіраньні нашай слухачкі Арцёмаўны:

«Пра мову. Станоўча тое, што і на дзяржаўным узроўні пачынаюць размаўляць на роднай мове, працэс пайшоў. Вось пачула, як Лазавік гаворыць па-беларуску. Гэта цудоўна. Так што, пакуль ня позна, вывучайце родную мову».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG