Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі актывіст ня згодны з прысудам


Кастусь Смолікаў у судзе.
Кастусь Смолікаў у судзе.

Старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў ня згодны з рашэньнем судзьдзі Тацяны Дзегцяровай, якая прысудзіла яму сёньня 70 тысяч рублёў штрафу.

Нягледзячы на тое, што штраф памерам дзьве базавыя велічыні паводле артыкула «Самаўпраўства» — мінімальны, спадар Смолікаў ня лічыць, што зьдзейсьніў адміністрацыйнае правапарушэньне.

Аляксандар Мікулін
Пасьля таго як судзьдзя Віцебскага райсуду на дапусьціла да ўдзелу ў працэсе юрыста Аляксандра Мікуліна, прадстаўніка грамадзкай ініцыятывы «Прававая дапамога насельніцтву», Кастусь Смолікаў паспрабаваў самастойна давесьці суду, што ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінізму — не падстава, каб выносіць яму пакараньне.

Ён распавёў, што крыжы каля вёскі Паляі віцебскія апазыцыянэры пачалі ўсталёўваць яшчэ з 1989 году — на знак памяці пра падзеі, добра вядомыя мясцовым жыхарам. Таго, што на ўзьлеску каля шашы Віцебск — Лёзна ў сталінскія часы расстрэльвалі людзей, не адмаўляюць і ў тамтэйшым Варонаўскім сельсавеце.

Між тым менавіта старшыня сельсавету Юры Восіпаў зьвярнуўся ў пракуратуру, даведаўшыся, што 29 кастрычніка на месцы трагедыі зьявілася 5 новых драўляных крыжоў. Спадар Смолікаў паведаміў чыноўніку пра гэта, спадзеючыся на падтрымку — бо крыжы пад Паляямі раз-пораз нішчылі вандалы. Аднак той зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру. Пракуратура ж ініцыявала адміністрацыйную справу, вынікам якой стаўся сёньняшні штраф паводле артыкула 23.39.

Кастусь Смолікаў і Барыс Хамайда, які таксама неаднойчы ставіў крыжы ў Паляях.
Судзьдзя Тацяна Дзегцярова палічыла Кастуся Смолікава вінаватым, узяўшы пад увагу не ягоныя тлумачэньні, а адмысловую пастанову Савету Міністраў, якая рэглямэнтуе парадак усталяваньня манумэнтаў і помнікаў. Актывіст лічыць зварот да гэтага дакумэнта недарэчным:

«Савет Міністраў вызначыў парадак стварэньня манумэнтальных і манумэнтальна-дэкаратыўных твораў мастацтва — гэта помнікі, мэмарыяльныя шыльды, гарадзкая скульптура... Крыжоў у гэтым пераліку няма, як няма і іншых адзнак, якімі вызначаюцца мэмарыяльныя мясьціны. Тым болей калі гэта ў лесе, дзе, як ведаюць усе мясцовыя жыхары, ляжаць іхныя сваякі, блізкія. А мясцовыя ўлады нічога ня робяць для ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій.

У 2007-м годзе віцебскія сябры Партыі БНФ зьвярталіся ў Віцебскі райвыканкам, каб надаць гэтым мясьцінам статус мэмарыяльнага запаведніка. Але ў адказ атрымалі адмову.

Цяпер віцебскія актывісты зьбіраюцца адаслаць зварот у Міністэрства культуры, каб месца масавых рэпрэсій паміж вёскамі Паляі і Вароны недалёка ад аўтатрасы Р21 Віцебск — Лёзна было прызнана гістарычна-культурнай каштоўнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG