Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народную волю” праверылі — мінаў няма


У будынку, дзе знаходзіцца рэдакцыя незалежнай газэты “Народная воля”, шукаюць бомбу. Як распавяла карэспандэнтка газэты Марына Эйсмант, а 17-й гадзіне ахова паведаміла, што будынак замінаваны. Абнаўляецца.


“Прыйшоў наш ахоўнік і сказаў, што будынак замінаваны і просьба ўсім пакінуць памяшканьне, а кабінэты пакінуць адчыненыя. Мы ўсе сышлі. Усе пяць паверхаў, ня толькі наша рэдакцыя, а менавіта ўсе, хто знаходзіцца ў гэтым будынку. Апроч нас, там шмат розных фірмаў. Наш галоўны рэдактар мяркуе, што гэта зьвязана з двума тэкстамі, якія мы надрукавалі. Гэта інтэрвію зь Беспальчуком [былым рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту] і тэкст Ірыны Халіп — з “Новай газеты” мы перадрукавалі”.

Паводле галоўнага рэдактара «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча, вэрсіі можна будаваць розныя.

Іосіф Сярэдзіч
«Па-першае, зараз насамрэч многа людзей, хворых на галаву, мяркуючы па водгуках, якія ідуць на сайт. Сёньня аднаму такому хвораму мы далі адлуп. Я асабіста выступіў з рэдактарскім артыкулам пад загалоўкам „Клінічны выпадак“. Вось няхай спэцслужбы прапрацоўваюць і гэтую вэрсію таксама. Калі гэты хворы чалавек прачытаў у „Народнай волі“ гэты артыкул, то ня стаў працягваць дыскусію на сайце, а вырашыў нам аддзячыць такім чынам. Гэта адна з вэрсій. Іншых таксама дастаткова. Таму я ня буду адразу ківаць у бок уладаў. Спачатку трэба паглядзець, колькі хворых людзей у нас могуць займацца такімі рэчамі».

Таксама спадар Сярэдзіч не выключае, што гэты інцыдэнт можа мець сувязь з публікацыяй артыкула Ірыны Халіп «Вайна за спадчыну алігарха».

Спадар Сярэдзіч прыехаў да ачэпленага «замінаванага» будынка з-за гораду. Ён сказаў, што хвілін 50 таму быў у калідоры.

«Мяне адправілі і сказалі, што яшчэ на паўгадзіны. Але ж ужо прайшла гадзіна. Я ведаю, што зараз адпрацоўваюць менавіта нашы кабінэты — рэдакцыі „Народная воля“. Менавіта я сам праз вакно бачыў, што там „працуюць“ супрацоўнікі „Алмазу“. Іншыя службы працавалі на іншых паверхах. А ў нашым памяшканьні там над кожным сталом было па некалькі чалавек».

20:30 У “замінаваным” будынку, дзе месьціцца рэдакцыя “Народнай волі”, нічога не знайшлі, як і меркавалася. Ачапленьне зьнятае.

Пра гэта паведаміў “Свабодзе” начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі.

Сёньня а 16:37 невядомы патэлефанаваў з таксафону ў міліцыю і сказаў, што ў адным з офісаў будынка знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне зь цьвікамі і гайкамі і што а 19:00 адбудзецца выбух. Грамадзян эвакуавалі з будынка, і толькі пасьля 20-й гадзіны сапёры і супрацоўнікі міліцыі скончылі яго абсьледаваньне.

Паводле супрацоўніцы “Народнай волі” Марыны Коктыш, дзьверы ў кабінэце шэф-рэдактара Сьвятланы Калінкінай выламаныя, не працуе інтэрнэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG