Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сьпяшаюцца


Сёньня разглядаюцца ў другім чытаньні папраўкі ў выбарчае заканадаўства. Калі дэпутаты іх зацьвердзяць, мясцовыя выбары ў красавіку 2010 году пройдуць паводле новых правілаў

Улады паабяцалі, што мясцовыя выбары ў красавіку 2010 году пройдуць адпаведна з адкарэктаваным выбарчым заканадаўствам. А паводле закону, яго яшчэ сёлета трэба прыняць у Савеце Рэспублікі і падпісаць кіраўніку дзяржавы.

Два галоўныя патрабаваньні дэмакратычнай супольнасьці – абіраць палову дэпутацкага корпусу праз партыйныя сьпісы і зафіксаваць у законе магчымасьць назіральнікам бачыць падлік бюлетэняў – не знайшлі адлюстраваньня ў новым законе.

Таму прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці цьвердзяць, што папраўкі да Выбарчага кодэксу носяць касмэтычны характар і не закранаюць сутнасьці гэтага дакумэнту. Юрыст Уладзімэр Лабковіч адзначае:

“Улады, як і раней зьбіраюцца цалкам кантраляваць выбарчы працэс. І гэта яскрава паказвае, што жаданьня праводзіць справядлівыя, дэмакратычныя празрыстыя выбары ў іх няма”.

А вось Лідзія Ярмошына – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі ўпэўненая – зьмены палепшаць выбарчае заканадаўства. Яна спасылаецца на тры рэчы:

“Гэта ўзмацненьне грамадзкага кантролю. Другая пазыцыя – гэта аблягчэньне вылучэньня кандыдатаў ад палітычных партыяў. І трэцяя – гэта ўзмацненьне нагрузкі на ўсе выбарчыя камісіі, уключаючы Цэнтральную.

Аднак прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці з гэтым не пагаджаюцца. Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер адзначае:

“Сёньняшняя вэрсія закону фармальна не дазваляе праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў дварах дамоў. Яна дазваляе аднаму боку працэсу – і гэта самае дрэннае – дзейнай уладзе дыктаваць свае ўмовы. Але дзейная ўлада зьяўляецца толькі адным з бакоў выбарчага працэсу, якая хоча застацца пры ўладзе. А апазыцыя і іншы бок выбарчага працэсу хочуць прыйсьці да ўлады праз дэмакратычныя выбары. І гэты бок, які хоча застацца пры ўладзе, сам рыхтуе правілы гульні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG