Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пералаз» — кантрабанда украінскай культуры ў Беларусь


Галерэя «Ў»
Галерэя «Ў»

12 сьнежня ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» пачынаецца першы фэстываль актуальнага ўкраінскага мастацтва ў Беларусі «Пералаз». Гэтая імпрэза — своеасаблівы адказ фэстывалю «Беларуская вясна», які тры гады запар прадстаўляў беларускую неафіцыйную культуру ва Украіне.

Арганізатар фэстывалю — творчая ініцыятыва «Беларускі дэсант». Гэта, як яна сама сябе рэпрэзэнтуе, «супольнасьць неабыякавых да сьвежай і актуальнай беларускай культуры ўкраінскіх грамадзянаў, гатовых прасоўваць яе ва Украіне». А цяпер «Беларускі дэсант» прадстаўляе ўкраінскае мастацтва ў Беларусі. Чаму фэст мае такую інтрыгуючую назву «Пералаз», тлумачыць вядучы беларускі літаратар Андрэй Хадановіч, пастаянны ўдзельнік беларуска-ўкраінскіх імпрэзаў:

Андрэй Хадановіч
«Слова „Пералаз“ для нас крышачку экзатычнае, але абсалютна празрыстае. Гэта сродак пералезьці, пераадолець плот: дошка, якую можна выцягнуць пераадолець плот і засунуць на месца. Мы ўжо не ўпершыню карыстаемся, калі гаворка ідзе пра беларуска-ўкраінскія, беларуска-польскія суседзкія адносіны ў грамадзтве».

Фэстываль з аднаго боку прадстаўляе літаратараў і паэтаў, а з другога боку — кінэматаграфістаў: дакумэнталістаў і мультыплікатараў. Украінскія аніматары прывезьлі два дзясяткі дасьціпных і адначасова філязофскіх мультфільмаў, якія цікавыя як для дзяцей, так і для дарослых. А ўвечары ў суботу ўкраінскі паэт і перакладчык Сашко Ірванец разам з Уладзімірам Арловым сустрэнуцца зь беларускімі чытачамі. Распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

Уладзімер Арлоў
«Калі мы пазнаёміліся, я адкрыў для сябе чалавека, сьветапогляд якога вельмі блізкі да майго. Невыпадкова я пераклаў ягоны раман-антыўтопію „Рівнэ — Ровно“ на беларускую мову. Я зь вялікай прыемнасьцю правяду ягоную вечарыну ў нашай, можна сказаць, кнігарні „Ў“ у адказ на тое, што ён прывёў маю вечарыну ў Кіеве падчас фэсту „Беларуская вясна“ у кіеўскай кнігарні „Е“».

У нядзелю а 17:30 — кульмінацыйная кропка фэстывалю: міжнародны паэтычны слэм. Слэмеры Дмытро Лазуткін, Арцём Паляжака, Паўло Карабчук у складзе ўкраінскай паэтычнай зборнай дадуць бой беларускай камандзе. Вядучым слэму — слэм-майстрам будзе Андрэй Хадановіч:

«Вельмі сымпатычныя, дасьціпныя, тытулаваныя ўкраінскія паэты да нас прыедуць. І да сёньняшняга дня мы трымалі ў таямніцы склад беларускіх паэтаў. Магу эксклюзыўна для Радыё Свабода гэтую таямніцу адкрыць: у нядзелю, а 17:30 гонар Беларусі абараняюць Віктар Жыбуль, Віталь Рыжкоў, Сяржук Мядзьведзеў і Вера Бурлак. Заўзець я буду і за ўкраінцаў, і за беларусаў: за якасны культурны дыялёг, за дзейства, за шоў, якое з гэтых паэтычных спаборніцтваў атрымаецца».

Нагадаем, «Пералаз» гасцінна прымае ў сваю творчую прастору галерэя сучаснага мастацтва «Ў», якая знаходзіцца па ў Менску на праспэкце Незалежнасьці, 37а.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG