Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавае ліставаньне


Беларуска-расейскія перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь пакуль працягваюцца на дыстанцыі. На цяперашні момант ніякіх дамоўленасьцяў не дасягнута, дамова не падпісаная. Пастаўкі нафты ў Беларусь працягваюцца, аднак расейскі бок спаганяе стопрацэнтнае мыта.


Паводле прэс-сакратара беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, пазыцыя беларускага боку адносна паставак расейскай нафты ў 2010 годзе выкладзена ў лісьце кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Спадар Цімашэнка сказаў, што перамовы з расейскім бокам не спыняюцца, адбываецца абмен лістамі. Ліставаньне вядуць таксама першы віцэ-прэм’ер Беларусі У.Сямашка і віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Ігар Сечын:

“Калі перамовы вядуцца ў дыстанцыйным фармаце — і празь лісты таксама. На дадзены момант Сямашка ў Менску”.

Паводле блізкай да перамоваў крыніцы ў расейскім урадзе, у сваім апошнім лісьце да Ўладзімера Сямашкі Ігар Сечын дэталёва аргумэнтаваў расейскую пазыцыю, якая не зьмянілася:

“Чакаем наступнага кантакту. Пакуль у нас ціха. Перамовы пакуль ня йдуць. Усе мы ў чаканьні беларускага боку, калі яны пачнуць рухацца ў бок расейскай пазыцыі. Я не выключаю, калі той бок будзе рабіць непартнэрскія крокі, то, адпаведна, люстэркава будзе рабіць нешта і расейскі бок”.

Яшчэ 13 студзеня А.Лукашэнка накіраваў ліст Дз.Мядзьведзеву. У ім гаворыцца, што падчас сустрэчы 10 сьнежня мінулага году кіраўнік Беларусі дамовіўся з расейскім прэзыдэнтам, што цягам двух-трох першых месяцаў гэтага году нафта будзе паступаць у Беларусь бязмытна, а за гэты часы бакі ўзгодняць новыя ўмовы. Аднак, маўляў, потым расейскі бок скасаваў гэтыя дамоўленасьці і выставіў умовы, непрымальныя для Беларусі. Крыніца ў расейскім урадзе ў размове з карэспандэнтам “Свабоды” зьняпраўдзіла гэтыя цьверджаньні:
Мы прапаноўвалі 5 мільёнаў, а потым сказалі — добра, мы ідзем на саступкі, даем 6,3. Вось гэта мы памянялі ...

“Падчас перамоваў даслоўна гэтага не было. Былі словы пра тое, што трэба дамаўляцца, трэба экспэртаў дзьвюх краін саджаць за стол перамоваў. Але ніхто не казаў, што пакуль ідуць перамовы, два-тры месяцы нафта ідзе бязмытна. Вось гэтага нідзе няма. Мы падымалі ўсе стэнаграмы, глядзелі. Мы прапаноўвалі 5 мільёнаў, а потым сказалі — добра, мы ідзем на саступкі, даем 6,3. Вось гэта мы памянялі. У гэтым выпадку памянялася наша прапанова. А ў астатнім наша пазыцыя не зьмянялася”.

Крыніца ў расейскім урадзе таксама пацьвердзіла, што ў той час, пакуль няма дамоўленасьці, уся нафта, якая паступае ў Беларусь, абкладаецца стопрацэнтным мытам. У “Белнафтахіме” гэтую інфармацыю не камэнтуюць. Прэсавы сакратар канцэрну Марына Касьцючэнка сказала, што праца па заключэньні новых кантрактаў на пастаўку нафты ў Беларусь працягваецца:

“Кошты і аб’ёмы мы не камэнтуем. Нічога не памянялася, нафта паступае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG