Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарога ў Раду Эўропы: па старых калдобінах


Жан-Люі Ляран
Жан-Люі Ляран

Сёньня ў Менску кіраўнік генэральнага дырэктарату Рады Эўропы па дэмакратыі і палітычных пытаньнях Жан-Люі Ляран сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзкіх аб’яднаньняў.

У сустрэчы бралі ўдзел старшыня БХК Алег Гулак, прадстаўнік Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Дабравольскі, прадстаўнік БАЖ Андрэй Аляксандраў і іншыя. Размова цягнулася каля паўтары гадзіны і была прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі. Паводле Алега Гулака, спадар Ляран узьняў праблему адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Падчас сустрэчы таксама адзначалася маруднасьць разьвіцьця дэмакратычнага працэсу напярэдадні будучых выбарчых кампаній.

Алег Гулак
“Абмяркоўвалася пытаньне, наколькі Беларусь у прынцыпе гатовая ўступаць у Раду Эўропы. З улікам таго, што часам перамовы выглядаюць гандлем, спадар Ляран падкрэсьліваў, што Рада Эўропы — гэта клюб дзяржаў, якія маюць свае каштоўнасьці і правілы гульні. І гэтыя правілы ня могуць мяняцца пад асобныя дзяржавы. З гэтага можна зрабіць выснову, што праблема сьмяротнага пакараньня будзе заставацца лякмусавай паперай. З таго, што гэтае пытаньне застаецца важным і спадар Ляран сам узьняў гэтае пытаньне, можна зрабіць выснову, што па гэтым Рада Эўропы будзе меркаваць пра магчымасьці больш цеснага супрацоўніцтва”.

Спадар Ляран адзначыў, што на Беларусі апошні раз быў зь візытам 13 гадоў таму. І зараз ёсьць спадзяваньне, што супрацоўніцтва будзе разьвівацца. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў распавёў пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі.

Андрэй Аляксандраў
“Мы, на жаль, ня можам адзначаць вялікіх пазытыўных зрухаў. І асабліва нашы перасьцярогі тычацца будучых выбарчых кампаній. Зразумела, што цяпер усе размовы вядуцца ў гэтым рэчышчы, бо гэта вельмі важныя палітычныя кампаніі. Праблема ня ў нейкіх працэдурных рэчах, якія спрабуюць згладзіць, прымаючы папраўкі ў Выбарчы кодэкс. А праблема ў агульнай сытуацыі ў краіне. Бо без гарантый дзейнасьці незалежных СМІ , без гарантый дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці, палітычных партый немагчыма казаць пра свабодныя выбары. Зразумела, што эўрапейскія структуры выдатна ўсё разумеюць і выказваюць занепакоенасьць паводзінамі беларускага боку”.

Жан-Люі Ляран сустракаецца таксама з прадстаўнікамі ўладаў. Пра зьмест гэтых перамоваў пакуль не паведамляецца. А на заканчэньне візыту спадар Ляран правядзе прэсавую канфэрэнцыю.

Нагадаем, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ў чэрвені прыняла рэзалюцыю, згодна зь якой беларускаму парлямэнту вернуць статус адмыслова запрошанага, але толькі пасьля таго, як Беларусь абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG