Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Коммерсантъ”: “Сучын сын, які гуляе сам па сабе”


Расейскі “Коммерсантъ” публікуе аналіз беларуска-расейскага нафтавага канфлікту, зроблены палітолягам Дзьмітрые Арэшкіным.

Аўтар піша:

“Маскве ў гэтай сытуацыі час пазбавіцца ад міражоў. Уласна, гэта і адбываецца, хоць у ня яўнай форме. У салідных мужчын са Старой і Смаленскай плошчаў, якія раней ахвотна паўтаралі формулу "Сучын сын, але наш сучын сын", паменела пыхі. Падобна на тое, што пачалося ўсьведамленьне таго, што здарылася памылка ў тыпалёгіі. Па сутнасьці, мы маем справу з новым відам палітычнай жывёлы: "Сучын сын, які гуляе сам па сабе".


Цалкам аналіз Д.Арэшкіна глядзіце ТУТ.

Газэта публікуе яшчэ адзін артыкул на тэму канфлікту – “Зімняя нафтавая кампанія”.

Наконт пазыцыі Расеі газэта піша:

“Масква любыя спасылкі на пагадненьне аб Мытным саюзе адхіляе. Ужо 4 студзеня прэм'ер РФ Уладзімер Пуцін на сустрэчы з Ігарам Сечыным сказаў, што пагадненьне аб Мытным саюзе паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам, якое ўступіла ў сілу з 1 студзеня, ня можа быць выкарыстана пры вырашэньні нафтавага канфлікту паміж Масквой і Менскам.

"Пытаньне аб пастаўцы вуглевадародаў вынесена пакуль за рамкі Мытнага саюзу, па гэтых групах тавараў павінны быць падпісаны асобныя дакумэнты. Яны павінны ўступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года", – заявіў ён.

Паводле суразмоўцаў "Коммерсанта", знаёмых з хадой перамоваў, да рашэньня бакі бліжэй за ўсё падышлі на мінулым тыдні. Раней беларускі бок сьцьвярджаў,што 1,7 млн. тон нафты, якія здабываюцца ў краіне, Беларусь прадае на экспарт, так што для пакрыцьця ўнутраных патрэбаў Расея павінна пастаўляць ёй бязмытна не 6,3 млн., а ўсе 8 млн. тон. Аднак потым Менск прапанаваў кампрамісную схему: 50% са спрэчных 1,7 млн. тон Беларусь накіроўвае на ўласнае спажываньне, 50% экспартуе. Па гэтай схеме Масква пастаўляла бы Менску бязмытна яшчэ 850 тыс. тон нафты, губляючы парадку $ 80 млн. Аднак потым гэтая ідэя была адкінутая, прычым віну за зрыў перамоваў суразмоўцы "Коммерсанта" ў расейскім і беларускім урадзе ўскладаюць адзін на аднаго”.

Крокі Менску ў адказ “Коммерсант” апісвае наступным чынам:

“У адказ Менск прыгразіў павялічыць мыта за транзыт расейскай нафты з цяперашніх $ 3,9 да $ 45 за тону. Акрамя гэтага беларускі бок вылучыў і новыя ўмовы. 4 студзеня беларускі бок выступіў з заявай, у якой абвінаваціў расейскія ФСК ЕЭС і "Інтэр РАТ ЕЭС" у тым, што яны не ўзгаднілі зь беларускім бокам ўмовы транзыту электраэнэргіі для спажыўцоў Калінінградзкай вобласьці і краін Балтыі. Беларускія энэргетыкі паабяцалі "разгледзець меры па спыненьні несанкцыянаванага камэрцыйнага перамяшчэньня электраэнэргіі праз сеткі беларускай энэргасыстэмы, што можа паставіць пад пагрозу надзейнае энэргазабесьпячэньне спажыўцоў Калінінградзкай вобласьці, у тым ліку і насельніцтва". Гэтую заяву афіцыйны прадстаўнік "Інтэр РАТ ЕЭС" Барыс Зьвераў расцаніў як спробы "шантажаваць Расею праз СМІ пагрозамі перашкодзіць энэргазабесьпячэньню Калінінградзкай вобласьці". Паводле яго, Менск сам перад Новым годам у парушэньне дамоўленасьцяў прапанаваў у 2,5 разы павялічыць кошт транзыту, што ў "Інтэр РАТ" палічылі непрымальным. Новыя ўмовы транзыту павінны пачаць абмяркоўвацца ўжо сёньня.

Цалкам публікацыю чытайце ТУТ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG