Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальна-культурныя асаблівасьці-2010


Каляндар ТБМ на 2010 год
Каляндар ТБМ на 2010 год

Якімі знакавымі датамі і гістарычнымі падзеямі будзе адзначаны 2010 год у нацыянальна-культурным жыцьці краіны? Ці азначае асьцярожная дзяржаўная рэанімацыя беларушчыны паварот улады да спадчынных каштоўнасьцяў? На гэтыя ды іншыя пытаньні шукаюць адказы нашыя экспэрты.


Якія даты адзначым?

Гэта будзе год стагодзьдзяў знакавых і нават легендарных асобаў беларускай гісторыі і культуры — паэткі Ларысы Геніюш, джазмэна Эдзі Рознэра, навукоўцы ў галіне астранаўтыкі і дзеяча беларускай эміграцыі Барыса Кіта, дзеяча харавога мастацтва Генадзя Цітовіча.

Сёлета мы адзначым 105 гадоў акторкі Стафаніі Станюты, 110 гадоў паэтаў Уладзімера Жылкі, Аркадзя Моркаўкі і Ўладзімера Дубоўкі, сьпевака Міхала Забэйды-Суміцкага і мастака Пётры Сергіевіча, 120 гадоў аўтара гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова і пачынальніка беларускай літаратурнай крытыкі Сяргея Палуяна, 125 — стваральніка беларускага кіно Юр’я Тарыча, 140 — мастака Фэрдынанда Рушчыца, 170 — пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча і 200-годзьдзе мастака Івана Хруцкага.

Не прамінем ушанаваць 120-годзьдзе Менскага гарадзкога тэатру і 440 гадоў Віленскага езуіцкага калегіюму — першай вышэйшай навучальнай установы ВКЛ.

Не забудземся на 480-годзьдзе асьветніка-рэфарматара Васіля Цяпінскага і 540-годзьдзе паэта-лацініста Міколы Гусоўскага.

А яшчэ ў 2010-м споўніцца 80 гадоў пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу і 600 гадоў, як нашыя продкі перамаглі пад Грунвальдам тэўтонскіх рыцараў і захавалі незалежнасьць радзімы.

І як не згадаць тых нашых сучасьнікаў, якія будуць самі сьвяткаваць сёлета свае слаўныя даты: народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін — 75, а адзін з прэтэндэнтаў на аўтарства знакамітага “Сказу пра лысую гару” Мікола Аўрамчык — 90.

Каго і што ўшануе дзяржава?

2010 год Міністэрства культуры абвясьціла — на прапанову польскага боку — годам Фрыдэрыка Шапэна ў Беларусі. Славуты кампазытар мае ўсе падставы, каб яго 200-годзьдзе ўшаноўвалася на дзяржаўным узроўні. Але ня толькі ён.

Прапанова шэрагу грамадзкіх арганізацыяў абвясьціць год стогадовага юбілею Ларысы Геніюш яе годам праігнараваная ўладамі. Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Міхась Скобла тлумачыць гэта тым, што легендарная паэтка не рэабілітаваная незалежнай Беларусьсю, за змаганьне за якую была рэпрэсаваная:

“Ларыса Геніюш была асуджаная амаль шэсьцьдзесят гадоў таму па двух артыкулах тагачаснага Крымінальнага кодэксу БССР, якія сёньня гучаць проста абсурдна. Артыкул 66 “Дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці супраць СССР” і артыкул 76 “Контрарэвалюцыйная дзейнасьць”. Тройчы за часы незалежнасьці рабілася спроба рэабілітаваць Ларысу Геніюш, і адказы былі адназначныя — у рэабілітацыі адмовіць. І прычына тут мне бачыцца адна. Аднойчы ў праграме БТ “Панарама” Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён (цытата) “разабраўся са складаным лёсам Ларысы Геніюш”. А калі кіраўнік краіны з чымсьці разьбіраецца, то другім галінам улады, у тым ліку судовай, там разьбірацца ня хочацца”.

Не знайшла падтрымкі ў дзяржаўных органах і прапанова грамадзкасьці зрабіць год 2010-ты Годам беларускай мовы. На думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, менавіта гэты год у многім вырашыць лёс роднай мовы ў краіне:

“З 1 верасьня ўлады ўводзяць новы правапіс беларускай мовы, а Палата прадстаўнікоў абяцала ў гэтым годзе ўнесьці праўкі ў Закон аб мовах на нашую карысьць. Так што някепска было б якраз гэты год назваць Годам роднай мовы. Я б сказаў, што дзесьці пяцьдзясят на пяцьдзясят яшчэ ёсьць шанцы, што такі ўказ зьявіцца. А ня будзе ўказу — будзем усё роўна дзейнічаць”.

А вось 600 гадоў перамогі пад Грунвальдам Беларусь будзе сьвяткаваць на дзяржаўным узроўні. Што не выключае ініцыятывы грамадзкіх арганізацыяў, зазначыў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч:

“Ужо выбрана пляцоўка, і Міністэрства культуры ўзгадніла гэтую пляцоўку, дзе будуць асноўныя мерапрыемствы, — гэта Наваградак. У іншых месцах, там, дзе захоўваецца памяць пра Грунвальд, яны будуць на сваім рэгіянальным узроўні адзначацца. Вось, напрыклад, у верасьні ў Ваўкавыску будзе сьвята гораду, і гэтае сьвята будзе адбывацца ў прывязцы менавіта да юбілею Грунвальду”.

Мяркуецца, што дата 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі будзе ўшанаваная некалькімі мэмарыяльнымі знакамі, а вось помнікаў кіраўнікам аб’яднаных войскаў ВКЛ — вялікаму князю Вітаўту і каралю Польшчы Ягайлу — хутчэй за ўсё, у Беларусі сёлета так і ня зьявіцца, дадае спадар Астаповіч.

Якімі тэндэнцыямі ў нацыянальна-культурным жыцьці будзе адметны 2010 год?

Філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч лічыць, што 2010-ты будзе для беларускай культуры яшчэ больш складаны, чым папярэдні, з прычыны ўсясьветнага і нацыянальнага фінансава-эканамічнага крызісу:

“Рэч у тым, што нават калі і ў сусьвеце, і ў нашай краіне гэты крызіс зьменіцца нейкім пад’ёмам, то ён не кране культуры, бо культура з крызісу будзе выходзіць апошняй. Таму што людзям найперш істотна, чым жыць, а ня як жыць”.

Што, кажа спадар Акудовіч, яшчэ больш звузіць прыватныя і грамадзкія культурныя ініцыятывы. Пры гэтым ён зазначае, што гэта не паўплывае на ўзровень сучаснай беларускай літаратуры, якая, паводле ягоных словаў, вартая эўрапейскага чытача і эўрапейскіх узнагарод. Улучна з Нобэлеўскай прэміяй, на атрыманьне якой напярэдадні Новага году Беларускі ПЭН-цэнтар зноў вылучыў Рыгора Барадуліна.

Год будзе адзначаны далейшай эўрапеізацыяй сьвядомасьці беларусаў наагул, кажа кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка:

“Ідзе павольны такі, на маё разуменьне, працэс усталяваньня мяжы, якой у нас доўгі час папросту не існуе. Я маю на ўвазе мяжу ня толькі рэальную ў прасторы, але й мяжу ў сьвядомасьці людзей. І гэтая мяжа — мяжа з Расеяй. Нарэшце гэтая культурная, інтэлектуальная, каштоўнасная мяжа павінна быць усталяваная”.

Гэтаму працэсу спрыяюць асьцярожныя крокі ўлады, на ўзмацненьне якіх спадзяецца Валянцін Акудовіч:

“Бо як бы там ні было, як бы мы ні высільваліся ўсе, каму баліць за Беларусь, за беларускую культуру, літаратуру, але пакуль на поўную моц дзяржава ня возьмецца за гэтую справу, яна будзе прасоўвацца вельмі марудна. А гэта — нядобра”.

Алесь Анціпенка, праўда, мяркуе, што кволая рэабілітацыя беларушчыны на ўзроўні дзяржаўных інстытуцыяў выкліканая ня клопатам пра нацыянальна-культурныя каштоўнасьці, а прагматызмам уладаў, які будзе вызначаць і наступныя іхнія крокі ў гэтым кірунку:

“Насамрэч — гэта ня ёсьць нейкай такой стратэгічнай задачай па вяртаньні да беларушчыны. Гэта, хутчэй, такі палітычны дапаможнік для таго, каб палепшыць імідж сёньняшняй улады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG