Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік патрабуе зьмякчыць кантрактную сыстэму, Ярашук — адмяніць


Леанід Козік
Леанід Козік

Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе рэфармаваць кантрактную сыстэму. Пра гэта заявіў старшыня ФПБ Леанід Козік падчас адкрыцьця пленума савета ФПБ.

Паводле старшыні ФПБ, людзі, якія працуюць добрасумленна і не парушаюць парадку, павінны мець магчымасьць выбару паміж кантрактам і бестэрміновай працоўнай дамовай. Меркавалася, што такую магчымасьць атрымаюць грамадзяне, якія сумленна адпрацавалі 3-5 гадоў.

У некаторых выпадках работнік можа выбраць кантракт, калі наймальнік пойдзе, да прыкладу, на павелічэньне заробку.

Нагадаем, яшчэ на пачатку кастрычніка падчас сустрэчы зь Леанідам Козікам Аляксандар Лукашэнка падтрымаў гэтыя прапановы ФПБ па зьмякчэньні кантрактнай сыстэмы найманьня. Пра гэта нагадаў Леанід Козік. Аднак цягам ужо двух месяцаў урад ня ўносіць адпаведны праект закону. Паводле спадара Козіка, гэта кажа пра дрэнную працу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён паабяцаў, што ФПБ даб’ецца зьменаў.

ФПБ праводзіла маніторынг дзейнасьці кантрактнай сыстэмы. Спадар Козік прывёў прыклады, калі кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў карысталіся кантрактнай сыстэмай, каб зьвесьці рахункі з работнікамі альбо каб схаваць свае няўдачы і няўменьне кіраваць калектывам. Амаль усе беларусы працуюць па тэрміновых працоўных дамовах. Зь іх 35% заключана на тэрмін 3-5 гадоў, 31% — ад аднаго да трох і 30% — на 1 год.

Аляксандар Ярашук
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук адзначае, што спадар Козік хоча падзяліць сваіх працадаўцаў, з чыіх складак ён атрымлівае заробак, на добрых і кепскіх. Таксама палітычная ляяльнасьць застанецца асноўным крытэрам, паводле якога адміністрацыя будзе вызначаць добрасумленнасьць працаўніка.

«Размова ідзе пра спробу палепшыць заганную форму найму, не адмяняючы самога дэкрэту № 29, які і зрабіў магчымай гэтую сыстэму кантрактаў. Сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў — гэта сучаснае прыгоннае права. Гаворка можа стаяць толькі так: трэба адмяняць дэкрэт № 29, якому, дарэчы, ужо споўнілася больш за 10 гадоў.Толькі тады можна казаць пра тое, што беларускі працоўны можа сам абіраць для сябе форму працоўных адносінаў, як гэта ёсьць ва ўсім цывілізаваным сьвеце».

На думку Леаніда Козіка, лічыцца з пазыцыяй незалежнах прафсаюзаў няма неабходнасьці. "Мы прадстаўляем пераважную сілу, а не яны. Яны прадстаўляюць розныя дробныя палітычныя партыі," -- цытуе БелаПАН словы лідэра ФПБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG