Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Замоўшчыкі кантрабанднай зброі маглі “прыкрыцца” Іранам


Сярод магчымых адрасатаў кантрабанднай зброі, якую перавозіў «Іл-76», затрыманы 12 сьнежня ў Тайляндзе, называюць Іран альбо некаторыя багатыя арабскія рэжымы, зацікаўленыя ў падтрымцы тэрарыстычных арганізацый.

Што новага ў лёсе аднаго з беларускага лётчыка Міхаіла Петухова, арыштаванага разам зь яшчэ чатырма лётчыкамі з Казахстану?

Паводле зьвестак з Тайлянду, экіпаж «Іл-76» падазраюць ня толькі ў спробе правезьці кантрабандную зброю і ў паведамленьні непраўдзівых зьвестак адносна грузу, але і ў незаконным захоўваньні выбухоўкі. Нагадаю, на борце самалёта было знойдзена 12 кантэйнэраў з боепрыпасамі — гэта акрамя гранатамётаў і пераносных зэнітна-ракетных комплексаў. Максымальнае пакараньне за такія злачынствы — сьмяротная кара, нагадваюць мэдыі Тайлянду. Паводле іх, на Міхаіла Петухова і ягоных казахстанскіх калег надзелі кайданкі, што ў тайскай турме ёсьць звычайнай зьявай. Аднак канчатковае абвінавачаньне лётчыкам яшчэ ня выстаўленае, гэта павінна адбыцца 26 сьнежня.

Што робіць беларускі МЗС, каб падтрымаць беларускага грамадзяніна бортмэханіка Міхаіла Петухова?

Супрацоўніца прэсавай службы МЗС Марыя Ваншына пра гэта паведаміла:

«Што трэба, тое робіцца. Але, зразумела, мы ўсё робім праз расейцаў і казахаў, бо беларускай амбасады ў Тайляндзе няма».

Адносна харчаваньня ў тайляндзкай турме паведамлялася, што бязь ежы з волі пратрымацца там вельмі цяжка. Паводле расейскага журналіста Яўгена Беленькага, казахстанскім лётчыкам дакладна носяць ежу казахстанскія дыпляматы, а вось што да Міхаіла Петухова, журналіст спадзяецца, што «зь ім таксама падзеляцца».

Іран — занадта прасунутая ў вайсковым пляне дзяржава.
Застаецца нявысьветленым, куды з Пхеньяну вёз кантрабандную зброю і выбухоўку самалёт «ІЛ-76» расейскай вытворчасьці. Паводле вэрсіі, якую вылучылі арганізацыя «Трансарм» з Чыкага і «Міжнародная інфармацыйная служба праблемаў сьвету» з Бэльгіі, месцам выгрузкі небясьпечнага грузу меўся быць Іран. Дасьледчыкі спасылаюцца на «плян палёту» «Іл-76», які ім удалося вывучыць.

Ці верагодна, каб Іран для сябе набываў гранатамёты, ПЗРК ці выбухоўку? Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін гэта выключае, спасылаючыся на высокі ўзровень уласнай вайсковай прамысловасьці гэтай краіны:

«Іран — занадта прасунутая ў вайсковым пляне дзяржава. Яны накралі вайсковых тэхналёгій ува Ўкраіне, у мусульманскіх краінах былога СССР, нават і ў Расеі»

Ня меней верагоднай за іранскую вэрсію Аляксандар Алесін лічыць тую, што зброя мусіла патрапіць спачатку ў адну з краін Блізкага Ўсходу, а адтуль — да тэрарыстаў:

«Магчыма, гэта адна з нафтаздабыўчых краін. Мы ведаем, што некаторыя тэрарыстычныя групоўкі падтрымліваюцца арабскімі манархіямі, якія дастаткова рэакцыйныя».

Аглядальнік не выключае, што ў такім выпадку на Іран маглі проста «павесіць» адказнасьць за «ІЛ-76» як на звыклага для ўсіх «міжнароднага ізгоя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG