Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – двубой Анатоля Лябедзькі і Віктара Карняенкі


7 сьнежня ў штаб кватэры БНФ адбываюцца дэбаты паміж старшынём АГП Анатолем Лябедзькам і намесьнікам старшыні руху “За свабоду” Віктарам Карняенкам.

Ініцыятарам дэбатаў стаў сайт “Мы”, які рэдагуюць журналісты Кірыла Пазьняк і Генадзь Шарыпкін. Спадар Пазьняк пра ідэю правядзеньня дэбатаў:

“Ідэя нарадзілася з даўгачаканьня, каб урэшце беларуская палітыка стала больш чаканай. Адбудуцца дэбаты, такі двубой паміж прадстаўніком Беларускага незалежніцкага блёку і Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі. Удзельнікі Віктар Каряенка і Анатоль Лябедзька. Размова пойдзе пра адносіны ў перадвыбарчы пэрыяд паміж кааліцыямі”.

Арганізатары дэбатаў не плянуюць адразу вызначаць пераможцаў, а зьбіраюцца выставіць матэрыялы дэбатаў на сайт, у тым ліку зрабіць відэарэпартаж, каб наведнікі самі маглі вызначыць, хто мацнейшы.

Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька з задавальненьнем прыняў прапанову сайта “Мы”:

“Калі ласка. Нам як раз не хапае прэзэнтацыі нашых праграм, а форма дэбатаў – вельмі добрая, бо яна жывая”.

Палітык не будзе рыхтаваць адмысловую праграму для дэбатаў. “Мой арыенцір – праграма АДС”, -- сказаў Анатоль Лябедзька.

Намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка заявіў, што не баіцца сустрэцца з такім вопытным прамоўцам, як Лябедзька:

“Мы выкажамся, журналісты хай ацэняць, крытыка вельмі патрэбная для палітыкаў, які прэтэндуюць на нейкія ролі. Не, нікога не баюся”.

Віктар Карняенка падкрэсьліў, што не ўпаўнаважаны выступаць ад імя Беларускага незалежніцкага блёку, але ягоныя асабістыя меркаваньні супадаюць з пазыцыяй гэтага палітычнага фармаваньня.

Паводле арганізатараў дэбатаў, двубой Лябедзька-Карняяенка – гэта толькі пачатак. У плянах рэгулярныя сустрэчы на ўмоўным дыскусійным рынгу і іншых палітыкаў, у тым ліку з дзяржаўнымі чыноўнікамі. “Калі тыя пагодзяцца”, -- удакладніў рэдактар сайту “Мы” Кірыла Пазьняк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG