Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Францыі разьвітваецца зь Беларусьсю


Мірэй Мюсо
Мірэй Мюсо

Сёньня амбасадарка Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо на разьвітальнай прэсавай канфэрэнцыі заклікала Беларусь хутчэй далучацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, разьвіваць дэмакратыю, гарантаваць агульнапрынятыя грамадзянскія правы і свабоды.


Мірэй Мюсо пакідае Менск праз 9 дзён зь перакананьнем, што беларусы — гэта эўрапейцы, і са спадзяваньнем, што Беларусь стане неад’емнай часткай заходняй цывілізацыі. Пра гэта яна хацела б сказаць на разьвітаньне і Аляксандру Лукашэнку, аднак пакуль што такая сустрэча не заплянаваная.

Паводле спадарыні Мюсо, збліжэньне Беларусі з Эўразьвязам залежыць ад унутранай палітыкі краіны, ад дыялёгу ўладаў з грамадзтвам, ад выкананьня абавязаньняў, узятых на сябе Беларусьсю у рамках АБСЭ.

“Пабудаваць будучыню можна толькі ў супрацоўніцтве са сваім народам”, — заявіла спадарыня Мюсо, адказваючы на пытаньне “Свабоды”, што б яна хацела перадаць Аляксандру Лукашэнку перад ад’ездам.
Пабудаваць будучыню можна толькі ў супрацоўніцтве са сваім народам...


Француская амбасадарка пазытыўна ацаніла новую палітыку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. Асаблівыя спадзяваньні яна ўсклала на ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства”, якую ўрад Францыі, паводле яе слоў, усяляк падтрымлівае.

Спадарыня Мюсо паведаміла, што на пачатку наступнага году ўрадавая дэлегацыя зь Беларусі на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам наведае зь візытам Францыю.

“Спадзяемся, што гэты візыт надасьць новы імпульс адносінам дзьвюх краін. Дэлегацыя будзе прынятая на высокім узроўні, у тым ліку галоўным дарадцам прэзыдэнта Францускай Рэспублікі, — зазначыла амбасадарка Францыі.

Паводле Мірэй Мюсо, Францыя імкнецца пашыраць сваю культурную і эканамічную прысутнасьць у Беларусі. На пачатку наступнага году будзе падпісанае міжурадавае пагадненьне паміж Беларусьсю і Францыяй аб супрацоўніцтве ў галінах культуры, адукацыі, навукі, тэхнікі і СМІ. Гэтае пагадненьне дазволіць адкрыць у Беларусі францускі культурны цэнтар.

У красавіку ў Беларусі пройдзе месячнік францускай мовы, а на наступную Менскую кніжную выставу Францыя запрошаная ў якасьці ганаровага госьця і зьбіраецца прадставіць там шырокую экспазыцыю. Сама амбасада падтрымлівае праграму імя Максіма Багдановіча, у рамках якой робяцца і выдаюцца пераклады з францускай мовы на беларускую, і вельмі актыўна арганізоўвае культурны абмен.

Эканамічнае супрацоўніцтва разьвіваецца марудней. Пасьля росту таваразвароту, які назіраўся летась, сёлета адзначаецца спад, зьвязаны сярод іншага і з глябальным крызісам. Тым ня меней францускія кампаніі зацікаўленыя ў беларускім рынку, зазначыла спадарыня Мюсо. Паводле яе слоў, цяпер рыхтуецца шэраг супольных праектаў з удзелам буйных францускіх фірмаў, аднак іх падрабязнасьці пакуль застаюцца невядомыя — камэрцыйная таямніца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG