Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску можа быць адкрыты музэй Васіля Быкава


Вітальнае слова намесьнiка міністра культуры Тадэуша Стружэцкага, справа — пасол Украіны Ігар Ліхавы і пасол Польшчы Генрык Лiтвiн
Вітальнае слова намесьнiка міністра культуры Тадэуша Стружэцкага, справа — пасол Украіны Ігар Ліхавы і пасол Польшчы Генрык Лiтвiн

Такое меркаваньне выказаў сёньня намесьнік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. Яно прагучала на адкрыцьці выставы, прысьвечанай пісьменьніку Васілю Быкаву, у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры.

Выстава ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры сабрала шмат людзей. Сярод прысутных былі амбасадары Польшчы і Ўкраіны Генрык Літвін і Ігар Ліхавы. Спарад Ліхавы, гаворачы пра Быкава, падкрэсьліў:

«Ён і народны пісьменьнік, і ён — нацыянальны пісьменьнік. І ў гэтым — яго сіла. Ён здолеў сказаць праўду, калі праўда была ня модная і за праўду каралі. За праўду, калі чэсна сказаць, заўсёды караюць».

З 1994 і да канца жыцьця сэнс гэтых словаў Васіль Быкаў адчуў на сабе асабліва. Апошні раз народнага пісьменьніка афіцыйна шанавалі ў Менску на ягонае сямідзесяцігодзьдзе. Тады ён асабіста перадаў у музэй копіі фотаздымкаў, рэпрадукцыі сваіх малюнкаў, некаторыя рукапісы, падарункі ад чытачоў. Экспазыцыю цяперашняй выставы пераважна і склалі тыя рэчы, а таксама некаторыя матэрыялы з архіву беларускай літаратуры і мастацтва і акадэмічнай бібліятэкі. Апошні замежны пэрыяд жыцьця Быкава на выставе прадстаўлены толькі двума фотаздымкамі 2002 году.

Лiдзiя Макарэвiч адкрывае выставу.
Адкрываючы выставу, дырэктарка музэю Лідзія Макарэвіч зьвярнула ўвагу прысутных, што яна прымеркаваная да 65-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму акцэнты ў экспазыцыі зробленыя на ваенным пэрыядзе жыцьця і творчасьці Васіля Быкава. А яшчэ спадарыня Макарэвіч падкрэсьліла, што гэтая выстава зробленая па ініцыятыве міністра культуры Паўла Латушкі.

«Менавіта пры падтрымцы міністэрства культуры, фінансавай падтрымцы і па ініцыятыве міністэрства культуры была створана выстава, якую сёньня мы з вамі будзем глядзець».

Адзін з наведнікаў выставы.
Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесьці.


Выданьні Быкава на розных мовах.
Акторскае чытаньне Быкава.


Самога міністра на імпрэзе не было. А ягоны намесьнік Тадэвуш Стружэцкі, выступаючы на адкрыцьці выставы, між іншага зазначыў, што за ёй будуць іншыя дзяржаўныя крокі ў справе ўганараваньня памяці Васіля Быкава:

«Гэта толькі пачатак шырокага адкрыцьця імя Быкава. Напэўна, за гэтай выставай будуць наступныя выставы. Напэўна, будзе задача і магчымасьць стварэньня і асобнага музэя».

Магчыма, што ў будучым музэі знойдзецца месца і рэчам з багатага хатняга архіву Васіля Быкава апошніх шаснаццаці гадоў жыцьця і творчасьці. У адкрытай 19 студзеня экспазыцыі зьмешчаны толькі адзін зь ягоных нататнікаў, вышытая сурвэтка і фотаальбом ад чытачоў ды яшчэ колькі дробных асабістых рэчаў. І тэма прабачэньня перад памяцьцю вялікага беларускага мысьляра і творцы, што прагучала з вуснаў ягонага сябра паэта і грамадзкага дзеяча Генадзя Бураўкіна, была вызначальнай у настроі бальшыні прысутных:

«Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс:
За ворагам нанесеныя раны,
За брудныя пляўкі з тэлеэкрана,
За сьлёзы ўшацкіх сьсечаных бяроз.

Даруй, што ўсе свае зямныя дні
Ты азіраўся з горыччу міжволі
На памяці закінутае поле
І спадзяваньняў спаленыя пні.

Даруй за наш нелітасьцівы час,
За ціхае кананьне роднай мовы,
За ўдзячнасьці запозьненыя словы
І ласкі сэканомлены запас.

Тужлівымі, пакутлівымі снамі
Ты будзеш вечна мроіцца сынам.
Я ведаю — ты ўсё даруеш нам,
Але ці зможам дараваць мы самі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG