Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі: Газавых праблемаў ня будзе, нафтавыя — магчымыя


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Сёньня амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў прызнаў падзеньне двухбаковага таваразвароту ў годзе, які адыходзіць, і ацаніў пэрспэктывы на наступны.

Паводле Аляксандра Сурыкава, пастаўкі газу ў Беларусь у 2010 годзе канчаткова вызначаныя кантрактам 2006 году. Цана на газ павінна скласьці 90 працэнтаў ад сярэднеэўрапейскай мінус мыта і кошт транзыту. Летась беларускаму ўраду ўдалося дамовіцца з расейскім бокам, каб цана газу заставалася на ўзроўні 2008 году — 70 працэнтаў ад эўрапейскай. Сёлета Менск зноў просіць на газ ніжэйшай цаны. Над гэтым цяпер працуе адмысловая двухбаковая камісія, кажа спадар Сурыкаў:

“Беларускі бок хацеў бы мець каэфіцыент не 0,9, а 0,7 ці 0,75, увогуле — ніжэйшы… Пазыцыі збліжаюцца. У мяне няма ніякіх сумненьняў, што ўдасца, ня ўдасца зблізіцца, але рашэньні павінны быць узаемавыгаднымі”.

Двухбаковая камісія разглядае і пытаньне паставак у Беларусь расейскай нафты. Нафта, якая спажываецца ўнутры Беларусі (6—9 мільёнаў тон), будзе прадавацца бяспошлінна па ўнутрырасейскіх цэнах, астатняя — па сусьветных біржавых цэнах. Перамовы наконт аб’ёмаў “таннай нафты” працягваюцца. Для таго, каб нафту з 1 студзеня ўвогуле пастаўлялі ў Беларусь, да канца сьнежня трэба падпісаць міжурадавую дамову на 2010 год альбо адпаведны пратакол рабочай камісіі.

“А калі не падпішуць — праблемы могуць зьявіцца. Таму мы жадаем гэтай групе, як і вы, аптымальнай працы”.

Ацэньваючы двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва ў цэлым, Аляксандар Сурыкаў выказаў прагноз, што па выніках году таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй упадзе на 30 працэнтаў у параўнаньні зь мінулым годам. Чакаецца, што па выніках 12 месяцаў ён складзе 22—25 мільярдаў даляраў, пры тым, што летась таваразварот складаў 34 мільярды даляраў. Прычынай падзеньня амбасадар назваў зьніжэньне платаздольнага попыту ў абедзьвюх краінах.

Закрануў амбасадар Сурыкаў і некаторыя палітычныя пытаньні. У прыватнасьці, ён выказаў спадзеў на падпісаньне Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы, які, на яго думку, павінен зафіксаваць стварэньне адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага саюзу, а таксама яшчэ раз зазначыў, што Расея не патрабуе ад Беларусі прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Выказаўся амбасадар Расеі і наконт магчымага запрашэньня беларускай апазыцыі на сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі, пра што гаварылася на прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх журналістаў з удзелам Д.Мядзьведзева.
Вось вядучы палітык Лукашэнка — гэта мы прызнаем адназначна ...

“Наколькі я інфармаваны, афіцыйныя органы Расейскай Фэдэрацыі не займаюцца падрыхтоўкай сустрэчы зь вядучымі, як вы кажаце, апазыцыйнымі палітыкамі. Слова “вядучы” выкарыстоўваецца ня вельмі дакладна. Вядучы той, хто мае нейкую масу за сабою. З пункту гледжаньня масы — у апазыцыі раскол на два лягеры, і там яшчэ падструктуры. І вядучых мы не назіраем. Вось вядучы палітык Лукашэнка — гэта мы прызнаем адназначна. Таму што асноўная маса выбаршчыкаў усё ж за ім”.

А.Сурыкаў ня змог выказаць свае асабістыя сымпатыі на адрас каго-колечы з апазыцыйных беларускіх палітыкаў. Усе яны, на ягоную думку, “заточаныя супраць Лукашэнкі, і пляваць ім на народ”. Беларускія апазыцыянэры, як мяркуе расейскі амбасадар, хочуць анархіі, а жорсткая палітыка Лукашэнкі, паводле спадара Сурыкава, змагла выцягнуць краіну з эканамічнай ямы ў 1990-я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG