Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тых, хто зьнішчыў крыжы ў Паляях, яшчэ не знайшлі


Зьнішчаны крыж у Паляях
Зьнішчаны крыж у Паляях

Супрацоўнікі Віцебскага райаддзелу міліцыі яшчэ вырашаюць, ці заводзіць справу супраць вандалаў, якія зьнішчылі мэмарыяльныя крыжы на месцы загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.


Пра зьнікненьне трох драўляных крыжоў, усталяваных пад вёскай Паляі віцебскімі апазыцыянэрамі, стала вядома яшчэ 25 верасьня. У той самы дзень старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў і каардынатарка стваранай Партыі БХД Тацяна Севярынец напісалі заявы ў мясцовы Варонаўскі сельсавет і райаддзел міліцыі. І толькі сёньня іх выклікаў на гутарку ўчастковы, маёр міліцыі Сяргей Субоцін — бо праз два дні ўжо сканчаецца месяц, адведзены заканадаўствам на міліцэйскую праверку.

Паводле Тацяны Севярынец, міліцыянты яшчэ не знайшлі вінаватых. Аднак спадар Субоцін запытаўся, якой грашовай кампэнсацыі за зьнішчаныя памятныя сымбалі хацелі б апазыцыянэры:

Тацяна Севярынец
“Ён пытаўся, калі і адкуль мы даведаліся пра зьнікненьне і колькі каштуюць тыя крыжы. Адкуль я ведаю? Мы іх рабілі сваімі рукамі, ставілі іх прадстаўнікі дэмакратычных колаў Віцебску, якія ведаюць, што тут расстрэльвалі людзей у сталінскія часы. І гэта для нас сьвятое месца, таму крыжы каштуюць для нас шмат, але грашыма гэта не вымяраецца! Тады ён спытаў, ці ёсьць у нас дазвол ставіць там крыжы. Слухайце, кажу, мы іх ставілі і будзем ставіць — узновім гэтыя крыжы і паставім цэлую алею!”

20-га кастрычніка аднаўленьне крыжоў ужо пачалося. Побач з ацалелым жалезным крыжам, пастаўленым некалі праваслаўнымі сьвятарамі, ужо зьявіўся першы новы драўляны.
Мы іх ставілі і будзем ставіць — узновім гэтыя крыжы і паставім цэлую алею!
А раней такіх самаробных драўляных памятных сымбаляў было тры.

Сакратарка Варонаўскага сельсавету, да якога належыць вёска Паляі, кажа, што гэтая купка крыжоў у лесе нікому не замінала і ніякага загаду, каб іх зьнішчыць, улады не давалі:

“Пра гэта і гаворкі не было! Мы туды пад’яжджалі, глядзелі і былі зьдзіўленыя, трэба сказаць! Па-першае, яны нікому не заміналі. Гэта ж гістарычнае месца, пра гэта ведаюць усе. Прынамсі, усе мясцовыя людзі ведаюць, што тут было месца масавых расстрэлаў”.

Тым ня менш старшыня суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, паводле ягоных словаў, атрымаў з сельсавету даволі нечаканы адказ на сваю просьбу дапамагчы ў пошуках вандалаў:

Кастусь Смолікаў
“Напісалі, што не прадугледжаны патрабаваньні ад палітычных партый як спосаб іхнай дзейнасьці і ажыцьцяўленьня правоў. Гэта значыць, што партыі нібыта ня могуць зьвяртацца з заявамі ды скаргамі ў Варонаўскі сельскі савет. Хаця партыі ўсё гэта могуць — і гэта нават вышэйшы прававы ўзровень у параўнаньні са зваротамі простых грамадзян”.

Адказ зь сельсавету Кастусь Смолікаў лічыць спробай звыклай бюракратычнай адпіскі. Сёньня падчас гутаркі ў РАУС ён запытаў ва ўчастковага, маёра Субоціна, ці мае міліцыя распачаць крымінальную або адміністрацыйную справу супраць вандалаў. Дакладнага адказу яму не далі: міліцыянт сказаў, што гэта вырашыцца па заканчэньні праверкі, тэрмін якой сыходзіць 25 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG