Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Моўныя пытаньні вырашаныя, прынамсі пакуль я прэзыдэнт


За два дні да новага году Аляксандар Лукашэнка падводзіў вынікі 2009-га. На прэсавую канфэрэнцыю кіраўніка дзяржавы ўпершыню за апошні час былі запрошаныя прадстаўнікі незалежных мэдыяў.

Журналісты БелаПАН, «БДГ», тыднёвіка «Белорусы и рынок» змаглі задаць свае пытаньні. Лукашэнка зазначыў, што ён асабіста настойваў на тым, каб была і недзяржаўная прэса, каб яго потым не крытыкавалі за аднабаковы падыход. Раней журналістаў незалежных СМІ зь Беларусі запрашаў расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў.

Найбольш эмацыйнай была рэакцыя А. Лукашэнкі на моўнае пытаньне ад журналіста агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая:

«Беларуская мова знаходзіцца ў заняпадзе з-за дэфіцыту падтрымкі з боку дзяржаўнай улады. Я прапаную ўвесьці сыстэму дзяржаўных грантаў і прэфэрэнцый для беларускамоўных СМІ, клясаў і школ».

А. Лукашэнка на гэта адказаў:

«Моўныя пытаньні раз і назаўсёды ў краіне вырашаныя, прынамсі пакуль я буду прэзыдэнтам. Мы гэта адназначна вырашылі на рэфэрэндуме, і я ня буду ніякіх зьменаў уносіць».

А. Лукашэнка спрабаваў аспрэчыць тэзіс, што «беларуская мова ў заняпадзе», казаў пра тое, што расьце колькасьць абітурыентаў ВНУ, якія жадаюць здаваць экзамэны па-беларуску. Гэты тэзіс ён падтрымаў і досьведам выхаваньня свайго ўласнага сына Мікалая:

Я вельмі рады, што мой малы, калі мы едзем у аўтамабілі, уключае музыку і слухае песьні ў асноўным Навуменкі, „Сяброў“, якія сьпяваюць на беларускай мове.
«Я вельмі рады, што мой малы, калі мы едзем у аўтамабілі, уключае музыку і слухае песьні ў асноўным Навуменкі, „Сяброў“, якія сьпяваюць на беларускай мове. Дадому прыходзіць — пачынае мне пераказваць. Яго ніхто яшчэ беларускай мове не вучыў. А ён кажа: а я, тата, буду па-беларуску сьпяваць. І я яму не забараняю. Але рэкамэндую — ён павінен ведаць беларускую мову».

Закрануў А. Лукашэнка і палітычныя пытаньні, у тым ліку падрыхтоўку да мясцовых і прэзыдэнцкіх выбараў, заявіўшы, што ён не напружваецца наконт іх. Выбары кіраўніка краіны ён назваў «прэзыдэнцкай валтузьнёй».

А Лукашэнка абяцаў, што на выбарах зь ягонага боку ніякага адміністратыўнага ціску ня будзе. Пры гэтым ён прызнаў, што ў сувязі з выбарчымі кампаніямі ўлада будзе імкнуцца захаваць сацыяльныя стандарты і прагнозныя паказчыкі на 2010 год. У тым ліку і адносна сярэдняга заробку ў памеры 500 даляраў, які заплянаваны на канец будучага году.

«У нас ёсьць абавязак давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў. Гэтая лічба для нас сьвятая. Яна была ўхваленая на Ўсебеларускім сходзе 5 гадоў таму».

Разам з гэтым А. Лукашэнка прызнаў, што адміністратыўнага ўтрыманьня цэнаў ня будзе — прычына ў тым, што істотна растуць цэны на газ і нафту.

Сярод іншага, А. Лукашэнка апраўдваўся наконт вялікай колькасьці атрыманых Беларусьсю замежных крэдытаў. Апраўданьне палягала ў тым, што яны пакуль не перасягнулі бясьпечнага парогу ў 20 працэнтаў ад ВУП. Казаў ён пра непрымальнасьць для беларусаў шокавай тэрапіі, заявіў, што патэнцыйныя пакупнікі «Нафтану-Паліміру» пакуль не прапанавалі добрай цаны, а «на дурняк у Беларусі нічога ня пройдзе».

Гаворачы пра ўрокі мінулага году, Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць супрацоўніцтва як з Расеяй, і так з Захадам. Аднак выказаў сваё раздражненьне тым, што Эўразьвяз не скасаваў, а толькі замарозіў санкцыі супраць яго.

Пра свае сустрэчы з Хавіерам Салянам, Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, Сыльвіё Бэрлюсконі Лукашэнка зазначыў:

«Я ім наўпрост кажу: «Мужыкі! Вось гэта я буду рабіць. Вось на гэта Беларусь здатная. А гэтага мы ніколі рабіць ня будзем, бо гэта супярэчыць нашым інтарэсам. Я ім кажу: калі вы будзеце працягваць з намі такую палітыку, у кошкі-мышкі гуляць — скажыце. Ня трэба нас за нос вадзіць. Ня трэба падвешваць. Санкцыі нібыта ёсьць, але іх на год скасавалі. Я разумею, што яны чакаюць прэзыдэнцкіх выбараў. Яны хочуць мяне падвесіць на кручок».

Як звычайна, дасталося і беларускай апазыцыі:

«Палітыка для апазыцыі — гэта бізнэс, за які добра плацяць. Даюць у лапу. Даюць празь Літву, праз Польшчу. Утварыўся цэлы канал. Мы ж іх кантралюем, гэтыя каналы».

+Паўней зь сёньняшнімі выказваньнямі А. Лукашэнкі і рэакцыяй на іх можна пазнаёміцца на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG