Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякач зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь праз 2–3 дні


Актывіст БХД Алесь Галавань, які быў абвясьціў пра свой намер не вяртацца ў Беларусь пасьля ўдзелу ў сэмінары “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў” у Рызе, зьмяніў сваё рашэньне.

Старэйшы брат віцебскага актывіста распавёў, што ён зьвяртаўся ў латыскую паліцыю і амбасаду Беларусі ў Латвіі, даведаўшыся, што Алесь Галавань сышоў з гатэлю, пакінуўшы запіску пра свае намеры не вяртацца на радзіму. Спадара Дзьмітрыя занепакоіла, што Алесь знаходзіцца за мяжой бяз пашпарта: як высьветлілася, гэты дакумэнт нейкія невядомыя асобы прынесьлі ў беларускую амбасаду.

Пакуль невядома, якім чынам пашпарт Алеся Галаваня трапіў у чужыя рукі, але брат актывіста распавёў, што яму патэлефанавалі з амбасады ў Рызе і прапанавалі пагаварыць са сваяком. Алесь сказаў , што цягам двух-трох дзён ён вернецца дадому.

Паводле братавых слоў, учора ўвечары ён атрымаў ад Алеся СМС, адасланую праз інтэрнэт. Той напісаў, што ў яго ўсё добра.

Камэнтаваць учынак актывіста БХД ягоны брат адмаўляецца: ён кажа, што Алесь — імпульсіўны і эмацыйны чалавек, часам здатны на непрадказальныя дзеяньні. Ён пацьвердзіў, што цягам апошніх гадоў Алесь Галавань цярпеў за свае апазыцыйныя погляды: некалькі разоў быў затрыманы міліцыянтамі і нават асуджаны на 15 сутак. Аднак размоваў пра тое, каб яму зьехаць зь Беларусі, у сям’і не было.

Нагадаем, што пра намер Алеся Галаваня застацца за мяжой паведаміў ягоны віцебскі сябар, які таксама браў удзел у сэмінары “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў”. Ён распавёў, што Алесь пайшоў з рыскага гатэлю, спаслаўшыся на пільныя справы, і ў дамоўлены час не зьявіўся на прызначаную ў горадзе сустрэчу. Пазьней, кажа сябар, у ягоным нумары знайшлі запіску пра намер не вяртацца ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG