Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка зьмешчаны ў СІЗА на два месяцы


Пастановай пракурора Віцебска актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка 10 студзеня зьмешчаны ў СІЗА на два месяцы.

Аб гэтым паведамляе БелаПАН. Раней за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай ёлцы гораду ў дачыненьні да Сяргея Каваленкі была распачата крымінальная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, учыненае паўторна, або групай асоб, або зьвязанае з супраціўленьнем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеяньні, або спалучанае з прычыненьнем менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня). Гэты артыкул прадугледжвае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Сваякі і сябры спадара Каваленкі спадзяваліся, што яго могуць да суду адпусьціць дамоў з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён знаходзіўся апошнія трое сутак. Пасьля затрыманьня прайшло 72 гадзіны, і гэта было б законна, каб пракуратура прыняла адпаведнае рашэньне. Але ў пракуратуры вырашылі інакш.

"Сёньня Каваленку вазілі да пракурора, і ён пастанавіў арыштаваць актывіста на два месяцы, — паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец. — На працягу гэтага часу будзе ісьці сьледзтва. Ня выключана, што тэрмін утрыманьня ў СІЗА будзе падоўжаны".

У Віцебску ствараецца грамадзкі камітэт абароны арыштаванага апазыцыянэра, яго сход адбудзецца 11 студзеня.

"Справа сур'ёзная, улічваючы, што 9 студзеня быў таксама арыштаваны актывіст Тарас Сурган. Магчыма, будуць інкрымінаваць групавыя дзеяньні", — сказаў Павал Севярынец. На яго думку, Сяргей Каваленка можа стаць разьменнай манэтай у гандлі беларускіх уладаў з Захадам.

Верагодную дату суду над Сяргеем Каваленкам праваабаронцам пакуль высьветліць не ўдалося: у міліцыі сказалі, што пакуль што вядзецца сьледзтва.

Віцебскія аднадумцы прапанавалі спадару Каваленку скарыстацца паслугамі знойдзенага імі адваката — пра гэта затрыманаму перадалі празь ягоную маці, якая раней прыяжджала ў Кастрычніцкі РАУС, каб сустрэцца з сынам у перапынку паміж допытамі.

Маці актывіста, спадарыня Лідзія, распавяла, што а 6-й вечара 8 студзеня ў кватэры, дзе жыве яна, Сяргей Каваленка зь сям’ёй і малодшы брат Віталь, быў праведзены ператрус. Міліцыянты знайшлі і канфіскавалі 26 улётак апазыцыйнага зьместу. Пыталіся і пра наяўнасьць бел-чырвона-белых сьцягоў, але ў кватэры іх не было.

7 студзеня на вяршыні 35-мэтровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску зьявіўся вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адбылося прыкладна ў 12.30. Праз 15 хвілін сьцяг з дапамогай пажарнай лесьвіцы зьнялі супрацоўнікі МНС. Каля ёлкі быў затрыманы 34-гадовы Сяргей Каваленка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG