Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэнсію Станіслававіча некалі атрымае Рыгоравіч”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 15 сьнежня


Учора тэлебачаньне паказала нараду ў кіраўніка краіны, які чарговым разам патрабаваў ад вэртыкальнікаў разгрузіць склады. У нашае слухачкі сустрэчная прапанова, яна ўвязвае гэтую праблему зь іншай — запазычанасьцю дзяржавы насельніцтву па яшчэ савецкіх укладах у Ашчадным банку.

Спадарыня: “Тое, што нашы склады перапоўненыя таварам — гаворка ідзе даўно. Бо зараз крызіс ва ўсіх краінах. І прасунуць наш тавар, апрача прадуктаў харчаваньня, магчымасьці такой не прадстаўляецца, бо няма грошай. Таму прапанова: вярніце нашы грошы таварамі. Бо калі будзем прадаваць нашы банкі, то трэба будзе паставіць вялікі крыж на гэтым пытаньні. Многія ўжо не дачакаліся, бо адышлі ў іншы сьвет”.

Слухачы працягваюць дыскусію вакол гісторыі са звальненьнем другакурсьніцы юрфаку Белдзяржунівэрсытэту, нашага грамадзкага рэдактара Тацяны Шапуцькі. У аўдыёпошце — ня толькі словы падтрымкі.

Спадарыня: “У якіх бы межах ні праводзіліся розныя форумы, арганізатары падобных мерапрыемстваў не павінны ўмешвацца ў навучальны працэс вышэйшых навучальных установаў і запрашаць студэнтаў. Тым больш калі тэматыка гэтых мерапрыемстваў зусім не датычыць той прафэсіі, на якую навучаецца студэнт. Ня думаю, што Тацяна Шапуцька зьезьдзіла на форум і прывезла практычную карысную дапамогу Беларусі”.

Гутару з грамадзкім рэдактарам тыдня — Тацянай Шапуцькай, пра якую ішла размова ў апошнім тэлефанаваньні.

Тацяна Шапуцька: “Я прымала ўдзел у абмеркаваньні літаральна ўсіх пытаньняў, што стаялі на парадку дня. У прыватнасьці, разам са спадаром Кобецам дабілася ўнясеньня папраўкі да канчатковай рэзалюцыі пра наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі. Мы дамагліся асуджэньня форумам практыкі рэжыму, а таксама прагучала патрабаваньне іхняга вызваленьня”.

А зараз — віншаваньні Станіславу Шушкевічу, які адзначае сёньня 75-гадовы юбілей.

Анастас Семяновіч: “Вельмішаноўны дарагі спадар Станіслаў Шушкевіч! Віншую вас з 75-годзьдзем. Зычу вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Я вельмі спадзяюся на Бога і на вас асабіста, што вы будзеце здаровыя, і верыцца, што хутка будзе вызвалены ад пасады наш галоўны начальнік. І вы будзеце атрымліваць прыстойную пэнсію, якую вы зарабілі. Жыве родная Беларусь!”

Спадарыня: “Дарагі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч! Сардэчна віншуем вас! Моцнага вам здароўя, аптымізму, творчай навуковай дзейнасьці. А пэнсія такая, як у вас, няхай будзе Аляксандру Рыгоравічу. Актывісты нацыянальна-вызвольнага руху горада Салігорска”.

І напрыканцы — рэакцыя слухачоў на перадачы Радыё Свабода. Званок ад спадарыні Чаплінскай.

Спадарыня: “Зьвяртаюся да шаноўнага вядучага “Дому літаратара”. Хачу выказаць словы ўдзячнасьці за сустрэчу з паэтам Зьнічом, братам Мікалаем. Прашу паведаміць, дзе і як можна набыць яго кнігу, пра якую ішла размова ў перадачы”.

Прашу адказаць спадарыні Чаплінскай паэта Міхася Скоблу.

Міхась Скобла: “Новая кніга брата Мікалая — паэта Зьніча пад назвай “Мне не цябе шкада, а тваю маці”, выйшла ў Слонімскай друкарні накладам 1000 асобнікаў, распаўсюджваецца на сустрэчах. Так, брат Мікалай прэзэнтаваў яе ў Менску. 14-га — у Берасьці. Заўтра — у Жыровічах. Кнігу можна набыць у незалежных распаўсюднікаў. Але для вас, спадарыня Чаплінская, мы маем калядны падарунак — Зьніч пакінуў некалькі асобнікаў для сябраў Радыё Свабода, адзін зь якіх і перададзім вам. А брата Мікалая яшчэ раз віншуем зь 70-гадовым юбілеем і зычым яму новых боганатхнёных твораў!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG