Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятарскі рэфэрэндум схіліўся да “Партызана”


На інтэрнэт-старонцы менскага футбольнага клюбу МТЗ-РІПО завяршыўся імправізаваны “рэфэрэндум”, вынікам якога можа стаць новая назва каманды.

Сярод мноства прапанаваных новых шыльдаў для клюбу былі пакінутыя “Арсэнал”, МТЗ, “Партызан”, “Спартак”, “Сталіца” і “Трактар”. У выніку галасаваньня больш як 5 тысяч наведнікаў нечакана першынстваваў “Партызан”. У агульнай масе “ваенізаваны” брэнд набраў 28,4% ад агульнай колькасьці галасоў, сьледам зь невялікім адрывам разьмясьціўся немудрагелісты МТЗ (26,4%), на трэцяй пазыцыі гэтаксама “спэцыялізаваны” “Трактар” (24,5%). У заключнай тройцы “Спартак”, “Арсэнал” і “Сталіца”. Цяпер лёс “Партызана” цалкам у руках кіраўніцтва клюбу, якое найбліжэйшым часам мае канчаткова вызначыцца з варыянтам назвы.

Магчыма, такой ваяўнічай назвай заўзятары спадзяюцца напусьціць страх на супернікаў. У сёлетнім сэзоне МТЗ-РІПО выступіў крайне няўдала, ледзьве ўтрымаўшыся ў вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату і паказаўшы няўцямную гульню на першых стадыях эўракубкавага турніру. Цягам усяго сэзону каманду ліхаманілі кадравыя ракіроўкі ў трэнэрскім штабе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG