Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах засталося 10 недзяржаўных газэт


У новым годзе ў рэгіёнах Беларусі працягваюць выходзіць 10 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў. Большасьць зь іх пазбаўленыя магчымасьці распаўсюджвацца празь сеткі «Белпошта» і «Белсаюздрук». А некаторыя ўжо застаюцца без рэдакцыйных памяшканьняў.

Праблемы незалежнага друку ў рэгіёнах дасьледуюць карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Журналісты «Газеты Слонімскай» больш за год ня маюць рэдакцыйнага памяшканьня


Акрамя гэтага, ужо больш як год з газэтай не падпісваюць дамоваў на распаўсюджваньне — прадпрыемствы-манапалісты «Белпошта» і «Белсаюздрук», а на друк — друкарні ў Гарадзенскай вобласьці.

Друкаваць «Газету Слонімскую» возяць у Менск, бо ў Слоніме і ва ўсёй Гарадзенскай вобласьці друкарні адмаўляюцца заключаць з рэдакцыяй адпаведную дамову. Рэдактар Віктар Валадашчук кажа, што існуе праблема яшчэ цяжэйшая.

Віктар Валадашчук
Валадашчук: «Вельмі складана рабіць газэту ва ўмовах, калі адсутнічае сталы офіс. Розныя службы, журналісты знаходзяцца ў розных месцах, што, вядома, адбіваецца на арганізацыі і апэратыўнасьці працы. Праўда, мы ўсё ж здолелі зрабіць так, каб газэта трапляла да чытачоў своечасова».

Слонімскія чыноўнікі перашкаджаюць тутэйшым людзям сустракацца з журналістамі


Журналістка Вольга Шынкевіч дадае: калі працуеш у такіх умовах, зьнікае сувязь з чытачом.

Шынкевіч: «Калі было памяшканьне ў рэдакцыі, то чытачы вельмі часта наведваліся. А потым, калі нас адтуль „папрасілі“, людзям ня стала куды заходзіць, і згубілася сувязь з чытачамі. У нас наагул няма ўмоў, каб прыняць людзей».

Даведка «Свабоды»
На сёньня ў рэгіёнах Беларусі ацалелі:
  • «Вольнае Глыбокае»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Брестская газета»,
  • «Брестский кур’ер»,
  • «Инфо-курьер» (Слуцак),
  • «Интекс-пресс» (Баранавічы),
  • «Борисовские новости»,
  • «Рэгіянальная газета» (Маладэчна),
  • «Бобруйский курьер»,
  • «Узгорак» (Горкі).
Віктар Валадашчук кажа, што неаднойчы на працягу году афіцыйна зьвяртаўся да чыноўнікаў самых розных узроўняў, каб выправіць сытуацыю з памяшканьнем для рэдакцыі, атрымаць падпіску, заключыць дамову з друкарняй.

Валадашчук: «Скончылася ўсё толькі размовамі і ківаньнем галавы ў знак разуменьня. А ўсё засталося на ранейшым узроўні. Паколькі ўсе гэтыя праблемы не вырашаюцца на мясцовым узроўні. Іх могуць вырашыць толькі ў адміністрацыі прэзыдэнта».

Сёлета «Газеце Слонімскай» споўніцца 13 гадоў. Яе наклад — каля 7 тысяч асобнікаў, і тры тысячы асобнікаў мае дадатак да газэты — «Отдушина».

Газэта «Наша Слова»: «На большае разьлічваць пакуль не даводзіцца»


Беларуская газэта «Наша Слова» выдаецца ў Лідзе на Гарадзеншчыне. Рэдактар Станіслаў Суднік зазначае, што ня бачыць пакуль новых праблемаў для газэты «Наша Слова», хоць і на лепшыя пэрспэктывы не спадзяецца.

Суднік: «Усё застаецца на тым узроўні, як было ў 2009 годзе. Ізноў будзе не хапаць грошай, давядзецца шукаць. Мы просім звычайна падтрымкі ў Менску ў ТБМ, яны — заснавальнікі. Колькі падпісчыкаў — яшчэ сказаць цяжка. Першы нумар выйшаў, думаю, дзесьці заўтра мы будзем ведаць наконт падпісчыкаў, таксама па рэгіёнах. Мы засталіся ў падпісным каталёгу, у кіёсках газэта прадаецца ў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, і больш пакуль сказаць няма чаго».

Якія матэрыялы трапілі ў першы сёлетні нумар «Нашага Слова»?

Суднік: «На першай старонцы мы даем вельмі цікавую для Беларусі інфармацыю аб тым, што народ знайшоў альтэрнатыву Дзеду Марозу — у Пастаўскім раёне зьявілася лясная сядзіба Зюзі. Даем інфармацыю аб тым, што выйшаў „Грунвальдзкі каляндар“, вялікі насьценны... Наклад газэты застаўся ранейшы — дзьве тысячы асобнікаў, аб’ём — чатыры паласы. Ёсьць спадзяваньне, што, можа, зь лютага-сакавіка будзе восем палосаў».

Выходзіць новы нумар часопіса «Лідзкі летапісец»


Станіслаў Суднік выпускае таксама часопіс «Лідзкі летапісец». Ці будзе ён выходзіць сёлета?

Суднік: «Лідзкі летапісец» зараз будзе інтэнсіўна наганяць, бо мы адсталі. Я ўжо сёньня прывёз вокладку, даем шмат цікавага матэрыялу. Будзе аб’ёмны надзвычай матэрыял — «Прызывы ў войска па Лідзкім раёне», пачынаючы зь японскай вайны, заканчваючы 1945 годам. Гэта страшная колькасьць людзей была прызваная, і лічаныя зь іх вярнуліся. А хто вярнуўся, напрыклад, з арміі Андэрса, загрымелі ў Сыбір«.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«З-за палітычнага ўціску наша газэта ўжо страціла два гадавыя бюджэты»


На Магілёўшчыне ў 2009 годзе адной недзяржаўнай газэце ўлады дазволілі вярнуцца ў дзяржаўную сетку распаўсюджваньня. Яшчэ адно выданьне зарэгістравалі, але бяз права доступу да кіёскаў «Белпошты». Спробы зарэгістраваць яшчэ адну газэту не далі плёну.

Паўгода як недзяржаўная газэта «Бабруйскі кур’ер» атрымала доступ да дзяржаўнай сеткі распаўсюду. Цяпер яе можна набыць і ў кіёсках «Саюздруку». Там газэты не было два з паловай гады.

Анатоль Санаценка
«Супрацьдзеяньне ўладаў нікуды не падзелася. Як і раней, існуе забарона на разьмяшчэньне рэклямы. У цэлым за шэсьць гадоў рэпрэсіяў мы страцілі прыкладна два гадавыя бюджэты газэты. Зразумела, што перадвыбарчы год пагражае пэўнымі абмежаваньнямі. Вось зьмены, якія рыхтуюцца ў адносінах рэгуляваньня інтэрнэту, яны як раз пра гэта й сьведчаць», — зазначае рэдактар газэты Анатоль Санаценка.

Горацкая газэта «Ўзгорак» дамагаецца гандлёвай ліцэнзіі


Дамагчыся месца ў кіёсках «Саюздруку» не ўдалося горацкай агульнапалітычнай недзяржаўнай газэце «Ўзгорак». Міністэрства інфармацыі яе зарэгістравала летась пры канцы красавіка. Ня можа пахваліцца выданьне пакуль і накладам. Ён крыху перавышае тысячу асобнікаў:

«Зараз ў падалі дакумэнты на атрыманьне гандлёвай ліцэнзіі. Потым адчынім некалькі гандлёвых пунктаў. У пэрспэктыве зоймемся й падпіскай, бо бяз гэтага выжыць нельга. Цяпер выжываем за кошт рэклямы. Ёсьць у нас сталыя рэклямадаўцы. Што тычыцца выбараў, то я сам пайду кандыдатам у дэпутаты. У газэце ж самі будзем даваць магчымасьць друкаваць свае праграмы незалежным кандыдатам», — зазначае выдавец газэты Эдуард Брокараў.

Эдуард Брокараў
«Узгорак» — адзінае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне, якому ўдалося атрымаць рэгістрацыю ў рэгіёне. А вось у абласным цэнтры недзяржаўная газэта «Магілёўскі час» гэтым пахваліцца ня можа. Ёй Міністэрства інфармацыі ад верасьня тры разы адмаўляла ў рэгістрацыі.

«Рэгістрацыя газэт выклікае ў дзяржавы панічны страх. Ён найперш зьвязаны з боязьзю страціць уладу. Калі б не было б выбараў, былі б іншыя прычыны, якія б заміналі нашай рэгістрацыі. Выбары, канечне, дадаюць нэгатыву, аднак гэта не адзіная праблема. Праблема ў самой дзяржаве», — мяркуе дырэктарка таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Магілёўскі час» Ганна Ільіна.

Першы раз газэту адмовіліся рэгістраваць, бо ў яе галоўнага рэдактара не было вышэйшай адукацыі. Другі раз — праз адсутнасьць у рэгістрацыйным пакеце копіі дамовы заснавальніка зь юрыдычнай асобай, на якую ўскладаліся функцыі рэдакцыі газэты. Трэці раз — выявілася, што памяшканьне, у якім разьмяшчаўся юрыдычны адрас выданьня, не адпавядала патрабаваньням заканадаўства.

ВІЦЕБШЧЫНА


Забарона падпіскі на газэту «Вольнае Глыбокае» дзейнічае яшчэ ад прэзыдэнцкіх выбараў


Адзінай незалежнай газэце на Віцебшчыне споўнілася 15 гадоў — у апошнія дні 2009-га году юбілей адсьвяткавала выданьне «Вольнае Глыбокае».

Уладзімер Скрабатун
Рэдактар і выдавец Уладзімер Скрабатун лічыць галоўным дасягненьнем газэты тое, што ёй увогуле ўдалося выжыць у цяперашніх складаных палітычных умовах:

«З дасягненьняў — наагул, можа, толькі тое, што нам удалося выжыць, адзінай незалежнай газэце. Зь верасьня 2001 году яна выходзіць штотыднёва на 16-ці палосах. Наклад у нас невялікі, усяго 2 тысячы паасобнікаў. У лепшыя часы быў 3,5 тысячы, ды яшчэ з пэрспэктывай росту — пакуль нам не забаранілі падпіску напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году».

Падпіскі на «Вольнае Глыбокае» няма й дагэтуль — хаця грамадзкасьць гораду неаднаразова падтрымлівала захады рэдакцыі ў гэтым кірунку. Адзінае, чаго ўдалося дасягнуць, — гэта дазволу на распаўсюд у шапіках «Белсаюздруку». З кастрычніка мінулага году «Вольнае Глыбокае» за адну тысячу рублёў можна набыць і ў шапіках, і ў распаўсюднікаў на Глыбоцкім кірмашы.

Уладзімер Скрабатун распавядае, што ніколі ня думаў быць адзіным на Віцебшчыне выдаўцом незалежнай газэты грамадзка-палітычнага зьместу. Будаўнік паводле адукацыі, ён некалькі год працаваў у Латвіі і дасылаў у глыбоцкую раёнку свае краязнаўчыя матэрыялы. Аўтарытэт краязнаўцы нечакана адыграў адмоўную ролю: калі ён прыехаў жыць у Глыбокае, то ня мог уладкавацца на працу па спэцыяльнасьці, бо яго лічылі апазыцыянэрам і нацыяналістам. Таму і давялося шукаць занятку самому — і спадар Скрабатун пачаў выдаваць газэту «Вольнае Глыбокае», якую і цяпер улады лічаць «апазыцыйнай».

Зарэгістраваць яшчэ адну незалежную газэту ў Глыбокім не ўдалося: летась актывіст руху «За свабоду» Яраслаў Берніковіч падаваў дакумэнты на рэгістрацыю выданьня грамадзка-палітычнай тэматыкі пад назвай «Прэфект інфо», аднак яму адмовілі.

Газэту «Витебский курьер» зачынілі, а рэдактара выжылі з гораду


Віцебскі распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда кажа, што ў абласным цэнтры адсутнасьць незалежных выданьняў адчуваецца востра. Некалі тут існавала папулярная незалежная газэта «Витебский курьер»:

«Я распаўсюджваў „Витебский курьер“, цяпер яе ўжо няма — газэту зачынілі ўлады, а рэдактара выціснулі з гораду. Гэта было дужа папулярнае дэмакратычнае выданьне, чытала яго ў асноўным інтэлігенцыя. Дагэтуль да мяне падыходзяць і пытаюцца, ці яна адновіцца. Я тады адказваю: якая газэта без рэдактара? Бо Ўладзімер Базан і „Витебский курьер“ — гэта былі сынонімы. І бяз гэтага рэдактара будзе ўжо іншая газэта».

Пасьля таго як «Вітебскому курьеру» не ўдалося перарэгістравацца, рэдактар Уладзімер Базан зьехаў зь Беларусі і цяпер працуе на Ўкраіне.

Цяпер інфармацыя крытычнага зьместу даступная хіба толькі для наведнікаў незалежных інтэрнэт-сайтаў Віцебшчыны: гэта «Народныя навіны Віцебску», спадкаемца таксама зачыненай незалежнай газэты «Хімік», сайт навінаў Паўночна-Заходняй Беларусі і Літвы westki.infо і сайт chashniki.info, створаны тамтэйшым актывістам Аляксеем Александровічам.

Камэнтар «Свабоды»
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Аляксандар Старыкевіч лічыць, што аднаўленьне нармальнага распаўсюду недзяржаўных выданьняў — пытаньне ня права, а палітыкі. Ён лічыць, што напярэдадні чарговых выбараў у мясцовыя Саветы ўлада будзе яшчэ больш жорстка кантраляваць выданьні ў рэгіёнах:

«Ціск на незалежныя СМІ ўзмоцніцца, што адбывалася і ў ранейшыя часы. Бо інакш, на жаль, існуючая ўлада працаваць ня ўмее, дый не жадае».

Аляксандар Старыкевіч таксама выказвае парады журналістам, якія змагаюцца за свабоду слова ў Беларусі:

«Я мяркую, што сьцеражыся, не сьцеражыся, але калі ўлада вырашыць зачыніць незалежнае выданьне, то ўберагчыся ад гэтага практычна нерэальна. Таму я магу параіць калегам: трэба сумленна рабіць сваю працу. Прынамсі, толькі такім чынам можна захаваць павагу ў чытачоў. А гэта, пэўна, самае галоўнае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG