Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры БХД патрабуюць ад БТ абвяржэньня і 100 мільёнаў рублёў


Адзін з пазоўнікаў, Віталь Рымашэўскі. Журналіст БТ Андрэй Крывашэеў падчас фотаздымкі адвярнуўся
Адзін з пазоўнікаў, Віталь Рымашэўскі. Журналіст БТ Андрэй Крывашэеў падчас фотаздымкі адвярнуўся

У Першамайскім судзе Менску пачаўся працэс паводле пазову сустаршыняў аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага да Белдзяржтэлерадыёкампаніі і аглядальніка БТ Андрэя Крывашеева. Партыйныя актывісты лічаць сябе абражанымі тэлебачаньнем.


Падставай для пазову стаў сюжэт, паказаны 27 верасьня ў перадачы “Панарама тыдня” на 1-м тэлеканале. Сюжэт зрабіў карэспандэнт Андрэй Крывашэеў. Сёньня ў судзе Андрэй Крывашэеў не пагадзіўся з тым, што абразіў кагосьці зь лідэраў БХД пэрсанальна:

“БХД гэты сюжэт тычыцца толькі ўскосна, паколькі гэта -- фантом. Больш ён тычыцца тых меркаваньняў і пазыцый, якія агучвалі палітолягі, прадстаўнікі царквы і касьцёлу, адносна шуму вакол спробы стварыць БХД і вакол тых правакацый, якія адбываліся ў краіне”.

Віталь Рымашэўскі сьцьвярджаў, што насамрэч камэнтары альбо хлусьлівыя па сутнасьці, альбо штучна падабраныя. Прыкладам, вядомы дзеяч Расейскай праваслаўнай царквы Андрэй Кураеў у камэнтары для беларускага тэлебачаньня нібыта асуджае пэўных актывістаў БХД. Між тым пазьней протадыякан Андрэй Кураеў заявіў, што ягоныя словы вырваныя з кантэксту і насамрэч ён выказваўся пра “расейскіх лібэралаў”, а нікога з актывістаў БХД увогуле ня ведае.

Віталь Рымашэўскі напрыканцы паседжаньня прапанаваў прадстаўнікам Белдзяржтэлерадыёкампаніі ўмовы, якія назваў “міравым пагадненьнем”: гэта абвяржэньне абразьлівых, на яго думку, зьвестак, грашовая кампэнсацыя ў памеры 50 мільёнаў рублёў кожнаму з пазоўнікаў і пакрыцьцё судовых выдаткаў. Прадстаўнікі тэлебачаньня заявілі, што на такія ўмовы ня згодныя, і паўтарылі сваю пазыцыю: сюжэт на БТ быў не пэрсанальна супроць кагосьці, а пра дзейнасьць незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

Судзьдзя Вольга Багам’я прызначыла новае папярэдняе паседжаньне на час пасьля праваслаўных Калядаў. Судзьдзя мае намер выслухаць пазыцыю другога заяўніка — Паўла Севярынца, які сёньня на суд не прыехаў, спаслаўшыся на хваробу бацькі і сьвяткаваньне Куцьці.

Віталь Рымашэўскі заявіў Свабодзе, што для яго гэты працэс — найперш праверка беларускіх уладаў.

“Часта можна пачуць, што ў Беларусі таталітарны рэжым, што беларускае тэлебачаньне падобнае да гебэльсаўскай прапаганды і што ў Беларусі няма незалежных судоў. Гэта можна спрэс пабачыць у інтэрнэце, пачуць ад грамадзянаў. Але такая сытуацыя ўскладняе жыцьцё беларускаму грамадзтву. Каб праверыць, ці гэта так, ці сапраўды ў Беларусі таталітарызм, мы і вырашылі падаць у суд. Ці разгледзяць наш пазоў, ці дадуць абвяржэньне, як мае быць — ад гэтага залежаць і адносіны да нашай дзяржавы. Мяркую, у Белдзяржтэлерадыёкампаніі гэта мусяць добра разумець”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG