Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухач: Бэрлюсконі заслужана атрымаў


У сёньняшніх «Званках на Свабоду» слухачы выказваюцца з нагоды нападу на італьянскага прэм’ер-міністра Бэрлюсконі, згадваюць Дзень беларускай салідарнасьці, працягваюць дыскутаваць пра палітычны перасьлед студэнтаў-іншадумцаў.

Часам вашыя назіраньні, шаноўныя слухачы, нагадваюць фотаздымкі — так выразна адлюстроўваецца жыцьцё ў кароткай рэпліцы. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў.

Cпадарыня: «Так жыць нельга. Стаяць людзі ад аптэкі да самага скрыжаваньня. У каго буракі, у каго памідоры, у каго што. Гэта што — жыцьцё? Другая дарога ад вакзала: людзі стаяць з торбамі, анучы прадаюць, каб купіць бохан хлеба. Ну што гэта такое? Ну я не разумею!»

Ці не такім жыцьцём тлумачыцца нэгатыўнае стаўленьне многіх да дзяржаўных кіраўнікоў? Прыкладам — своеасаблівая рэакцыя слухачоў на сытуацыю з італьянскім лідэрам спадаром Бэрлюсконі. Нагадаю: з натоўпу ў яго шпурнулі цяжкім сувэнірам, які раскрывяніў твар палітыка.

Cпадар: «Зьбілі Бэрлюсконі. Трэба яшчэ тое самае Бушу і сёньняшняму Абаму, які лье кроў у Аўганістане і ў Іраку».

Cпадар Іван: «Я з задавальненьнем назіраў, як Бэрлюсконі заслужана атрымаў ад італьянскага грамадзяніна. У нашай краіне пра гэта можна толькі марыць. Але зрабіўшы гэта, я думаю, шмат хто атрымаў бы вялікае задавальненьне».

Спадар Зіноўеў нагадвае: сёньня — Дзень беларускай салідарнасьці.

Cпадар: «У дзень салідарнасьці трэба ўспомніць, што ідэя гэтага дня належыць Ірыне Халіп. Сёньня салідарнасьць патрэбная ня толькі палітвязьням, але і самой журналістцы. І я думаю, што Беларуская асацыяцыя журналістаў сваю салідарнасьць выкажа».

Патлумачу дадаткова: згаданая журналістка Ірына Халіп нядаўна атрымала ліст з пагрозамі ад невядомых. А студэнтку юрфаку БДУ Тацяну Шапуцьку прыблізна ў тыя самыя дні выключылі з унівэрсытэту за несанкцыянаваную паездку на грамадзянскі форум у Брусэль. Трэці дзень нашая аўдыёпошта поўніцца водгукамі на тую сытуацыю. Учора Тацяна адказвала слухачцы, што яна зусім не займалася так званым палітычным турызмам. Вось як зрэагавала спадарыня Галіна на тыя словы.


Cпадарыня: «Паважаная Тацяна, не зусім разумна рызыкаваць студэнцкім білетам, каб зьезьдзіць у Эўропу і пасядзець на форуме, прагаласаваць за рэзалюцыю... Бо каб жа была ад тых паперак хоць нейкая карысьць! Ніводзін дыктатар ужо даўно не рэагуе ні на якія рэзалюцыі. Для іх, у тым ліку і для Лукашэнкі, гэта пустыя паперкі».

Тут дарэчы было б ізноў даць слова Тацяне, аднак на яе абарону прыйшоў званок, якім і завяршаем сёньняшнюю перадачу:

Cпадарыня: «Калі Тацяна Шапуцька была асабістым памочнікам Лявона Баршчэўскага, спадарыня Галіна з Магілёва нічога ня мела нэгатыўнага да яе палітычнай працы. Тацяна рабіла і робіць так у грамадзкім жыцьці, як падказвае ёй сэрца. Спадарыня Галіна пра што б ні тэлефанавала на „Свабоду“, амаль ва ўсім адкрытае ці прыкрытае рэзкае, калі не сказаць абразьлівае стаўленьне да Мілінкевіча і створанага ім нацыянальнага блёку. Яе тэлефанаваньні ўпарта б’юць у адным кірунку. Дзіўна. Толькі што паглядзела цудоўны фільм Белсату „Генэрал няскончанай вайны“ пра Булак-Булаховіча, першую частку. Цудоўная праца. Дзякуй ім вялікі».

Нагадваем: тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG