Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 13 – 19 сьнежня


На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Беларусі ў 2010 годзе. Ён выказаў незадавальненьне працай і ўраду, і вэртыкалі, прызнаўшы: крызісныя зьявы ў эканоміцы пераадольваюцца марудна. Разам з тым Лукашэнка заклікаў выконваць у наступным годзе надзвычай аптымістычныя эканамічныя прагнозы. .

Эканамічны агляд тыдня


“І ўраду, і мясцовым органам улады не ўдаецца пераадолець нэгатыўныя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці”, — гэтак Лукашэнка падсумаваў вынікі працы ў эканоміцы за 11 месяцаў бягучага году. Ён прызнаў спад вытворчасьці ў асноўных галінах эканомікі, праблемы на спажывецкім рынку, пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў, рост адмоўнага сальда зьнешняга гандлю. Разгрузка складоў з запасамі гатовай прадукцыі названа галоўным клопатам.

Сховішчы, перапоўненыя гатовай прадукцыяй, — наступствы ўрадавай палітыкі ўтрыманьня росту валавога ўнутранага прадукту ва ўмовах крызісу, — лічыць незалежны эканаміст Сяргей Чалы. Па выніках 10 месяцаў статыстыка дае падзеньне ВУП у Беларусі на 1% — найменшы спад у рэгіёне, чым ня раз публічна хваліліся беларускія кіраўнікі:

Сяргей Чалы
“ВУП нібыта і маляваўся добры, але ёсьць у справаздачнасьці чароўны радок — інвэстыцыі ў складзкія запасы. Вось туды гэта ўсё і капала. Склады забітыя прадукцыяй з высокім сабекоштам, таму прадаць яе з выгадай будзе нялёгка. Адміністратыўнымі захадамі праблему разгрузкі складоў ня вырашыць”.

Прызнаючы нявырашанасьць асноўных праблемаў у эканоміцы краіны, Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць жорсткага выкананьня зацьверджаных ім парамэтраў прагнозу на 2010 год. Незалежныя адмыслоўцы назвалі прагноз нерэальным. Сярод яго парамэтраў — рост ВУП да 111-113% ад сёлетняга і сярэдні заробак у 500 даляраў. Гаворыць Сяргей Чалы:

“Сама гэтая лічба — 12% росту ВУП… Ня ведаю, яе, канечне, можна намаляваць, але зь вялікімі праблемамі і структурнымі перакосамі. Тэарэтычна гэта можна выканаць, але якой цаною?”

Што да прагназаванага сярэдняга заробку ў 500 даляраў, то ніякі калькулятар ня можа вывесьці такую лічбу, зыходзячы з прагнозных паказчыкаў на 2010 год па курсе нацыянальнай валюты, інфляцыі і росьце рэальных заробкаў, — перакананы эканаміст Сяргей Чалы.

Новыя непрыемнасьці абяцае фініш года для экспартных прадпрыемстваў Беларусі. Паводле прагнозу Міністэрства эканомікі, з-за таго, што ў Расеі прадпрыемствы спыняюцца на калядныя канікулы, аб’ёмы паставак не дасягне нават 80% да мінулагодняга паказчыка.

Віцебшчына

Віцебшчына сёлета зьяўляецца лідэрам па экспарце сярод іншых рэгіёнаў Беларусі. Праўда, найбліжэйшы да Расеі рэгіён не дабірае да мінулагодніх аб’ёмаў у гандлі з суседкай ажно траціну. Зьніжэньне продажу прадукцыі тычыцца і прадпрыемстваў, якія звычайна займалі перадавыя пазыцыі: “Полацк-Шкловалакно”, “Аршанскі льнокамбінат”, абутковыя “Белвест” і “Марко”. Найбольш істотна – амаль на 30% -- скараціліся пастаўкі ў Расею.

Прадстаўнік адміністрацыі Полацкага льнозаводу распавёў, што цяпер іхную прадукцыю – асабліва брыкеты з ільнокастры – больш ахвотна бяруць суседзі з Літвы ды Польшчы, але не расейцы:

“Энэргетыкі польскія дужа зацікавіліся, хочуць купляць, бяруць патроху. А мы прадаваць хочам! Калі яны гатовыя браць па нашых коштах, дык няхай! А ў Літву льнокастру прадаем, грузім у мяхі, і так, мяхамі, адпраўляем”.

Склады запоўненыя і на Обальскім керамічным заводзе. Тут, у Шумілінскім раёне, вырабляюць цэглу, якую раней набывала Расея. Цяпер, па словах намесьніцы дырэктара Ганны Бабахінай, сытуацыя зьмянілася:
мы рады, бо перепрафіляваць прадпрыемства немагчыма ...

“Раней мы на Расею цэглу адпраўлялі, але зараз там ужо менш будуюць. Татарстан гатовы браць нашу прадукцыю, мы рады, бо перепрафіляваць прадпрыемства немагчыма: па-першае, у нашай мясцовасьці шмат сыравіны – гліны, а па другое, на нейкае новае абсталяваньне патрэбны грошы. А іх пакуль няма”.

Падобная праблемы маюць усе прадпрыемствы, у тым ліку такія значныя як аршанскі станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”. Вось што распавялі ў аддзеле маркетынгу і збыту:

“Наша прадпрыемства заўжды арыентавалася на экспарт – больш як 50% прадукцыі на экспарт выпускалі. Хацелася б, канешне, захаваць тыя паказьнікі, што былі ў нас у 2008-м. Але цяпер праз гэты крызіс, што з захаду ідзе, і з Расеі, нават расейскія прадпрыемствы зьнізілі аб’ём закупак”.

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец заявіў, што бяда прамысловых прадпрыемстваў вобласьці ў тым, што яны выпускаюць прадукцыю “учорашняга дня”.

Гомельшчына


На Гомельшчыне звыш трох дзесяткаў стратных прадпрыемстваў: найперш прадпрыемствы машынабудаваньня й мэталяапрацоўкі, цэлюлёзна-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасьці.
звыш трох дзесяткаў стратных прадпрыемстваў...

З-за фінансавых праблемаў перастала існаваць Гомельская люстэркавая фабрыка – яе далучылі да акцыянэрнага таварыства “Гомельшкло”. Гаворыць былая рабочая зьліквідаванага прадпрыемства:

“Нам горш стала. Фабрыкі наагул няма, рабочых няма – хто звольніўся, каго на прахадную паставілі. Толькі электрыкі й засталіся. У нас было недзе каля сарака чалавек.”

На аўкцыён будзе выстаўлены збанкрутаваны падшыпнікавы завод, які мяркуецца прадаць як маёмасны комплекс, нават без захаваньня профілю прадпрыемства. Завод працаваў у каапэрацыі зь Менскім падшыпнікавым заводам, але пасьля яго продажу замежнікам скарацілася патрэба ў гомельскіх падшыпніках.

У цяжкое фінансавае становішча трапіла акцыянэрнае таварыства “Гомельшпалеры”, якое нядаўна далучылі да менскага прадпрыемства “Белшпалеры”. На складах нерэалізаваных шпалераў на 15 мільярдаў рублёў, з пачатку году гомельскія вытворцы змаглі прадаць сваёй прадукцыі толькі на 3 мільярды. Адзін са спэцыялістаў так патлумачыў сытуацыю:

“Пляны даводзілі па аб’ёму вытворчасьцi, ня ўлічваючы таго, што рынку столькі шпалераў ня трэба. Збыт у нас знаходзіцца ў рынку, а вытворчасьць – у плянавай эканоміцы”.

Экспарт гомельскіх прадпрыемстваў сёлета складзе толькі 85% ад мінулагодняга. Балянс зьнешняга гандлю будзе адмоўным, паколькі імпарт перавысіць экспарт прыкладна на 94 мільёны даляраў.

Гарадзеншчына


Многія прадпрыемствы на Гарадзеншчыне пакутуюць ад крызісу. На чатырохдзёнцы спэцыялісты прадпрыемства “Мастоўдрэў”. Апошнім часам сталася праблема з выкананьнем пляну. Распавядае рабочы прадпрыемства:

“400 тысяч у сярэднім атрымлівае рабочы, ды і ў канторы за чатырохдзёнку прыблізна тое самае: ад 400 да 600 тысяч. А што за гэтыя грошы купіш? За кватэру цэтлік прыйшоў – 105 тысяч. І з 400 што застанецца? А яшчэ ж трэба заплаціць за сьвет, газ, тэлефон, дамафон і іншыя паслугі – застаецца 200 з нечым тысяч – як сям’ю пракарміць? Так што жахлівая ў нас абстаноўка”.

Бяз аптымізму гаворыць і рабочы шклозавода “Нёман”. У іх таксама ўсё болей выходных, чым працоўных дзён, а заробкі ад гэтага падаюць:

“Раней у нас працавалі чатыры зьмены: тры працуюць, адна на выходным. А зараз зрабілі пяць зьменаў і калі раней было 2 выходных, то зараз 4 у графіку. Раней было на месяц 22-23 зьмены, а зараз 16-17”.

На мэблевым прадпрыемстве ў Горадні намесьнік дырэктара, спадар Васіль, распавядае, што справы зараз, як ніколі дрэнна. Зь яго слоў, ужо звольнілася некалькі чалавек. Мэблю рабілі пераважна для расейскага рынку:
прадалі нашу мэблю, а ўжо каля трох месяцаў грошай не пералічваюць ...

“Заказы падаюць. Нават у мінулым годзе, падчас крызісу заказаў у сьнежні было шмат, а зараз – практычна нуль. Некаторыя пакупнікі павінны нам 2-3 месяцы пад 200 тысяч расейскіх. Ды што казаць пра расейцаў! У Бераставіцы прадалі нашу мэблю, а ўжо каля трох месяцаў грошай не пералічваюць”.


Афіцыйны Менск паведаміў, што падчас нядаўніх перамоваў у Маскве Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым удалося дамовіцца пра льготныя пастаўкі энэрганосьбітаў у 2010 годзе. Экспэрты адзначаюць, што за расейскія льготы давядзецца плаціць беларускай маёмасьцю.

Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, яму і яго расейскаму калегу Ігару Сечыну даручана урэгуляваць стасункі ў газавай сфэры па прынцыпе “сынхроннага пераходу на прынцып роўнадаходнасьці да 2014-2015 году”. То бок, нягледзячы на кантракт, Беларусь можа атрымліваць газ па цэнах гэтага году ці нават больш нізкіх. Камэнтуючы сытуацыю, аналітык расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін сказаў:
“Беларусь “Газпрому” цяпер вельмі патрэбная ...

“Беларусь “Газпрому” цяпер вельмі патрэбная. Нават калі ў Эўропе будуць атрыманы ўсе дазволы на будаўніцтва двух абходных газаправодаў “Паўднёвы паток” і “Паўночны паток”, то ўсе кантракты “Газпрому” у Эўропе нельга імі задаволіць. І, каб зьняць увесь транзыт з Украіны, неабходна разьвіваць беларуска-польскі накірунак. Таму зь Беларусьсю ў “Газпрома” цяпер самыя лепшыя стасункі, і зьніжкі, і паслабленьні”.

Таксама афіцыйны Менск заявіў аб дамоўленасьці на льготныя пастаўкі расейскай нафты. Прадстаўнік расейскага Міністэрства фінансаў Аляксандар Саковіч заявіў газэце “КоммерсантЪ”: увядзеньне адмысловага экспартнага мыта для Беларусі прывяло б да банкруцтва беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Ня выключана, што за льготы па нафце кіраўніцтва Беларусі заплаціць “Нафтанам-Палімірам”. Чаму ж Расея зноў ідзе на ўтрыманьне рэжыму ў Беларусі? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў:

Яраслаў Раманчук
“Безумоўна, Расея будзе ціснуць, каб выкарыстаць наступны год для атрыманьня кантролю над нафтаперапрацоўкай, “Белтрансгазам”, банкаўскай сыстэмай. Таму цягам наступнага году мы будзем ведаць цану, якую заплаціў Лукашэнка за палітычную, інфармацыйную падтрымку Расеі. Масква паступова выкарыстоўвае палітычныя слабасьці Лукашэнкі, каб ператварыць нашу краіну ў залежную тэрыторыю, а потым настойваць на трансфэры палітычных правоў у Маскву. Дамоўленасьці вельмі небясьпечныя, бо Лукашэнка, блякуючы рэформы, ёсьць часткай гэтага расейскага пляну”.

У “Газпроме” раней заяўлялі, што пастаўкі газу ў Беларусь будуць адбывацца згодна з дзейным кантрактам. Цяпер прадстаўнік кажуць, што няма аніякай інфармацыі адносна дадатковых перамоваў з афіцыйным Менскам.

На гэтым тыдні Рада дырэктараў Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця прыняла новую стратэгію для Беларусі. Як гаворыцца ў паведамленьні ЭБРР, новая трохгадовая стратэгія дазволіць банку пашырыць свае апэрацыі ў Беларусі пры ўмове, што кіраўніцтва дзяржавы будзе ажыцьцяўляць рэформы ў галінах, накіраваныя на разьвіцьцё рыначнай эканомікі. Як і ў папярэдніх стратэгіях, галоўным прыярытэтам ЭБРР застаецца падтрымка разьвіцьця прыватнага сэктару як сродку руху да канчатковых мэтаў — палітычнай дэмакратыі і рыначнай эканомікі.

У новай стратэгіі ўказана, якім чынам ЭБРР можа, у прыватнасьці, аказваць тэхнічнае садзеяньне і фінансавую падтрымку заяўленага ўладамі намеру распрацаваць адкрытую, празрыстую і канкурэнтаздольную праграму прыватызацыі. Гэта, на думку ЭБРР, акажа падтрымку пакету стратэгічных захадаў, узгодненых Беларусьсю, Міжнародным валютным фондам і Сусьветным банкам, у якім важная роля адведзена працэсу прыватызацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG