Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі БАЖу лічаць прэтэнзіі Мін’юсту неабгрунтаванымі


БАЖ атрымаў афіцыйнае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам міністра Аляксандрам Сіманавым. Міністэрства юстыцыі выставіла да арганізацыі адразу некалькі прэтэнзіяў. Яны тычацца пасьведчаньня, статусу Цэнтру прававой абароны СМІ і наагул мэтаў і задач БАЖ.

Мін’юст, у прыватнасьці, лічыць, што на пасьведчаньні Беларускай асацыяцыі журналістаў нібыта неправамерна зьмешчаныя надпісы «Прэса» і «Press», бо БАЖ не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Ідзе спасылка на інцыдэнт з затрыманьнем журналіста Дзянісава, які ў лістападзе здымаў відэарэпартаж на тэрыторыі шклозаводу «Нёман» і прад’явіў пасьведчаньне БАЖу. Мін’юст лічыць, што такім чынам арганізацыя парушыла закон аб СМІ, а гэтыя дзеяньні прывялі да «неабгрунтаванага прысваеньня сябрамі арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі».

Кіраўнік Цэнтру прававой інфармацыі БАЖ, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў заўважыў, што, па-першае, ніякіх зацьверджаных форм пасьведчаньняў сябраў грамадзкіх аб’яднаньняў няма. Па-другое, Мін’юст сам заблытаўся ў законах:

Міхаіл Пастухоў
«Я лічу, што тут прадстаўнікі Мін’юсту самі крыху заблыталіся. Паколькі БАЖ — грамадзкае аб’яднаньне, дзейнасьць яго павінна рэглямантавацца Законам аб грамадзкіх аб’яднаньнях, а не Законам аб СМІ. А БАЖУ прад’яўляюць прэтэнзію, што ён парушыў Закон аб СМІ. Тут незразумеласьць».

Таксама Мін’юст лічыць, што дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ «не прадугледжана статутам» арганізацыі. Да таго ж, на сайце зьмешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасьці БАЖ, якая не адпавядае статуту. Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец лічыць гэтыя прэтэнзіі абсурднымі:

Андрэй Бастунец
«І ў Законе аб грамадзкіх аб’яднаньнях, і ў статуце аб’яднаньня запісана, што БАЖ можа аказваць юрыдычную дапамогу сваім сябрам. І тое, што могуць стварацца цэнтры для розных мэтаў арганізацыі, таксама прапісана. Самае цікавае, што рашэньне БАЖу аб стварэньні Цэнтру прававой інфармацыі датаванае 1998 годам. І усе пратаколы не адзін раз Мін’юст правяраў. Але зараз, праз 11 гадоў, узьніклі пытаньні. І трэцяя прэтэнзія, што на сайце БАЖу ня тыя мэты пазначаны — Мін’юст не прывёў ніводнага аргумэнту, ніводнага артыкулу, ніводнай фразы, якія гэта пацьвердзілі б».

Міністэрства абавязвае кіраўніцтва БАЖ цягам месяца забраць усе выдадзеныя раней пасьведчаньні згаданага узору і «забясьпечыць... далейшую немагчымасьць карыстаньня імі»; ліквідаваць астатнія «парушэньні і выпрацаваць захады, накіраваныя на недапушчэньне ў далейшым парушэньняў патрабаваньняў заканадаўства і статута арганізацыі», а таксама «прадставіць Міністэрству юстыцыі доказы выкананьня пералічаных вышэй патрабаваньняў».

Кіраўнікі БАЖ заяўляюць, што абавязкова ў Вярхоўным Судзе будуць абскарджваць папярэджаньне, якое лічаць неабгрунтаваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG