Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірэк Муртазін: цяпер любога можна асудзіць за крытыку ўлады


Асуджаны ўчора журналіст і палітоляг Ірэк Муртазін заявіў, што прысуд Кіраўскага раённага суду Казані па справе аб распальваньні сацыяльнай варожасьці можа стаць прэцэдэнтным. На яго думку, цяпер па ўсёй Расеі можна будзе заводзіць справы за крытыку ўлады.

Муртазін: “Я яшчэ ў сваім апошнім слове сказаў: "Паважаны суд, калі ў 30-х гадах у СССР пачаліся рэпрэсіі, яны пачаліся практычна адначасова па ўсёй краіне, і ўстанавіць імя аўтара першага прысуду тройкі практычна немагчыма. У гісторыю Расеі ўвойдзе чалавек, які прызнае ўладу сацыяльнай групы... Гэта будзе фэдэральны судзьдзя Качэмасаў Аляксей Мікалаевіч...” Бо рашэньне Кіраўскага раённага суду мае ўсе шанцы стаць прэцэдэнтнай справай, пасьля якой падобныя справы цалкам могуць пачаць заводзіць пачынаючы з пасёлкаў і раёнаў і канчаючы абласьцямі і рэспублікамі па ўсёй Расеі. Можа пайсьці вал такіх справаў, калі людзей будуць прыцягваць да адказнасьці за распальваньне сацыяльнай варожасьці, за любое слова крытыкі на адрас улады”.

Можа пайсьці вал такіх справаў, калі людзей будуць прыцягваць да адказнасьці за распальваньне сацыяльнай варожасьці, за любое слова крытыкі на адрас улады
26 лістапада суд Кіраўскага раёну Казані асудзіў Ірэка Муртазіна да 1 году і 9 месяцаў зьняволеньня паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага Кодэксу РФ.

У верасьні 2008 году Ірэк Муртазін разьмясьціў на сваім блогу ў інтэрнэце паведамленьне аб раптоўнай сьмерці Мінтымэра Шайміева, якое не адпавядала сапраўднасьці. У выніку супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 129 ч.2 УК РФ (паклёп...), а праз два месяцы да абвінавачаньня дадалі яшчэ два артыкулы Крымінальнага кодэксу – 137 ч.1 (парушэньне недатыкальнасьці прыватнага жыцьця) і 282 ч.2 (распальваньне нянавісьці або варожасьці...). Абвінавачаньне па двух апошніх артыкулах грунтавалася на факце публікацыі Ірэкам Муртазінам тры гады таму кнігі “Апошні прэзыдэнт Татарстану”.

Працэс па справе Муртазіна пачаўся 29 ліпеня сёлета. У жніўні на працэсе выступіў пацярпелы – прэзыдэнт Татарстану Мінтымэр Шайміеў. Ён папрасіў суд асудзіць Муртазіна “па ўсёй строгасьці закону” – на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

У канцы сьнежня 2008 году Ірэк Муртазін быў жорстка зьбіты бэйсбольнымі бітамі двума невядомымі на аўтамабільнай стаянцы. Ён атрымаў сатрасеньне мозгу і шматлікія пераломы. Пасьля нападу Муртазін назваў гэтае здарэньне папярэджаньнем улады.

Мінтымэр Шайміеў і Ірэк Муртазін ля будынка суду ў Казані


Ірэк Муртазін (1964 г.н) раней кіраваў прэс-службай прэзыдэнта Татарстану Мінтымэра Шайміева, быў старшынём Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Татарстан” і працаваў карэспандэнтам ВГТРК (канал “Расея”) у Беларусі. У апошні час працаваў экспэртам маскоўскага Інстытуту гуманітарна-палітычных дасьледваньняў.

З прысудам Ірэк Муртазін не згадзіўся, заявіў, што падае касацыйную скаргу і што гатовы шукаць справядлівасьці нават у Страсбурскім судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG