Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла ў сьвет аўдыёкніга Міколы Ермаловіча


Выйшла ў сьвет аўдыёкніга Міколы Ермаловіча «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае». Яна выдадзена кампаніяй «БелТонМедыя».

Галоўную працу знанага беларускага дасьледчыка чытае тэатральны пэдагог прафэсар Андрэй Каляда. Цягам дваццаці з паловай гадзінаў слухач мае магчымасьць пачуць праўдзівую гісторыю беларускай дзяржавы ў Ермаловічавым выкладзе.

Мікола Ермаловіч — гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца. Яго шматлікія самвыдатаўскія тэксты ў 70-80-я гады мінулага стагодзьдзя нелегальна распаўсюджваліся па Беларусі пад назовам «Гутаркі» ў машынапісных копіях.

Гэтымі паэтычнымі і празаічнымі творамі і пазьнейшымі фундамэнтальнымі дасьледчыцкімі працамі «Па сьлядах аднаго міта», «Старажытная Беларусь», «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» Мікола Ермаловіч запачаткаваў новую беларускую рамантычную гістарыяграфію.

Ён фактычна стварыў альтэрнатыўную афіцыйнай расейскай і савецкай гісторыю Беларусі, у якой сьцьвярджаў тысячагадовую самастойнасьць беларускай дзяржавы. Незалежная Беларусь адзначыла ў 1992 годзе навуковы і грамадзянскі чын Міколы Ермаловіча Дзяржаўнай прэміяй.

Апошнія дні славутага навукоўца былі самотнымі і трагічнымі. Асьлеплы і адзінокі, 5 сакавіка 2000 году ён загінуў на менскай вуліцы пад коламі аўтамабіля.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG