Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “Дзейнічае эскадрон страху”


У два апошнія дні невядомыя людзі ў цывільным схапілі і вывезьлі за горад лідэра “Эўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля і лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча.

Такія выпадкі былі і раней. Сёньня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў “Свабодзе” пра падобную гісторыю, якая здарылася зь ім. Гэта адбылося ў 2006-м годзе неўзабаве пасьля заканчэньня прэзыдэнцкай кампаніі, перад “Чарнобыльскім шляхам”:

“Мяне скралі ў гаражным каапэратыве. Адбылося гэта пры ўдзеле КДБ, цяпер у мяне ёсьць гэтаму дакумэнтальнае пацьверджаньне. Тады заблякавалі маю машыну, выцягнулі адтуль, надзелі на рукі кайданкі, нацягнулі на галаву куртку.

Спачатку вазілі па горадзе. Потым прывезьлі ў памяшканьне, дзе я знаходзіўся доўгі час з нацягнутай на галаву курткай і кайданкамі. Там мяне пратрымалі некалькі гадзін. Пасьля адвезьлі ў шпіталь, узялі кроў на нейкі аналіз. І толькі там я зразумеў, што выкраданьня ня будзе, бо ўбачыў твары людзей, якія мяне скрадалі, дый дактары мяне зафіксавалі.

Потым прыйшлі два чалавекі і спрабавалі ўчыніць допыт. Гэта цягнулася 6 гадзін. Пасьля людзі ў масках адвезьлі мяне за горад і сказалі, што я павінен зрабіць высновы з таго, што сёньня са мной адбылося”.

Анатоль Лябедзька кажа, што ён зьвяртаўся з запытам у КДБ:

“Не атрымаў адтуль абсалютна ніякага адказу. Гэта адкрыты бандытызм. Дзейнічае эскадрон страху. Напачатку гэта вельмі непрыемныя адчуваньні. Нават для мяне, чалавека, які ўжо шмат што пабачыў. Насамрэч напачатку мне здавалася, што са мною адбываецца нешта падобнае да таго, што адбылося з Захаранкам і Ганчаром.

Я думаю, што выкарыстаньне такой тэхналёгіі — гэта разьлік на тое, каб запалохаць маладых людзей, у якіх, можа, яшчэ і досьведу вялікага няма, а псыхіка на стадыі фармаваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG