Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі — канікулы, а ў Беларусі — прастоі


У Расеі першы працоўны дзень у гэтым годзе будзе толькі 11 студзеня. З прычыны такіх працяглых канікулаў шмат якія беларускія прадпрыемствы, залежныя ад расейскіх дастаўцаў і рынкаў, таксама вымушаныя прастойваць. Пра пачатак году на прамысловых прадпрыемствах апавядаюць рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Працуюць толькі тыя, каму нельга спыніцца


У першы працоўны дзень новага году шмат якія гомельскія прадпрыемствы працягваюць сьвяткаваць. Стаяць нават такія буйныя прадпрыемствы, як станкабудаўнічы завод імя Кірава.

Апавядае рабочы прадпрыемства спадар Мікалай:

“Новы год, а мы пашлі гуляць. Сёньня не працавалі — 11 студзеня выйдзем на працу. Няма збыту прадукцыі. Крызіс! Заробкаў у людзей няма. Невядома, што будзе далей”.

Паводле суразмоўцы, станкабудаўнікі спынілі працу яшчэ за тыдзень да Новага году. Адзін са спэцыялістаў прадпрыемства ўдакладніў, што завод два дні стаяў, бо адключылі электраэнэргію:

“Хацелася б ужо працаваць! Па-першае, перад Новым годам закрыў завод на два дні гарэнэргазбыт за спажытую, але неаплачаную электраэнэргію. Ні ў кога няма грошай, хаця станкі й патрэбныя. Нават МАЗ у апошні час разьлічваўся з намі машынамі”.

Таксама сёньня ў Гомелі не пачыналі працы завод вымяральных прыбораў, фанерна-запалкавы камбінат, завод пускавых рухавікоў.

Да 11 студзеня на вакацыях застаецца большасьць працаўнікоў заводу ліцьця й нармаляў (ЗЛіН), які ўваходзіць у аб’яднаньне “Гомсельмаш”.

Апавядае рабочая ЗЛіНу:

“Працуюць толькі тыя, дзе нельга наогул спыніцца. Гэта ліцейная вытворчасьць, дзе ёсьць печы. Яны круглыя суткі малоцяць. Астатнія ў нас усе гуляюць. Адміністрацыя эканоміць электраэнэргію і ўсё, што можна зэканоміць. Ну, і яшчэ Белы дом, гэта значыць заводаўпраўленьне, працуе: у іх папяровай працы хапае”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Год пачаўся з таго, што трэба выбіваць даўгі…”

Шэраг прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне вымушаны былі працягнуць калядныя канікулы. Пераважна гэта датычыць прыватных прадпрыемстваў.

Сёньня ў шэрагу прадпрыемстваў прыватнай уласнасьці, якія займаюцца вытворчасьцю мэблі, не адказваюць тэлефоны. У адной слонімскай фірме дырэктар патлумачыў мне, што шмат хто з вытворцаў мусіў працягнуць канікулы.

Сёлетні год, са слоў суразмоўцы, ізноў пачынаецца з праблемаў. Найболей цярпяць тыя, чыя вытворчасьць была скіравана на Расею. Праўда, беларускія спажыўцы сёлета заўважна парушаюць тэрміны разьлікаў за гатовую прадукцыю.

Спадар: “Цяпер, як і паўсюль, — усе судзяцца, ува ўсіх разьлікі…”

Карэспандэнт: “А часьцей вінавацяцца прыватныя ці дзяржаўныя фірмы?”

Спадар: “Прыватныя чамусьці. Зь дзяржаўнымі было працаваць лягчэй, яны месяц патрымаюць грошы і аддаюць, а гэтыя нешта круцяць, нешта сабе набываюць…”

Спадар кажа: год пачаўся з таго, што трэба выбіваць даўгі, каб ня стала свая вытворчасьць.

Дырэктарка гарадзенскай рэклямнай фірмы распавядае, што мінулы крызісны год быў вельмі складаны, а сёлета, зь яе слоў, вялікая праблема палягае ў платаздольнасьці заказчыкаў.

Спадарыня: “Вельмі шмат няплатнікаў, вельмі дрэнна аплачваюць гатовую прадукцыю, ува ўсіх складанае фінансавае становішча. Летась неяк у гэты час людзі яшчэ стараліся расплаціцца, заказы зрабіць. А сёлета зусім дрэнна”.

На гуце ў Бярозаўцы таксама працуе ня ўвесь калектыў. Тым, хто задзейнічаны на выпуску крышталёвага шкла, пашэнціла болей — праца не спыняецца, а вытворцы звычайнага шкла застаюцца на канікулах. Вось што кажа адзін з рабочых прадпрыемства.

Спадар: “Наагул нам кажуць нейкія глупствы — кшталту, што трэба эканоміць газ, што яго ліміт урэзалі для прадпрыемства. Насамрэч — думаю, што папросту няма збыту прадукцыі, і, хутчэй за ўсё, скарачаюць фонд заробкаў”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Расея пакуль не купляе бахілаў

У Крычаве прыпыніў працу завод гумовых вырабаў. У прадпрыемства нестае абаротных сродкаў. Працоўны калектыў адпраўлены ў вымушаны адпачынак.

Пра тое, што прадпрыемства спыніла працу, “Свабодзе” паведамілі журналісты крычаўскай недзяржаўнай газэты “Вольны горад”. Паводле рэдактара выданьня Сяргея Няроўнага, вымушана адпачываць працоўны калектыў прадпрыемства будзе да першага лютага:

“Прычына — недахоп абаротных сродкаў, каб закупіць сыравіну, якую звычайна набываюць у Расеі. У свой час завод атрымаў вялікі дзяржаўны крэдыт — адзін мільярд рублёў. Яны купілі італьянскую лінію новую. Частка сродкаў пайшла на закуп сыравіны. Дзяржава тады не давала прадпрыемству збанкрутаваць. Хаця яно магло збанкрутаваць год таму”.

Кіраўніцтва адмаўляе, што прадпрыемства спыніла працу, але прызнае: работнікі некаторых цэхаў насамрэч не працуюць.

“Расея гуляе, і мы гуляем. Уся сыравіна практычна адтуль. Другі цэх яшчэ знаходзіцца ў адпачынку. Гэта клеявы абутак. Яны пайшлі ў адпачынак яшчэ ў сьнежні. У іх адпачынак канчаецца недзе 13 студзеня. Астатнія будуць гуляць нехта ў студзені, а нехта адгуляў у сьнежні. Адгрузка ў нас ідзе са складоў. Проста Расея ж стаіць”, — тлумачыць прадстаўніца адміністрацыі.

Большую частку сваёй прадукцыі, гумовыя боты й галёшы, прадпрыемства пастаўляе на расейскі рынак. Летась утрымацца на плыву прадпрыемству дапамог заказ Аўганскай гандлёвай кампаніі. Аўганцам спатрэбілася больш за паўмільёна галёшаў. Ад леташняга сакавіка і амаль да канца году працоўны калектыў з трохсот чалавек рыхтаваў адмысловы азіяцкі фасон галёшаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG