Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа спыніць транзыт расейскай электраэнэргіі ў Калінінград


“Белэнэрга” заяўляе, што магчымае спыненьне транзыту расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць.


“Да гэтага часу расейскія энэргетычныя кампаніі (…) не ўзгаднілі зь беларускім бокам умовы транзыту электраэнэргіі па тэрыторыі Беларусі для энэргазабесьпячэньня спажыўцоў Калінінградзкай вобласьці і для камэрцыйных паставак у краіны Балтыі. Тым ня менш расейскі бок такі транзыт ажыцьцяўляе, і паводле стану на 4 студзеня 2010 г. аб'ём несанкцыянаванага транзыту склаў каля 39,5 млн квт/г”, — сказана ў распаўсюджанай у панядзелак заяве.

“Дадзеныя дзеяньні расійскага боку вымушаюць беларускі бок разглядаць меры па спыненьні несанкцыянаванага камэрцыйнага перамяшчэньня электраэнэргіі празь сеткі беларускай энэргасыстэмы, што можа паставіць пад пагрозу надзейнае энэргазабесьпячэньне спажыўцоў Калінінградзкай вобласьці, у тым ліку насельніцтва”, — сказана ў паведамленьні “Белэнэрга”.

“Расейскі бок не ўзгадніў цану транзыту, і таму мы ня маем юрыдычных падстаў для працягу транзыту, мы парушаем заканадаўства”, — заявіў прадстаўнік Апэратыўна-дыспэтчарскай управы — прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад канцэрну “Белэнэрга”.

Паводле суразмоўцы, тэхнічна транзыт можа быць спынены праз адключэньне лініяў электраперадач. Аднак “рашэньня пра спыненьне транзыту яшчэ няма, дадзенае паведамленьне — гэта папярэджаньне”.

Кіраўнік Калінінградзкага аддзяленьня амбасады Беларусі ў Расеі Яўген Цімохін заявіў агенцтву, што “гэтая мера тут, у Калінінградзе, безумоўна, будзе разглядацца ў якасьці зваротнай рэакцыі беларускага боку на непаразуменьні ў сувязі з умовамі пастаўкі нафты”.

Цімохін падкрэсьліў, што залежнасьць Калінінградзкай вобласьці ад паставак электраэнэргіі з РФ транзытам празь Беларусь рэзка вырасла пасьля таго, як 1 студзеня 2010 г. Літва спыніла Ігналінскую АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG