Гэта прадугледжвае закон ад 6 студзеня 2010 году "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці". Пра гэта паведамляе БелТА.
Паводле закону прапаганда ці публічная дэманстрацыя, а таксама выраб і распаўсюд нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі фізычнымі асобамі будзе карацца арыштам ці штрафам да 10 базавых велічыняў.
Індывідуальныя прадпрымальнікі за такое парушэньне заплацяць да 50 базавых велічыняў, а юрыдычныя асобы – да 200.
Нацысцкай атрыбутыкай лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны альбо іх копіі.
Але забарона ня дзейнічае, калі нацысцкую атрыбутыку будуць выкарыстоўваць у галіне тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, музэйнай справы, выдавецтва і г.д.
Паводле закону арыштоўваць і караць штрафамі будуць за выраб і распаўсюд, а таксама захоўваньне з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяньнях ня знойдзены склад крымінальнага злачынства.
Закон заплянавана апублікаваць 22 студзеня на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі. Празь месяц ён уступіць у законную сілу.