Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне — болей за мільён, у Менску — 23 тысячы


Паводле міліцыі, паглядзець на навагодні салют у Менску прыйшлі ўсяго 23 тысячы чалавек. Зьмяншэньне падчас навагодніх сьвятаў колькасьці злачынстваў, затрыманьняў, трапляньняў у выцьвярэзьнікі ды іншых інцыдэнтаў у міліцыі тлумачаць “павышэньнем узроўню культуры і арганізацыі сьвятаў”. Варта, аднак, адзначыць, што размах сьвяткаваньняў сёлета быў значна меншы, чым у папярэднія гады.


4 студзеня ў Нацыянальным прэсавым цэнтры падводзілі вынікі навагодніх сьвятаў. Паводле аднаго з кіраўнікоў управы аховы правапарадку МУС Аляксандра Барсукова, падчас навагодніх сьвятаў удвая меней, чым летась, было затрымана парушальнікаў грамадзкага парадку, не зарэгістравана забойстваў і значных кватэрных рабункаў, у некалькі разоў зьменшылася колькасьць пацярпелых ад піратэхнічных вырабаў. Тлумачыцца гэта, у прыватнасьці, тым, што сёлета салюты ў раёнах сталіцы не праводзіліся:

“У Менску асноўным мерапрыемствам быў сьвяточны салют каля стэлы “Горад-герой”. Там сабралася каля 23 тысяч. У выніку мерапрыемствы прайшлі спакойна. Нават калі ўзяць такі паказчык, як дастаўленьне ў выцьвярэзьнік — калі летась туды патрапілі за навагоднюю ноч 23 чалавекі, то зараз толькі 7”.

Значна меней пацярпела ў Менску і ўвогуле па Беларусі ад піратэхнічных вырабаў: 15 чалавек, зь іх 3 шпіталізаваныя. Палкоўнік Барсукоў патлумачыў гэта прафіляктычнай працай: незаконна набытых піратэхнічных вырабаў сёлета было канфіскавана ў 5 разоў болей, чым год таму.

І ўсё ж сьвяты не прайшлі без пацярпелых і ахвяраў. Алег Панчук, прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя, паведаміў пра тых, хто пацярпеў ад марозу і сьлізкіх дарог:

Алег Панчук
“З 24 сьнежня па 3 студзеня колькасьць пацярпелых ад галалёдных траўмаў — 1493, зь іх 109 шпіталізаваныя. Атрымалі траўмы ад холаду 145 чалавек, зь іх абмарозіліся 51, 68 былі шпіталізаваныя з дыягназам “пераахалоджваньне”, а дзесяці пацярпелым дапамагаць было запозна, бо яны замерзьлі”.

Непасрэдна ў навагоднюю ноч замерзьлі 3 чалавекі: па адным у Віцебскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцях, удакладніў Алег Панчук.

Паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, 1 студзеня адзін чалавек загінуў, праваліўшыся пад лёд. Напярэдадні сьвятаў тры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, загінулі на вадаёме ў Берасьці. Мужчына, які кінуўся ратаваць дзяцей з вады, патануў разам зь імі. Цела яго дагэтуль ня знойдзена.

Пра сытуацыю з пажарамі паведаміў Віталь Пакурын з МНС:

“У навагоднюю ноч узьнікла 15 пажараў, а летась было 19. Сёлета ад піратэхнікі ўзьніклі 4 пажары, у тым ліку адзін пажар узьнік у Менску ад пэтарды, якая трапіла ў кватэру. Гэта было на 3 паверсе 9-павярховага дома. Узьнік пажар, загарэлася маёмасьць, але прыбыў нарад пажарных і ліквідаваў загараньне, а людзей эвакуявалі”.

Сярод кур'ёзаў навагодніх сьвятаў — затрыманьне ў Менску нецьвярозага Дзеда Мароза, які спрабаваў сваім кіем рэгуляваць дарожны рух.

Паводле палкоўніка Аляксандра Барсукова, падчас навагодніх сьвятаў у Беларусі несанкцыянаваных вулічных мерапрыемстваў палітычнага зьместу не праводзілася. “Нашы грамадзяне разумеюць, што і калі праводзіць”, — зазначыў міліцыянт. Аляксандр Барсукоў паведаміў, што асабіста атрымаў два віншаваньні з Новым годам ад апазыцыйных актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG