Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаньне, расьцягнутае на гады


Сёньня адбылося апошняе пленарнае паседжаньне трэцяй сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты так і не ўключылі ў парадак дня разгляд звароту да Нацыянальнага сходу Беларусі парлямэнтаў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі з просьбай аб прызнаньні незалежнасьці. Такім чынам, гэтае пытаньне можа быць разгледжанае толькі падчас веснавой сэсіі, якая ў адпаведнасьці з законам распачнецца 2 красавіка, або на пазачарговай сэсіі.


Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч, які ачольвае спэцыяльную рабочую групу па вывучэньні сытуацыі ў каўкаскім рэгіёне, на просьбу “Свабоды” тлумачыць сытуацыю:

“Праведзена вялікая праца, вельмі вялікая. Мы вывучылі сытуацыю, якая склалася ў гэтым рэгіёне. Абмеркавалі гэтае пытаньне таксама з калегамі зь Дзяржаўнай думы Расеі. Мы падрыхтавалі сваё заключэньне адносна сытуацыі, якая на сёньня ёсьць у каўкаскім рэгіёне вакол гэтых рэспублік. Ну, і мне здаецца, што на веснавой сэсіі гэтае пытаньне можа быць пастаўлена ўжо і ў парадак дня”.

Загадчык аддзелу палітыкі тыднёвіка “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі, які асьвятляе працу Нацыянальнага сходу, кажа, што гэтае пытаньне досыць складанае:

“Прэзыдэнт перадаў яго ў кампэтэнцыю парлямэнту. Але парлямэнт, калі браць менавіта Палату прадстаўнікоў, дагэтуль такія пытаньні наўрад ці сам вырашаў. І дэпутаты ў прынцыпе самі не гатовыя прымаць рашэньне.

Для афіцыйнай Беларусі вельмі важна на як мага даўжэйшы час захаваць гэты статус-кво. Бо праз гэта Беларусь, як лагоднае цяля, атрымлівае “малако” ад дзьвюх матак. З аднаго боку, мы маем стасункі з Расеяй, з другога — не псуем з гэтай нагоды стасункаў з Эўразьвязам.

І яшчэ мы маем, як пасярэднік паміж Расеяй і Грузіяй, некаторыя прэфэрэнцыі. У прыватнасьці, паколькі паміж гэтымі краінамі цяпер няма дыпляматычных зносін, то шмат якія грузінскія бізнэсоўцы выкарыстоўваюць Беларусь як перавалачную базу”.

Гаворачы пра пляны дэпутатаў, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка адзначыў:

“Працягнецца праца па падрыхтоўцы ўзважанага рашэньня ў справе прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі з улікам інфармацыі, якую беларускія парлямэнтары атрымалі падчас наведваньня каўкаскага рэгіёну ў лістападзе бягучага году”.

Паўлюк Быкоўскі сумняваецца, што Палата разгледзіць гэтую праблему і вясною:

“Дзеля гэтага трэба, каб Беларусь расчаравалася ва “Ўсходнім партнэрстве”, што пакуль не выглядае адназначным. Па-другое, не падобна, каб Расея цяпер заваблівала нас сваімі крэдытамі. Яна асабліва не матывуе Менск далучыцца да тых краін, якія падтрымалі Расею ў гэтым пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG