Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: “Вока за вока, зуб за зуб – такі парадак сёньня непрымальны”


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 13 сьнежня

Экс-кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч – асоба публічная і дастаткова адкрытая. Ён многа езьдзіць па сьвеце, чытае лекцыі ў замежных унівэрсытэтах — ад ЗША да Японіі, па-ранейшаму бярэ актыўны ўдзел у грамадзкім ды палітычным (наколькі гэта магчыма) жыцьці краіны. Вось і сваё 75-годзьдзе, якое прыпадае на 15 сьнежня, палітык сустракае ў ЗША, дзе выступае з чарговай лекцыяй. А напярэдадні юбілею мы сустрэліся ў “Вольнай студыі”.

Міхась Скобла: “Спадар Станіслаў, віншую вас з надыходзячым юбілеем. Дабрабыт дзяржавы можна вызначаць паводле розных крытэраў, у тым ліку па тым, колькі атрымлівае ад гэтай самай дзяржавы яе былы кіраўнік. Ці вырашылася нарэшце пытаньне з вашай пэнсіяй?”

Станіслаў Шушкевіч:
“Гэтае пытаньне ня можа вырашыцца, пакуль на чале Беларусі знаходзіцца чалавек, у якога разуменьне прававой дзяржавы, дэмакратыі, беларускай гісторыі – на прымітыўным узроўні. Ён – помсьлівы чалавек. Ён захаваў маю пэнсію на ўзроўні 1997 году, інфляцыя абясцэніла яе ў 400 разоў, таму я сёньня па-ранейшаму атрымліваю 3200 беларускіх рублёў. Але я не прыніжуся да таго, каб перайсьці на сацыяльную пэнсію. Я накіраваў лісты ў гэтай справе кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Макею і старшыні ўраду Сідорскаму, і іх намесьнікі мне адказалі, што пэнсія мне выплочваецца правільна... Што ж, сытуацыя зьменіцца, і насьміхацца будуць не нада мною, а над імі. У мяне нават пэўны азарт зьявіўся: ах, вы так са мною, дык я зараблю больш за ўсе вашыя пэнсіі! Так яно і ёсьць”.

Міхась Скобла
Скобла: “Ведаю, што зарабляеце вы чытаньнем лекцый, пераважна за мяжой. Што найбольш цікавіць людзей, якія прыходзяць паслухаць экс-кіраўніка Беларусі?”


Шушкевіч: “У свой час мне пашчасьціла быць запрошаным у такую структуру, як “Усясьветная арганізацыя міру”. Я кантактаваў з многімі ўнівэрсытэтамі, куды мяне запрашалі прачытаць лекцыі на стандартныя тэмы: “Куды ідуць былыя рэспублікі Савецкага Саюзу?” і “Што адбылося ў Белавескай пушчы?”. І калі я прачытаў лекцыі ў некалькіх месцах, то атрымаў столькі запрашэньняў, што проста ня змог усюды выступіць. Калісьці для мяне было марай – глянуць на Гарвардзкі ўнівэрсытэт, а сёньня магу сказаць, што мяне двойчы запрашалі туды чытаць лекцыі. Была мара ўбачыць Ельскі ўнівэрсытэт – і яна спраўдзілася, гэта проста цуд. Калюмбійскі ўнівэрсытэт у Новым Ёрку я б таксама ніколі ня ўбачыў бы, каб стаў пэрсанальным пэнсіянерам. Я там чытаў лекцыю не студэнтам, а супрацоўнікам, якія амаль усе ведалі расейскую мову. Слухачоў там было няшмат, 38 чалавек, але яны задалі мне такія патаньні, што я зразумеў: трэба працягваць вучыцца. Я адчуў, што маю справу з сапраўднымі палітолягамі, а не з марксыстамі-ленінцамі, якія
Японцы вынесьлі 300 крэслаў на вуліцу, 900 чалавек селі на зямлю, і я прачытаў лекцыю 1200 слухачам!
перакваліфікаваліся ў палітолягаў. Апошнім часам я даволі часта чытаю лекцыю на тэму “Што адбываецца ў Беларусі”. Пра гэта я расказваў у Вроцлаве, Познані, Варшаве, Кракаве, і ня толькі ў вядомых унівэрсытэтах, але і ў прыватных палітычных школах, дзе ёсьць у праграмах такая дысцыпліна – лекцыі вядомага палітыка. А ў Японіі я чытаў лекцыю на тэму “Хірасіма і Чарнобыль”. Уявіце сабе, памяшканьне – на 300 месцаў, а білеты купілі (там на лекцыі білеты купляюць) – 1200 чалавек! Японцы вынесьлі 300 крэслаў на вуліцу, 900 чалавек селі на зямлю, і я прачытаў лекцыю 1200 слухачам! Інтэрактыўны рэжым, мне задавалі пытаньні, у мяне быў дынамічны перакладчык… Паверце, большай асалоды ў жыцьці мне перажываць не даводзілася”.

Скобла: “Зь Японіі давайце вернемся ў Беларусь. У вашай менскай кватэры – вялікая бібліятэка. Якія вашы прыхільнасьці ў літаратуры – у замежнай і беларускай?”

Шушкевіч: “Мушу прызнацца, што я цяпер мала чытаю. Значна больш за мяне чытаюць жонка, сын і ўнучка. Зрэдку новыя кнігі я чытаю па іх парадзе, і скажу вам, што не заўсёды гэтым чытвом захапляюся. Я вельмі люблю двух усясьветных геніяў – Чэхава і Шэксьпіра ў перакладзе Пастарнака. У вольны час я люблю пагартаць гэтыя кнігі. Што да беларускай літаратуры, то я лічу, што найчысьцейшая і найбагацейшая беларуская мова была ў двух пісьменьнікаў – у Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага”.

Скобла: “А ў вашага суседа па доме Янкі Брыля?”
не разумець, не любіць сэрцам Ларысу Геніюш можа толькі невук і антыбеларус ...

Шушкевіч: “Брыля я менш ведаў. Я пачаў яго чытаць, калі мы пазнаёміліся асабіста. Так, вы маеце рацыю, мова Брыля – гэта фантастычна! Па-першае, ён быў цудоўны сусед, ён ніколі сябе не паводзіў так, як знаны беларускі пісьменьнік. Мы часта сустракаліся з Брылём, ён быў вельмі сьціплы. Я і многіх іншых іншых нашых пісьменьнікаў люблю. Скажам, я лічу, што не разумець, не любіць сэрцам Ларысу Геніюш можа толькі невук і антыбеларус. Анатоля Сыса я адкрыў для сябе толькі пасьля пахаваньня Быкава. На пахаваньні я ўбачыў, што нейкі чалавек абсалютна ненармальна сябе паводзіць, а яго бароніць Някляеў. А я ж ведаю Валодзю Някляева, ня можа ён бараніць дрэннага чалавека. “Сыс, – кажа, – гэта сучасны Багдановіч”. А мне – сорамна, я яго зусім не чытаў! У мяне часта так бывае. Што я тады раблю? Я павінен прыбегчы дадому, знайсьці і прачытаць. На шчасьце, у мяне ўсё знайшлося, я знайшоў і прачытаў Сыса”.

Скобла: “Ці ведаеце вы генэалёгію свайго роду? Да якога калена вым вядомыя вашыя продкі па кудзелі і па мячы?”
А я ж заўсёды думаў, што паходжу “з рабочых і сялянаў”, і так прызнаваўся ва ўсіх анкетах”...

Шушкевіч: “Ведаеце, вельмі неглыбока. Па жаночай лініі мне вядомая прабабка маці. Што да мужчынскай лініі… Мне здаецца, я вам паказваў дакумэнт, які пацьвярджае, што я маю дачыненьне да шляхецкага роду: у 1897 годзе мой дзед з боку маці быў адноўлены ў шляхецкім званьні, і нядаўна гэты дакумэнт знайшоўся. Я хацеў бы з гэтым больш падрабязна разабрацца, але генэалёгіяй сур’ёзна займаецца мой стрыечны брат. І ён капануў даволі глыбока. У маім радаводзе прасьвяцілася шляхецкая лінія Доўнар-Запольскіх. З гэтага роду паходзіла мая бабка па лініі маці. А мая сялянская лінія – гэта Камейшы і Шушкевічы. Так мне патлумачылі людзі, якія шукалі шляхецкія званьні. А я ж заўсёды думаў, што паходжу “з рабочых і сялянаў”, і так прызнаваўся ва ўсіх анкетах”.

Скобла: “У свой час Уладзімер Караткевіч напісаў: “Хай лепш ніколі ня будзе краіны, чым будзе краіна бяз волі”. А як гэтыя два паняткі – свабода і краіна – разьмеркаваныя ў вашай сыстэме каштоўнасьцяў?”
Лукашэнка ня можа быць гарантам беларускай незалежнасьці, паколькі ён – антыбеларус па ўчынках...

Шушкевіч: “Я бязьмерна паважаю Караткевіча, ён вельмі многа напісаў выдатных твораў. Але ў ХХІ стагодзьдзі гэткая альтэрнатыва – дзяржава ці свабода – ня можа ўсур’ёз разглядацца. Толькі здраднікі робяць дзяржаву несвабоднай, яны фактычна здаюць гэтую дзяржаву. Давайце гаварыць пра сёньняшнюю Беларусь. Што сказаў нядаўна Пуцін у дачыненьні міждзяржаўнай інтэграцыі? За інтэграцыю трэба плаціць, і плаціць тым больш, чым большая будзе інтэграцыя. І чым больш Лукашэнка аддасьць нашай дзяржавы, нашай незалежнасьці Расеі, тым больш Расея за гэта заплаціць. Плаціць яна, дарэчы, вельмі танна. Гэта ўжо нават ня рынкавая гульня, гэта ні на што не падобны палітычны кірмаш. Я разумею, чаму Пуцін так гаворыць, ён жа – прафэсійны шпіён і ведае, колькі што каштуе. Але чаму тут у нас пэўныя апазыцыянэры кажуць, што Лукашэнка можа быць гарантам беларускай незалежнасьці? Лукашэнка ня можа быць гарантам беларускай незалежнасьці, паколькі ён – антыбеларус па ўчынках. Давайце згадаем рэфэрэндум па мове. Гэта быў дарадчы рэфэрэндум. 52% хворага грамадзтва, якое толькі што было пад саветамі, выказаліся “за”. І гэта мусіла азначаць, што беларуская мова павінна застацца адзінай дзяржаўнай. Але Лукашэнку трэба было прадэманстраваць вернападданьніцкую адданасьць Расеі, і ён яе прадэманстраваў. Увёў расейскую мову дэкрэтам, а пасьля гэтак званы рэфэрэндум зацьвердзіў гэтак званую канстытуцыю”.

Скобла: “У мінулай “Вольнай студыі” мы гаварылі пра беларускіх казакоў, якія прымаюць прысягу ў манархічным духу. Казацкі рух у нашай краіне падтрымліваецца дзяржавай. У сваю чаргу, кіраўнік краіны неаднойчы заяўляў, што наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе ягоны сын. Дык што нас чакае – манархія, перадача ўлады ад бацькі сыну?”
Бацьку я раю пачытаць Маркса-Энгельса, Леніна-Сталіна і ўспомніць, што такое кастрычніцкі пераварот, што было з манархамі ды з іхнымі дзецьмі ...

Шушкевіч: “Пра такую перадачу ўлады можа думаць чалавек, які мае прымітыўную палітычную і агульную адукацыю. Што, зрэшты, наша першая асоба неаднойчы пацьвердзіла, гаворачы пра “вершы Быкава” і “Скарыну ў Піцеры”. Пра сына-прэзыдэнта можа думаць толькі вялікі прымітыў, які начытаўся старых кніжак, напрыклад, Макіавэлі. Шкада мне гэтага дзіцяці, якому прыйдзецца нялёгка з-за такіх учынкаў бацькі. Бацьку я раю пачытаць Маркса-Энгельса, Леніна-Сталіна і ўспомніць, што такое кастрычніцкі пераварот, што было з манархамі ды з іхнымі дзецьмі... Барані Божа, каб я пра нейкую нацыянальнасьць выказаўся дрэнна. Але ёсьць пэўныя нацыянальныя рысы. Я вельмі люблю цыганскіх сьпевакоў, я адпачываю пад цыганскі хор – цудоўныя сьпевы. Але ёсьць яшчэ гэткія рысы, як уменьне красьці коней і забіваць людзкія галовы пустымі размовамі. І ў нашай сытуацыі гэты цыганскі талент – у наяўнасьці, а ён заўсёды спалучаецца з падманам”.

Скобла: “У кнізе “Зрабаваны народ” (інтэрвію беларускіх інтэлектуалаў польскім журналістам) Павал Якубовіч западозрыў вас у супрацоўніцтве з савецкім КДБ – у той час, калі вы працавалі ў закрытым радыёфізычным інстытуце. Якога кшталту кантакты былі ў вас са спэцслужбамі?”
Я не зьбіраюся даказваць, што я – не вярблюд. З кім я буду спрачацца? У мяне былі цудоўныя навуковыя кантакты з КДБ ...

Шушкевіч: “Я вам усё растлумачу. Упершыню я сутыкнуўся з Паўлам Якубовічам, калі ён меў калёнку ў “Народнай газэце” ў Іосіфа Сярэдзіча. Я прачытаў там камэнтар Якубовіча пра Франца Кафку і зразумеў, што аўтар Кафку не чытаў. А я, калі быў ў Ягелёнскім унівэрсытэце, паглядзеў у Кракаве вельмі добры спэктакль, які паставіў Анджэй Вайда па “Працэсе”. І неяк у размове зь Якубовічам я заўважыў, што трэба пісаць пра тое, што ведаеш і што чытаў. І мне здаецца, ён гэта запомніў і пакрыўдзіўся. Лезе ўсюды са сваёй люлькай і выкрывае. У тым інтэрвію ён яшчэ сказаў, што ня толькі я супрацоўнічаў з КДБ, але і што ўся мая сям’я – здраднікі. Што ж, у злодзея на галаве шапка гарыць... Я думаю, Якубовіч сам добра ведае, што такое КДБ, калі стаў журналістам такога ўзроўню. Я не зьбіраюся даказваць, што я – не вярблюд. З кім я буду спрачацца? У мяне былі цудоўныя навуковыя кантакты з КДБ, кантакты – як у навукоўца. І сёньня я магу назваць тэму сваёй кандыдацкай дысэртацыі, напісанай у 1961-м і абароненай у 1963 годзе, яна называлася “Фізычныя прынцыпы выяўленьня выведвальных прымачоў”. І я ганаруся, што распрацаваная мною сыстэма выпускалася ў Томску да канца 1990-х гадоў. Яшчэ ў 1997 годзе мяне запрашалі ў Томск, у тамтэйшы Інстытут сыстэмаў кіраваньня і радыёэлектронікі прачытаць лекцыі. Я быў шалёна зьдзіўлены тым, што яны выпускаюць мой прыбор, таму што ў сваёй доктарскай, абароненай у 1970-м, я прапанаваў больш эфэктыўны спосаб, у 20-30 разоў больш адчувальны прыбор”.

Скобла: “А які прыбор вы прыдумалі?”

Шушкевіч: “Спадарожнікаў тады не было, шукаць перадатчыкі-прымачы павінны былі наземнымі сыстэмамі, і мой прыбор мог знайсьці прымач нават у выключаным стане! Калі я прыехаў у Кіеў у справе падтрымкі маёй кандыдатуры на член-кара Акадэміі навук, то пачуў ад аднаго шаноўнага кадэміка: “Я вам напішу любы водгук, бо вы – вялікі “нягоднік”. Мы навукова пацьвердзілі, што выяўляць прымачы падобным чынам немагчыма, а вы гэта зрабілі”. Ведаеце, мне гэта прыемна ўспомніць. І, скажу шчыра, я той прыбор зрабіў для навукова-дасьледчай установы, якая фактычна была ўстановай КДБ”.

Скобла: “Пры вас з тэрыторыі Беларусі была вывезеная ядравая зброя. А калі б яна тут засталася – як бы да нас сёньня адносіліся ў сьвеце?”

Шушкевіч: “Цяжка нават уявіць магчымыя наступствы... Калі пачынаецца ваенны канфлікт, пляцдарм зь вялікай канцэнтрацыяй ядравай зброі зьнішчаецца ў першую чаргу. І беларускі народ быў бы зьнішчаны цалкам пры першым канфлікце. А з такім чалавекам, які сёньня стаіць на чале Беларусі, да любога канфлікту недалёка. Паглядзіце на сёньняшні Іран, успомніце Гітлера, які адчуваў ваенную сілу і лічыў, што нямецкая тэхніка найлепшая. Гэта вельмі небясьпечна – даваць у рукі такім палітыкам ракетную зброю. У Беларусі за савецкім часам базавалася 81 ядравая ракета, 9 – супэрракет па 550 кілятонаў, цяпер падобныя стаяць на ўзбраеньні – “Топалі”. Для параўнаньня – на Хірасіму былі скінутыя 20 кілятонаў… Ня трэба на гэтую тэму нават гаварыць! Сіла на сілу, вока за вока, зуб за зуб – такі парадак непрымальны для сучаснага сьвету. Мы ідзем у іншым напрамку, і Эўропа тут паказала цудоўны прыклад. Паглядзіце – нават вечныя ворагі Францыя і Нямеччына – знайшлі спосаб паразумецца”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG