Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Захаду паставіцца да Расеі?


Мадлен Олбрайт
Мадлен Олбрайт

Былая дзяржаскратарка ЗША Мадлен Олбрайт лічыць, што NATO патрабуе "аднаўленьня абяцаньняў", каб заспакоіць сваіх сяброў з Усходняй Эўропы наконт таго, што яны бачаць пагрозу сваёй бясьпецы з боку Расеі.


Олбрайт 12 студзеня выступіла ў Празе на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай вызначэньню новай канцэпцыі дзеяньня NATO ў 21-ым стагодзьдзі.

„Апошняя стратэгічная канцэпцыя была сфармуляваная ў 1999 годзе, гэта значыць, перад тым, як новыя сябры сталі актыўнымі ўдзельнікамі NATO, і перад тэрарыстычнымі атакамі 11 верасьня 2001 году, — заявіла Олбрайт. — Я думаю, што альянс, якому ўжо 60 гадоў, патрабуе пэўнага новага прысьвячэньня, аднаўленьня абяцаньняў".

Праская канфэрэнцыя папярэднічае саміту NATO ў Лісабоне пад канец гэтага году, які мае акрэсьліць прыярытэты альянсу на будучыню. У адчуваньні сяброў NATO з Усходняй Эўропы, альянс цяпер перажывае "крызыс ідэнтычнасьці", што тычыцца яго стаўленьня да Расеі. Летась група інтэлектуалаў і былых афіцыйных асобаў з Усходняй Эўропы, уключна з Вацлавам Гавэлам і Лехам Валэнсам, напісала адкрыты ліст прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму, выказваючы сваю заклапочанасьць тым, што ў той час, калі NATO слабее, Расея кансалідуе свае пазыцыі на міжнароднай арэне. Шмат хто ва Ўсходняй Эўропе адкрыта выказвае сумневы, ці можа сёньняшняе NATO выканаць Артыкул 5 свайго статуту — выступіць са збройнай дапамогай аднаму са сваіх сяброў — калі б агрэсарам стала Расея.

"Няма сумневу, што важным у канцэпцыі павінна быць запэўненьне, што Артыкул 5 зьяўляецца цэнтральным для NATO, і што адначасова вельмі важна перазагрузіць нашы адносіны з Расеяй", — сказала Олбрайт у Празе.

12 студзеня ў Эўрапэйскім парлямэнце ў Брусэлі адбыліся слуханьні аб зацьверджаньні на пасаду новага эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва. Бэніту Фэрэра-Вальднэр заступіць на гэтай пасадзе малавядомы на міжнароднай арэне чэскі палітык Стэфан Фуле. Размова ішла таксама і пра Расею ў кантэксьце эўрапейскай інтэграцыі.

Фуле, які зьяўляецца моцным прыхільнікам пашырэньня Эўразьвязу на рэспублікі былой Югаславіі і Турцыю, скэптычна падыходзіць да шанцаў такога пашырэньня на краіны Ўсходняга партнэрства. Паводле яго, гэтым краінам трэба "набліжацца" як да Эўразьвязу, так і Расеі.

"Я тут ня бачу ніякай праблемы ці супярэчнасьці. Я ня думаю, што гэтым краінам трэба выбіраць паміж лепшымі адносінамі з Эўразьвязам і лепшымі адносінамі з Расеяй", — сказаў Фуле.

Праблема адносінаў Эўропы з Расеяй усплыла і ў аглядзе расейска-беларускага нафтавага канфлікту, які ў найноўшым нумары часопісу "Foreign Policy" апублікаваў амэрыканскі экспэрт па Расеі Джэфры Манкаф. Паводле экспэрта, канфлікт зь Беларусьсю сьведчыць пра тое, што Масква пасьлядоўна рэалізуе сваю доўгатэрміновую мэту ўзяць пад свой кантроль усю інфраструктуру перасылкі энэрганосьбітаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

"Калі б Маскве ўдалося цалкам пераняць сетку перасылкі энэрганосьбітаў у Беларусі, гэта ня толькі ўзмоцніла б яе уплыў на замежную палітыку Менску, але і дало б мацнейшую пазыцыю на рынку, а за ёю і рычагі ўплыву ў адносінах да Эўропы", — лічыць Манкаф. Таму, робіць ён выснову, як Эўропа, так і ЗША павінны зьвярнуць пільную ўвагу на гэтую "на першы погляд незразумелую спрэчку аб мытах".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG