Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку у калёніі пакаралі карцэрам?


За што Андрэя Бандарэнку пасадзілі ў ізалятар Бабруйскай калёніі? Алена Дубская ўбачыць ў калёніі сына Арцёма. Вывучэньне абвінавачанымі справы “аб тэрарызьме” можа быць завершана праз тыдзень.

Андрэй Бандарэнка

Першамайскі суд Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі прадпрымальніка адправілі для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію.
Паводле зьвестак, якія атрымаў адвакат Зьміцер Лаеўскі, ягонага падабароннага Андрэя Бандарэнку ў Бабруйскай калёніі пакаралі карцэрам. За што? Вось што адвакат распавёў «Свабодзе»:

«Наколькі мне вядома, ён адмовіўся нейкія дакумэнты падпісаць і пасьля гэтага знаходзіўся пэўны час у «шызо» — турэмным карцэры».

Зьміцер Лаеўскі накіраваў запыт ў Бабруйскую калёнію пра тлумачэньні наконт пакараньня ягонага падабароннага — адказу яшчэ няма. Таксама адвакату стала вядома, што адміністрацыя калёніі адмовіла бацьку Бандарэнкі ў спатканьні з сынам.

15 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Бандарэнкі на прысуд Першамайскага суду. Адвакат Лаеўскі кажа, што на разгляд скаргі самога Бандарэнку з Бабруйску не прывязуць.

Мікалай Аўтуховіч


Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка таксама сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага.
«Працягваем знаёміцца са справай, больш нічога новага няма», — гэтак падсумаваў у тэлефоннай размове пры канцы тыдня Павал Сапелка, адвакат Мікалая Аўтуховіча. Я нагадаў адвакату пра тое, што 10 сьнежня у сьвеце адзначаўся Дзень правоў чалавека, прымеркаваны да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека. «Як на тле справы Аўтуховіча можна ацаніць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?» — спытаў я ў адваката. Павал Сапелка заявіў, што гэтая сытуацыя не стала лепшай за апошні год ні ў чым:

«На маю думку, калі кіравацца законам, Аўтуховіча даўно трэба было вызваліць. Мяркую, у такой сытуацыі могуць апынуцца шмат беларусаў, з тым жа вынікам»


Уладзімер Асіпенка


Адвакат Тамара Сідарэнка абараняе Уладзімра Асіпенку, які праходзіць па адной справе з Аўтуховічам. Вось што паведаміла адвакат пра тое, як ідзе азнаямленьне яе падабароннага з матэрыяламі, якія сабралі сьледчыя:

«Сядзім, чытаем. Яшчэ нічога не закончылі. Толькі палову прачыталі. Спадзяемся, што да канца наступнага тыдня ўсё дачытаем і будзем мець поўнае уяўленьне. Пакуль мой падабаронны, вывучаючы матэрыялы справы, плюецца, кажа: „Трызьненьне!“ «Яшчэ 8 тамоў нам трэба вывучыць, таму, пэўна, тыдзень спатрэбіцца. Умовы ў яго някепскія, з раніцы ён гуляе, таму мы пачынаем пазьней, каб яму прагулку не сапсаваць».

Усяго справа Аўтуховіча-Асіпенкі пра падрыхтоўку тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў і пашкоджаньне маёмасьці пэўным асобам утрымлівае 17 тамоў дакумэнтаў. Вінаватымі сябе Аўтуховіч і Асіпенка не прызнаюць.

Арцём Дубскі


Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Алена Дубская у панядзелак 14-га сьнежня, альбо празь дзень, паедзе ў Магілёўскую калёнію на спатканьне з сынам, актывістам «Маладога фронту» Арцёмам Дубскім. Жанчына жыве ў Асіповічах.

Алена Дубская кажа, што дакладны дзень спатканьня узгодніць з сынам на выходных, чакае ад Арцёма тэлефанаваньня.

У хуткае вызваленьне Арцёма ягоная маці ужо ня верыць, спадзяецца толькі на тое, што, магчыма, вызваляць хаця б крыху раней за год, прызначаны судом.

«Крайні тэрмін ў яго — 25 траўня. Але, магчыма, крыху раней вызваляць. Каб усё ж такі раней!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG