Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За майстэрняй мастака Юрыя Мяккага назіраюць міліцыянты


Юры Мяккі
Юры Мяккі

Мастак і разьбяр па дрэве з Талачыншчыны адмаўляецца выканаць загад раённых уладаў — пакінуць будынак майстэрні, які пагражаюць зьнесьці.

Загад пра знос майстэрні ён лічыць помстай за свой грамадзкі пратэст супраць высечкі парку ў вёсцы Славені, дзе ён жыве і працуе.

Юры Мяккі паведаміў, што ў вокны майстэрні пэрыядычна зазіраюць міліцыянты, якія прыехалі з райцэнтру. Сёньня скончыўся тыдзень, дадзены яму супрацоўнікамі міліцыі на высяленьне з будынку, які належыць мясцовай школе.

Добраахвотна высяляцца мастак не зьбіраецца: кажа, што з майстэрні міліцыянты змогуць выдаліць яго толькі гвалтам.

Цяпер, апрача мастака, у майстэрні знаходзяцца яшчэ й вясковыя дзеці — ягоныя вучні. Юры Мяккі навучае іх жывапісу і разьбярству. Таму, на яго думку, зьнішчэньне гэтага будынка пазбавіць таленавітых дзяцей мажлівасьці далучацца да мастацтва.

Ні раённы аддзел культуры, ні Слаўненскі сельскі савет, куды ўваходзіць вёска Славені, не прапанавалі мастаку іншага памяшканьня ў якасьці альтэрнатывы. Дома працаваць ён ня мае мажлівасьці: жыве ў адзіным маленькім пакойчыку, дзе ледзьве зьмяшчаюцца ложак, шафа ды пісьмовы стол з кампутарам.

Юры Мяккі кажа, што цяганіна вакол будынка майстэрні, у вокнах якой ён быў выставіў плякаты супраць высечкі пладовых дрэваў і старых лістоўніц у цэнтры вёскі, нэрвуе яго і пазбаўляе мажлівасьці плённа працаваць. Між тым ён мусіць рыхтаваць мастацкія працы да рэспубліканскай выставы ў Менску, дзе будзе прадстаўляць родны Талачынскі раён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG