Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завочнікаў і вячэрнікаў зьбіраюцца прызываць у войска


Студэнты і навучэнцы, якія атрымліваюць адукацыю на завочнай альбо вечаровай форме навучаньня, страцяць права на адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу.

Гэта вынікае са зьменаў, якія сёньня ўнесьлі ў першым чытаньні дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў у закон “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”. Супраць гэтай нормы выступілі дэпутаты Ўладзімер Здановіч і Ігар Карпенка. Яны лічаць, што прызываць у войска можна толькі пасьля атрыманьня дыплёму.

Першы намесьнік міністра абароны Беларусі, генэрал Пётар Ціханоўскі патлумачыў прапанову пра новыя ўмовы прызыву наступным чынам: “Прызыўныя рэсурсы ў Беларусі зьніжаюцца. Аналіз колькасьці насельніцтва Рэспублікі Беларусь паводле полу і ўзросту паказвае значнае зьніжэньне колькасьці грамадзян мужчынскага полу, якіх трэба штогод ставіць на вайсковы ўлік”. Паводле генэрал-маёра Ціханоўскага, у Беларусі да таго ж існуюць аж 28 падстаў для адтэрміноўкі ад службы. Гэта самы высокі паказчык на тэрыторыі былога СССР. У Расеі такіх падстаў 21, а ва Украіне — 17.

Пётар Ціханоўскі таксама выказаў вялікую занепакоенасьць здароўем прызыўнікоў. Ён паведаміў, што ў 2007 годзе прыдатнымі да вайсковай службы былі прызнаныя 58,4% ад агульнай колькасьці юнакоў, якія падлягаюць прызыву. Ужо ў 2008 годзе такіх было ўжо толькі 49%, а сёлета — 40,5%.

Дэпутаты прагаласавалі за зьмены ў заканадаўства амаль аднагалосна, але заявілі, што пры падрыхтоўцы закону да другога чытаньня правядуць вялікую працу па вывучэньні нормы прызыву студэнтаў і навучэнцаў завочнай і вечаровай формы навучаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG